«Мінск нібыта стаў пустым». Як цяпер жывуць тусовачныя Зыбіцкая, Кастрычніцкая і Рэвалюцыйная
Не паспелі кавярні і рэстараны крыху стаць на ногі пасля кавіду, як час кідае новыя выклікі: павышэнне цэн на прадукты, складанасці з банкаўскімі транзакцыямі праз санкцыі і іншыя праблемы, якія ўзніклі з пачаткам вайны ва Украіне. Даведаліся, як цяпер жывуць тусовачныя мінскія вуліцы Зыбіцкая, Кастрычніцкая ды Рэвалюцыйная.
Рэвалюцыйная: «Вельмі шмат людзей нібыта знікла»
Адным з самых складаных перыядаў для клуба TNT за апошні час, як і для многіх, стаў пачатак эпідэміі каранавіруса: тады клуб увогуле зачыніўся.
«Пасля таго, як вырашылі адкрывацца наноў, было няпроста таксама. Мы моцна эканомілі на ўсім: працавалі скарочаным штатам і раскладам — супрацоўнікаў было на 50% менш, чым звычайна. Паціху ўсё выйшла амаль на дакавідны ўзровень: за той час, што мы не працавалі, людзі, відаць, моцна засумавалі па нас», — кажа прадстаўнік TNT Rock Club.
Суразмоўца спадзяецца, што самы складаны момант бягучага года для іх установы ўжо пройдзены:
«Я маю на ўвазе пачатак вайны: з ёй пачаўся адток наведвальнікаў — адразу на адсоткаў 70. Сярод нашых нязменных гасцей вельмі шмат людзей нібыта проста зніклі. Выкажу здагадку, што гэта звязана з тым, што многія проста ўключаюць рэжым эканоміі. Ну і вельмі шмат людзей з’ехала».
«Цяпло можа быць нашым выратаваннем»
Паціху з публікай рабілася то лепш, то горш, але ўсё адно ў параўнанні са спакойным перыядам цяпер да TNT даходзіць 70% ад былой колькасці наведвальнікаў.
«Што мы робім з гэтым? Як і ўсе, крыху вымушана паднялі цэны, але менавіта на тыя пазіцыі, на якія пастаўшчыкі іх паднялі. Нічога бяздумна не рабілася, бо мы і так маем праблему з гасцямі. Таксама запускаем у працу джазавыя вечары — вырашылі спрабаваць па аўторках. Дадаткова прапаноўваем 20% зніжку на ўсё меню ў гэты дзень. Магчыма, гэта дапаможа прыцягнуць людзей», — расказвае суразмоўца.
Ëн дадае, што ніякай стабільнасці, вядома, цяпер няма: новы тыдзень ад папярэдняга можа адрознівацца кардынальна. Планаваць, выстройваць працу так, як рабілася два гады таму, сёння немагчыма.
«Усе перажываюць за заўтра, за шчаслівае заўтра. Устаноў закрываецца вельмі шмат, пра нас такой гаворкі пакуль не ідзе. Чакаем вясну і сонца, таму што ўжо апошнія выхадныя паказалі сябе пазітыўнейшымі за мінулыя, бо акурат здарылася пацяпленне — і людзей адразу больш. Цяпло можа быць нашым дадатковым выратаваннем».
Кастрычніцкая: «Сфера грамадскага харчавання перажывае падобныя часы, як з пачаткам кавіду»
Даша, супрацоўніца адной з кавярань на Кастрычніцкай, занятая ў сферы грамадскага харчавання больш за пяць гадоў. Яна з жахам згадвае час пачатку кавіду, калі беларусы перасталі выходзіць з дамоў, не кажучы ўжо пра візіты ў кавярні. Але 2022 год прынёс новыя складанасці.
«Калі толькі пачалася вайна ва Украіне, людзі спачатку прыходзілі да нас, каб знайсці падтрымку адно ў адным, каб не заставацца ў адзіноце. А потым большая частка гасцей проста з’ехала, і ўся сфера грамадскага харчавання ў прынцыпе перажывае падобныя часы, як пры пачатку кавіду. Цэны выраслі, заробкі не растуць — у выніку нават у тых, хто застаўся, папросту губляецца магчымасць кудысьці хадзіць. Працэнтаў 35-40 гасцей мы згубілі толькі з лютага, пры тым што гэта было не паступова, а адным махам», — кажа дзяўчына.
Даша адзначае, што гэта цяжка даецца нават псіхалагічна:
«Ты прызвычаіўся бачыць шмат людзей, дзяцей, поўныя пасадкі, шум і смех. Глядзець на паўпустую залу — вельмі цяжка. І ты разумееш, што сам робіш усё магчымае, каб так не было, але ад цябе нічога не залежыць у гэтым выпадку. І вось ты назіраеш, нібыта Мінск стаў пустым».
Дастаўка, з якой яны таксама супрацоўнічаюць, цяпер таксама перажывае не найлепшыя часы: спачатку ўдарылі банкаўскія санкцыі, а потым таксама зменшылася колькасць замоў праз тое, што людзі пакінулі краіну.
