Бялуху па мянушцы Хвалдзімір знайшлі мёртвай у суботу ў Нарвегіі. Як загінула жывёла, якую, меркавана, Расія выкарыстоўвала для шпіянажу, пакуль невядома.
Пра смерць кіта паведаміла некамерцыйная арганізацыя, якая займалася яго абаронай, піша The New York Times.
Гэты кіт прыцягнуў увагу грамадскасці ў 2019 годзе. Ён заблытаўся ў рыбалоўных сетках у Нарвегіі, і калі рыбак яго вызваляў, заўважыў на ім шлейку, прызначаную, меркавана, для камеры. На рыштунку быў надпіс «Рыштунак Пецярбург 2019». Кіт камфортна адчуваў сябе ў асяроддзі людзей і імкнуўся да кантакту з імі, выглядаў прыручаным. Эксперты палічылі тады, што гэты кіт правёў у няволі большую частку свайго жыцця.
Заолагі выказалі здагадку, што бялуха праходзіла падрыхтоўку для шпіянажу на адной з расійскіх вайсковых баз і магла збегчы адтуль або быць выпушчанай на заданне, але па шляху страціць відэакамеру.
Раней расійскае дзяржТБ расказвала, што ў іх ёсць праграма навучання кітоў-бялух, цюленяў і дэльфінаў для выкарыстання ў вайсковых мэтах.
Імя Хвалдзімір кіту далі нарвежцы. Гэта спалучэнне слова hval (кіт) і імя Уладзімір.
Хвалдзіміру было каля 15 гадоў.
Каментары