Беларуская партыя «Зялёныя» праводзіць кампанію «Веласіпед у горадзе»
Кампанія скіравана на папулярызацыю веласіпеда як зручнага і экалагічна чыстага гарадскога транспарту, а таксама на пашырэнне колькасці веласіпедыстаў у беларускіх гарадах.Галоўная ж задача кампаніі — прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы развіцця веласіпеднай інфраструктуры, перш за ўсё да адсутнасці веласіпедных стаянак.
Паводле слоў старшыні партыі «Зялёныя» Алега Новікава, у межах кампаніі 7 жніўня ўжо прайшоў велапрабег у Жодзіна. Правядзенне велапрабегаў плануецца і ў іншых гарадах Беларусі. «Прадугледжана таксама арганізацыя канцэртаў і флешмобаў, якія прапагандуюць экалагічны транспарт, падача ў мясцовыя адміністрацыі петыцый з просьбай звярнуць увагу на праблему веласіпедных стаянак», — сказаў лідэр БПЗ.
Удзельнікі кампаніі падкрэсліваюць значнасць экалагічнага транспарту ва ўмовах кліматычных зменаў, непасрэдным наступствам якіх з’яўляецца цяперашняя спёка, адзначыў Новікаў.
«За 2008 год толькі на тэрыторыі Беларусі транспартнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюць нафтавае паліва, было выкінута ў паветра 1.200,6 тоны забрудняльных рэчываў. Гэтая лічба перавысіла ўзровень 2007 года на 77,3 тысячы тон, пры гэтым павелічэнне парка механічных транспартных сродкаў за гэты тэрмін склала толькі 4,1%. Такая тэндэнцыя насцярожвае многіх беларускіх грамадзян, якія ўсё больш упэўніваюцца ў зручнасці карыстання веласіпедам для мабільнага руху ў горадзе», — сказаў Алег Новікаў.
Каментары