Здарэнні

Перастрэлка на Якубоўскага, дзе загінулі айцішнік і кадэбіст: што вядома на ранак

Такога, каб супрацоўнік КДБ быў забіты падчас спецаперацыі, у Беларусі не было апошнія гадоў 10 як мінімум. Пра экстраардынарную падзею паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Прычым спачатку неафіцыйныя. Потым ужо стала вядома пра 31-гадовага айцішніка Андрэя Зельцэра і ягонага аднагодку, супрацоўніка КДБ Дзмітрыя з пазыўным «Нірвана». Што вядома пра сітуацыю на ранак? Сабралі ўсё ў адзін матэрыял.

Як развіваліся падзеі?

19:37. У тэлеграм-канале з’явілася першая публікацыя пра стральбу ў кватэры, падчас якой быў паранены супрацоўнік КДБ і забіты жыхар кватэры. Папярэдне паведамілі імя і прозвішча забітага мужчыны — Андрэй Зельцэр, 32 гады, працаваў у EPAM Systems.

20:00. Праўладны ТГ-канал паведамляе пра смяротнае раненне супрацоўніка КДБ і распачатую крымінальную справу па арт. 139 ч. 2 «Забойства асобы ў сувязі са здзяйсненнем службовай дзейнасці». Праўладныя каналы публікуюць змантаванае відэа з месца падзей. Прычым з некалькіх ракурсаў.

Таксама паводле неафіцыйнай інфармацыі, 28 верасня на нумар 102 прыходзіла паведамленне, што ў кватэру па адрасе Якубоўскага, 29 невядомыя ламаюць дзверы. А ў 13:40 паступіла паведамленне, што паранены супрацоўнік КДБ. То-бок здарэнне адбылося ўдзень, пра што паведамілі толькі амаль праз 6 гадзін.

21:07—23:30. Яшчэ да афіцыйных каментароў Cледчага камітэта пра здарэнне сталі выказвацца дэпутаты, праўладныя эксперты. Агульная рыторыка: «неверагодныя перайшлі чырвоныя лініі», «рэакцыя павінна быць жорсткай», «трэба ўзмацніць кантроль межаў», «рэжым мабілізацыі» і гэтак далей. Таксама дзяржаўныя органы пачалі публікаваць спачуванні сям'і загінулага супрацоўніка КДБ. Па інфармацыі Белта, да прыступак КДБ у Мінску сталі несці кветкі.

23:31. Следчы камітэт апублікаваў афіцыйную заяву. З яе стала вядома, што, паводле папярэдняй інфармацыі 28 верасня, супрацоўнікі КДБ праводзілі «спецыяльныя мерапрыемствы па адпрацоўцы адрасоў, па якіх маглі знаходзіцца асобы, што маглі мець дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Па інфармацыі СК, 31-гадовы жыхар Мінска пасля патрабаванняў адчыніць дзверы гэтага не зрабіў і заблакаваўся ў кватэры.

У Мінску мужчына з паляўнічай зброі застрэліў супрацоўніка КДБ, яго забілі ў адказ. Перастрэлка трапіла на ВІДЭА

«З мэтай далейшага так званага «хайпу» вёў відэаздымку», — гаворыцца ў паведамленні. СК тлумачыць: мужчына стаў страляць і параніў аднаго з супрацоўнікаў, у адказ сілавікі стрэлілі ў мінчаніна і забілі яго. Супрацоўніка КДБ адвезлі ў бальніцу, дзе ён памёр.

СК заявіў таксама, што жонку мінчаніна, якая таксама здымала ўсё на відэа, затрымалі. Яе падазраюць у саўдзеле ў забойстве.

Хто такі Андрэй Зельцэр?

Андрэю Зельцэру 31 год, ён скончыў Інстытут бізнэсу і права ў Мінску. Апошнія 6 гадоў працаваў у ЕРАМ, да гэтага быў адміністратарам амерыканскага VPN strongvpn.com.

