Улады заявілі пра планы асфальтаваць усе дарогі ад аграгарадкоў да райцэнтраў
У Беларусі плануецца ў кароткія тэрміны замяніць жвіровае пакрыццё на цэментабетоннае і асфальт на дарогах, якія злучаюць райцэнтры з аграгарадкамі, паведаміў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак на адкрыцці пасля рэканструкцыі 15-кіламетровага ўчастка трасы М3 Мінск — Віцебск ад Лагойска да Плешчаніц.
Анатоль Сівак адзначыў, што рамонт і рэканструкцыя дарожнай інфраструктуры ў краіне працягнецца, у тым ліку ў невялікіх населеных пунктах. У 1,4 тыс. аграгарадках за кароткі прамежак часу павінны ўсе вуліцы прывесці ў парадак, а таксама Лукашэнка паставіў задачу:
«дарогі, якія знаходзяцца ў гравійным выкананні, ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў — а гэта 300 км — павінны быць з цвёрдым пакрыццём».
«Сёння пераходзім на іншы этап — пачынаем мяняць гравійнае пакрыццё на пакрыццё з бетону, асфальту. Гэтыя 300 км хацелі б зрабіць з бетону, але аб'ектыўна ёсць участкі, дзе не можам парушыць звыклы жыццёвы рытм. Там няма іншых пад'ездаў, а будаваць аб'езды вельмі дорага. Таму будзе і бетон, і асфальт. Гэтая праца ў наступным годзе пачнецца інтэнсіўна на гэтых 300 км», — расказаў Анатоль Сівак.
Каментары