«Мы стараемся моцна не падымаць цэны, каб частка гасцей усё ж магла да нас прыходзіць. Выкарыстоўваем маркетынгавыя хады, рэкламу, плюшкі для наведвальнікаў — усё, як і раней, але больш інтэнсіўна, чым звычайна.
Важна, што наша кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб захаваць супрацоўнікаў. Людзі на Кастрычніцкай працуюць не адзін і не тры гады — гэта стары касцяк, які побач амаль з пачатку адкрыцця вуліцы.
Усе любяць гэтае месца і нікуды не хочуць сыходзіць. Сёння паўсюль не самыя лепшыя часы, таму мы трымаемся адзін за аднаго і ў тым ліку ў імя захавання нашай любімай вуліцы нікуды не з’язджаем», — адзначае Дар’я.
Агулам супрацоўнікі непакояцца за саму вуліцу: многія кавярні ўжо перажылі хвалю рэпрэсій раней, пасля таго як зрабілі выхадны і выказалі салідарнасць з рабочымі ў дзень анансаванай агульнанацыянальнай забастоўкі 26 кастрычніка 2020 года. Тады санэпідэмслужба і іншыя інстанцыі завалілі кавярні праверкамі.
«Мы чакаем лета з вялікай надзеяй. Будзем глядзець, як будуць ісці справы. Але для поўнага шчасця таксама трэба, каб скончылася тое лайно, якое распачала Расія. І хочацца, каб змянілася кіраўніцтва ў нашай краіне: як толькі гэта зменіцца, вернуцца людзі, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі і сумуюць без яе. У той момант Мінск заквітнее новымі фарбамі і мы пачнём дыхаць свабодна», — рэзюмуе суразмоўца.
Зыбіцкая: «Людзям хочацца абстрагавацца ад навін, таму яны пакрысе вяртаюцца ў бары»
Уладзіслаў працуе ў сферы гасціннасці каля шасці год. Ëн таксама адзначае, што з пачаткам вайны колькасць кліентаў у барах на тусовачных Зыбіцкай і Інтэрнацыянальнай, у адным з якіх ён працуе, адчувальна зменшылася.
«З пачаткам, як гэта правільна казаць… «спецыяльнай аперацыі» з боку Расіі, справы сталі ісці нашмат горш. У людзей, відаць, не было папросту настрою і жадання. Многія маглі пачаць эканоміць. З’явілася апатыя і жалобны настрой паўсюдна. Але ў апошні тыдзень зноў назіраецца рост руху ў бары, павелічэнне продажаў», — каментуе Уладзь.
Бармэны ў добрай камунікацыі са сваімі кліентамі, асабліва — пастаяннымі. Але цяпер многіх з іх даўно ўжо не было бачна за стойкай.
«Не сакрэт, што вялікая колькасць наведвальнікаў бара — гэта айцішнікі, якія пасля сваёй манатоннай працы хочуць адцягнуцца. Многія, як я разумею, з’ехалі ў Турцыю, Грузію, Польшчу. Разам з кампаніямі і сем’ямі. А менавіта яны ў асноўным рабілі нам выручку. У выніку мы згубілі ў раёне 30% пастаянных кліентаў. Варта адзначыць, што адток наведвальнікаў пачаўся раней — з 2020 года. Ëн быў паступовы, і з лютага працэс паскорыўся», — тлумачыць суразмоўца.
Такая сітуацыя паўплывала і на заробкі супрацоўнікаў:
«Не буду раскрываць камерцыйныя таямніцы, але па заробках ударыла моцна, стала менш чаявых. Радуе, што калектыў у нас дружны, няма бягучкі кадраў: цяжкія часы мы перажываем разам, падтрымліваючы адзін аднаго».
Уладзь адзначае, што бармэнам стала цяжэй працаваць праз пануючы настрой людзей і малалюднасць. Да 22-23 гадзін у барах увогуле пуста: кліенты спачатку прыглядаюцца, дзе больш людзей, і прыходзяць туды, дзе будзе больш шумна і весела.
«Калі мы бачым, што гасцям сумна, стараемся гэта выпраўляць, задаём атмасферу, спрабуем неяк перайсці ў камунікацыі на больш цесны ўзровень. Працаваць стала цяжэй у гэтым плане. Варта таксама ўлічваць, што не ва ўсіх можа быць аднолькавая палітычная пазіцыя, і важна неяк старацца не выйсці на канфлікт на гэтай глебе.
Але, вядома, цяжка пражываць некалькі тыдняў (і больш) у траўрным стане. Людзям хочацца абстрагавацца ад навін, не думаць пра дрэннае, і яны самі спрабуюць неяк развесяліцца, хоць на хвіліну, таму паступова пачалі вяртацца ў бары. Бар з 24 лютага адмяняў усю рэкламу, спецпраграмы з дыджэямі. Але цяпер мы разумеем, што якраз і павінны дапамагчы людзям абстрагавацца ад усяго дрэннага», — дадае бармэн.