Сам мужчына быў прапісаны ў Першамайскім раёне, але жыў у кватэры жонкі на Якубоўскага, 29. Гэта стары панэльны дом у мікрараёне «Захад».

Стала вядома, хто страляў у кадэбэшніка: 31-гадовы айцішнік Андрэй Зельцэр

Вядома, што Зельцэр заўмаўся трыятлонам і любіў фехтаванне. Ён меў два акаўнты ў інстаграме. У адным з іх прадстаўляўся фатографам.

Мужчына выкладваў фотаздымкі стрэльбы ў сацыяльных сетках. Не выключана, што ён страляў менавіта з яе.

Таксама 17 жніўня мінулага года Зельцэр размясціў у інстаграме допіс з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам і подпісам, што «трэба ісці да канца».

Пры гэтым, паводле інфармацыі «Еўрарадыё», ні з аб'яднаннем былых сілавікоў, ні з хакерамі, што публікавалі размовы сілавікоў, мужчына не быў звязаны.

Што вядома пра жонку і родных Зельцэра?

Жонцы Зельцэра 40 гадоў. Яна працуе прадавачкай. Менавіта яна была побач з мужам, калі той страляў. І здымала ўсё, што адбываецца, на відэа. Цяпер яна на Акрэсціна.

У пары ёсць сын. Яму 8 год. Падчас трагедыі хлопчык знаходзіўся ў школе, яго забрала бабуля.

Маці Андрэя працуе выхавацелькай у дзіцячым садку, бацька мае інваліднасць, раней працаваў юрыстам у таварыстве інвалідаў «БелТІ».

Як характарызуюць Зельцэра родныя і сябры?

«Андрэй вельмі добры чалавек, выдатны зяць, — кажа Наталля, цешча Андрэя Зельцэра. — Самы любімы чалавек. Спакойны, уважлівы, разважлівы, добры. Заўсёды дапамагае. Любая цешча марыла б пра такога зяця».

Скуль у яго ружжо, яна не ведае.

«Самы любімы чалавек, не веру, што ён тэрарыст». Што кажуць родзічы забітага Андрэя Зельцэра?

«Андрэй быў вельмі спакойны, заўсёды адгукаўся на просьбы людзей. Шчыра, я б сказала, што ён ніколі ў жыцці так не зрабіў бы, проста яго змусілі абставіны. Ён абараняў у першую чаргу сябе, у другую чаргу — сваю жонку. Ён заўсёды быў спакойным, заўсёды ўсміхаўся. Мы ніколі не заўважалі, што ён за штосьці перажывае ці ў яго нешта здарылася», — расказала «Радыё «Свабода» сяброўка мінчука.

Яна адзначыла, што не ведала, што ў яго была зброя, таму была шакіраваная, калі ўбачыла відэа.

Маці Андрэя не змагла нічога сказаць, яна ў шоку: «Нічога не магу сказаць пра сённяшнія падзеі. Мы не разумеем, што адбылося і адбываецца. Пакуль нас не чапайце».

Што вядома пра забітага супрацоўніка КДБ?

Доўгі час пра яго не было вядома нічога. Толькі а 12-й гадзіне вечара ў праўладных тэлеграм-каналах паведамілі, што яго звалі Дзмітрый, пазыўны — Нірвана. 1990 года нараджэння. У яго засталася жонка і 4-гадовая дачка.

Ні прозвішча, ні пасада мужчыны невядомыя.

Якія пытанні выклікае відэа?

Апублікаванае ў праўладных тэлеграм-каналах відэа пакідае шмат пытанняў — як тэхнічных, так і маральных.

Напрыклад, ці рэальнае гэта відэа? Хто страляў першым?

Чаму праграміст і яго жонка здымалі відэа таго, што адбываецца? Чаму сілавікі «адпрацоўвалі адрасы датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» без бронекамізэлек?

Чаму праграміст здымаў відэа, а сілавікі прыйшлі без бронекамізэлек? Важныя пытанні пасля страляніны на Якубоўскага

Каментары

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім36

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →