Улада88

Незаменны сілавік Леанід Мальцаў. Рэпартаж з радзімы старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта

«Чулі, што Леанід Мальцаў стаў галоўным памежнікам?» — пытаемся ў стрыечнага брата ўплывовага генерал-палкоўніка. «Лёня? Ды не, ён жа сакратар у Радзе бяспекі», — не верыць той. «Ужо не сакратар. Цяпер памежнік… Я чытала», — перабівае яго жонка.

Заблытацца ў кіраўнічых пасадах 64-гадовага Леаніда Мальцава проста: міністр абароны — адстаўка — намеснік старшыні Рады бяспекі — зноў міністр абароны — старшыня Рады бяспекі — выканаўца абавязкаў старшыні КДБ — старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта…

Пустая радзіма

Адзін з нешматлікіх сілавікоў беларускага паходжання нара-дзіўся на Слонімшчыне, зусім блізка ад славутых Жыровічаў, «праваслаўнай Мекі Беларусі», як называюць мястэчка ў турыстычных даведніках.

Назву вёскі Вяценеўка, малой радзімы Мальцава, скланяюць на розны лад. У некаторых крыніцах яна называецца як «Віцінеўка», на непісьменным дарожным указальніку зафіксаваная «Вяценяўка», а ў расійскамоўным навігатары фігуруе вычурная «Веценювка».

Але ўжо праз некалькі гадоў моўнае пытанне можа знікнуць. Калі вымрэ і сама вёска… Цяпер у Вяценеўцы жывуць толькі ў трох хатах, хоць стагоддзе таму тут налічвалася ажно 330 чалавек!

750-старонкавы том слонімскай «Памяці» не пакідае сведчанняў ні пра аднаго «даваеннага» Мальцава ў тых краях. Затое ёсць дзясяткі людзей з прозвішчам Малец. Ці не змянілася прозвішча пад расійскую традыцыю, гадаюць у інтэрнэце? Разгадка аказваецца простай. Бацька міністра, Сямён Данілавіч Мальцаў, нарадзіўся ў Арлоўскай вобласці Расіі.

Знайсці кагосьці з Мальцавых у напаўвымерлай Вяценеўцы не ўдаецца. Тубыльцы раяць пашукаць сваякоў міністра ў суседніх Сучках і Пляшках. Савецкая кампанія па перайменаванні населеных пунктаў на больш мілагучныя адпаведнікі зрабіла іх Коласавым і Партызанаўкай.

50 гадоў у вайсковых ботах

У Партызанаўцы мы і знаёмімся з Васілём, стрыечным братам колішняга міністра абароны. «Мы ж з Леанід Сямёнавічам у адной хаце выраслі! — пачынае расповед ён. — У маёй сям’і сямёра чалавек, і іх тады было чацвёра».

«Я ўсё смяюся з яго: як у 14 гадоў у вайсковыя боты абуўся, дык дагэтуль у іх і ходзіш, — усміхаецца Васіль і пралічвае: — Гэта ж ужо 50 гадоў прайшло, як ён паступіў на службу».

У мінскую Сувораўскую вучэльню Леанід з’язджаў ужо з іншай вёскі, з Чамяроў. Цяпер гэта прыгарад Слоніма. Туды бацькі пераехалі, калі Леанід быў зусім малым.

Хата, у якой вырас будучы міністр абароны, стаіць дагэтуль. Цяпер яна пустая: брыгадзір Сямён Данілавіч памёр два гады таму. Ягоная жонка, паляводка Ганна, — значна раней.

Вайсковец-выдатнік

У Чамяры Леанід так і не вярнуўся. Пасля Мінска яго чакала Кіеўская вышэйшая ваенная агульнавайсковая камандная вучэльня, якую беларус скончыў з залатым медалём, служба ў Германіі і на Далёкім Усходзе з перапынкам на вучобу ў маскоўскай Ваеннай акадэміі імя Фрунзе. Яе Мальцаў таксама скончыў на выдатна, як пасля і Вайсковую акадэмію расійскага Генеральнага штаба.

Чаму пайшоў у вайскоўцы? Трэба было дапамагаць гадаваць меншых братоў і сясцёр, тлумачаць сваякі. Зрэшты, вайсковая будучыня чакала і братоў, і пляменнікаў Леаніда Мальцава.

Брат міністра Мікола, напрыклад, даслужыўся да звання падпалкоўніка. Ён прайшоў Афганістан, атрымаў два раненні. Цяпер на пенсіі. Пабудаваў катэдж побач з бацькоўскай хатай.

Другі брат, Уладзімір, быў чыноўнікам на Барысаўшчыне. Сёлета ён памёр, расказваюць сваякі.

«У нашай сям’і ўсе ваенныя, адзін я, як гаворыцца, калгаснік», — смяецца Васіль. Ён працуе трактарыстам у калгасе, выгадаваў дваіх дзяцей, а цяпер разам з жонкай сталі прыёмнымі бацькамі — у дагледжанай хаце бегае чацвёра малых.