«Сітуацыю ўскладняе арэнда, якую, як правіла, прывязваюць да еўра»
Што тычыцца коштаў, суразмоўца адзначае, што пастаўшчыкі паднялі цэны на ягады і алкаголь амаль на 30%, і цяжка захаваць колішнюю маржынальнасць на пэўныя пазіцыі па старых цэнах.
«Пры гэтым бар амаль утрымаў многія кошты, павысіўшы нешта ўсяго на 5-10%, каб сумы не пужалі людзей (але гэта ўжо ідзе гаворка пра пазіцыі, якія моцна выраслі ў кошце). Напрыклад, дзе ёсць маліна, ром. Раней маліна каштавала 10 рублёў за кілаграм, а цяпер 30. А для напояў свежых ягад трэба шмат», — тлумачыць Уладзь.
Суразмоўца не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што бары закрываюцца: так было заўсёды, да крызісу ў тым ліку.
«Але сёння сітуацыю ўскладняе арэнда, якую, як правіла, прывязваюць да еўра. Месцы з вялікай тэрыторыяй, напрыклад, як Ayahuasca, што не так даўно зачыніліся, не вывозяць выплачваць арэнду. Могуць жа быць дні, калі ўвогуле ніхто не прыйдзе. Ці вось ёсць бары з акцэнтам на турыстаў, дзе кураць кальяны, грае арабская музыка, танчаць дзяўчаты — у іх таксама вялікія праблемы, бо з межамі праблема».
Кажучы пра будучыню, Уладзь робіць стаўку на ўласныя напоі ад кожнага бара:
«Нас можа чакаць бум бутлегерства — бары будуць гатаваць уласныя напоі — вермуты, джын і іншае. Палова закрыецца. Увогуле, Зыбіцкая ўжо даўно падзялілася на два лагеры — трэба падзяляць Зыбіцкую і Інтэрнацыяльную. У першым лагеры можа адбывацца бруд з больш п’янай колькасцю людзей, якія часцяком выпіваюць наўпрост на вуліцы, ладзяць дэбош. У другім — стараюцца прытрымлівацца культуры».
Уладзь марыць, што аднойчы крызіс ва ўсіх сферах скончыцца:
«Спадзяюся, мы прыйдзем да тых часоў, калі людзі змогуць не клапаціцца пра сваё заўтра. Адзіным пытаннем будзе: у які бар схадзіць з сябрамі на шот, дзе патанцаваць».
Мінскі дыджэй: «У кожнага трэцяга — чамаданны настрой»
Аляксей (імя змененае па просьбе суразмоўцы) амаль кожныя выхадныя выступае ў барах і клубах у якасці дыджэя. У даляравым эквіваленце пасля пачатку вайны ва Украіне яго заробак знізіўся.
«І калі ў мяне яшчэ ён не зусім значна знізіўся, то ад некаторых калег з dj-сферы я чуў, што іх падкасіла вельмі сур'ёзна».
Апошнія гады працы Аляксей апісвае наступным чынам:
«Да сакавіка 2020-га ўсе было досыць весела і людна. Вясной свае папраўкі ўнёс кавід, значна скараціўшы колькасць і якасць публікі ва ўстановах. Усё працягвалася да сярэдзіны лета. З сярэдзіны чэрвеня і да пачатку перадвыбарчых падзей у жніўні, здавалася, што ўсе зноў набірае абароты.
Але пасля ўсе мерапрыемствы праходзілі ў хваравітай атмасферы прыгнечанасці. Я думаю, што няма патрэбы тлумачыць прычыны, чаму так. Пад канец мінулага года на навагоднія святы людзі зноў пачалі збірацца. Агулам да сярэдзіны лютага 2022-га таксама ўсе было добра, на мой пагляд. А вось пасля 24-га колькасць наведвальнікаў значна зменшылася. Атмасфера набыла адценне разгубленасці».
Аляксей адзначае, што тэндэнцыя да закрыцця ў барах і клубах увесь гэты час захоўвалася. Але галоўны чынам закрываліся месцы без выразнай канцэпцыі і энергетыкі:
«Там, дзё ёсць добрыя арганізатары, там усё больш-менш. Для мяне гэта, напрыклад, імпрэзы Сашы Nerv Кузняцова, Арцёма Beverly Pills і тое, што адбываецца ў Dogma Club».
Пры гэтым дыджэй акцэнтуе ўвагу на тым, што амаль у кожнага трэцяга знаёмага — чамаданны настрой.
«Амаль усе мае блізкія сябры з'ехалі з Беларусі. Нехта мяняе сферу дзейнасці, вывучае нешта новае — замежныя мовы ці дысцыпліну ў IT».
Аляксей спадзяецца, што ў яго любімых месцаў атрымаецца сябе захаваць, калі толькі ім яшчэ не павысяць арэнду. Але развіцця сферы ў лепшы бок малады чалавек не назірае: цяпер ва ўсіх стаіць задача — выжыванне.
«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста
Чытайце яшчэ:
Каментары