Працоўныя поспехі

«Ён жа ведае 15 замежных моваў! Прайшоў і Амерыку, і Афганістан, і Кітай», — хваліцца стрыечным братам Васіль. Гучыць сумнеўна, аднак для беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў нават адна замежная — дасягненне.

А Мальцаў не абмінуў яшчэ і навуковую кар’еру. У канцы 1990-х ён стаў кандыдатам сацыялагічных навук з даследаваннем «Дзейнасць органаў вайсковага кіравання па падтрымцы і ўмацаванні вайсковай дысцыпліны».

А ў сярэдзіне 2000-х напісаў доктарскую работу па паліталогіі «Стратэгія вайсковага будаўніцтва ў Беларусі ў сучасных умовах». Дарэчы, абодва разы генерал-палкоўнік абараняўся ў Маскве.

Вянчае спіс ягоных заслуг гордае званне адзінага ў Беларусі кавалера ордэна Вайсковай Славы.

Наркотыкі ў келіху?

Аднак далёка не заўсёды кар’ера вайскоўца развівалася бясхмарна. Нядаўняя адстаўка мінскага губернатара Барыса Батуры ў жывым эфіры — дробязі ў параўнанні з тым, як з пасады міністра абароны выганялі Мальцава.

Аляксандру Лукашэнку падалося, што Мальцаў выступае перад студэнтамі-медыкамі нецвярозы. Кіраўнік дзяржавы абазваў міністра п’яным і звольніў яго. Што ж адбылося насамрэч?

«Яму нехта падсыпаў наркату ў шампанскае, — перакананы стрыечны брат. — І Лукашэнка зняў яго… Добра, што пасля разабраліся і ўгаварылі Леаніда Сямёнавіча вярнуцца». — «Можа, высветлілася, хто падсыпаў?» — «Ды не, засакрэцілі гэтую справу».

Закладнік становішча ў краіне

Былы дэпутат, вайсковец Валер Фралоў служыў разам з Мальцавым яшчэ на Далёкім Усходзе.

«Маё меркаванне пра яго тагачаснага — гэта вельмі адукаваны, разумны чалавек, які здольны прымаць важныя, стратэгічныя рашэнні. Што адбылося з ім пазней? Напэўна, змяніліся многія падыходы… Многія дасведчаныя кіраўнікі — не толькі Мальцаў — сталі паводзіць сябе нечакана.

Прыязджае Лукашэнка, яны пагаджаюцца: тут я не даглядзеў, тут я не разабраўся… Пасля ў іх пытаешся: як так? Яны сумна адказваюць: ну, вось не змог адказаць, не выйшла… — узгадвае генерал Фралоў. — Хоць разумелі, што ў інтарэсах справы павінны адстаяць сваё меркаванне. А яны гатовыя пагаджацца з чым заўгодна. Гэта і іх бяда, і Лукашэнкі».

«Праз такое «перараджэнне» вертыкалі ўлады змяніўся і Леанід Мальцаў, які калісьці быў мэтанакіраваным падрыхтаваным вайскоўцам, — мяркуе Фралоў. — Хоць як міністр абароны ён глядзеў наперад і спрабаваў прыўнесці многія новыя рэчы».

Часам Мальцаў бывае вельмі жорсткім, заўважаюць людзі, якія сутыкаліся з міністрам.

Не войска, а камерцыя

Сям’я ў Мальцавых невялікая — двое сыноў. Жонка Ніна атрымала медыцынскую адукацыю, а пасля ездзіла за мужам па ўсім свеце.

Аляксей і Дзмітрый не пайшлі шляхам бацькі. «Выбралі камерцыю», — кажа іх дзядзька.

Да выбараў 2006 Мальцавы дабудавалі двухпавярховы катэдж у Драздах побач з паплечнікам Лукашэнкі Уладзімірам Канаплёвым.

За пару гадоў да таго сям’і ўдалося прыватызаваць трох-пакаёўку ў «міністэрскім» доме ў наменклатурным раёне на вуліцы Азгура. Дарэчы, суседнюю кватэру ў гэтым доме займеў Віктар Шэйман.

***

Леанід Мальцаў

Нарадзіўся ў 1949 у вёсцы Вяценеўка Слонімскага раёна. Скончыў Мінскую сувораўскую вучэльню (1967), Кіеўскае вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню (1971), Вайсковую акадэмію імя Фрунзе (1979), Ваенную акадэмію Генеральнага штаба (1992).

Служыў у групе савецкіх войскаў у Германіі, у Далёкаўсходняй вайсковай акрузе. З 1992 — першы намеснік камандзіра 28-й арміяй. У 1994 — начальнік Галоўнага штаба Узброеных Сіл Беларусі. У 1995-1996 — міністр абароны Беларусі. У 1997-2000 — першы намеснік начальніка Штаба па каардынацыі вайсковага супрацоўніцтва СНД. У 2000-2001 — намеснік сакратара Рады бяспекі. У 2001-2009 — міністр абароны, у 2009-2013 — сакратар Рады бяспекі, цяпер старшыня Памежнага камітэта. У 2012 — в.а. старшыні КДБ.

Каментары8

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Галоўнае
Усе навіны →