Пяць адрозненняў беларускай чысціні ад еўрапейскай
Беларусы часта ганарацца чысцінёй. У той жа час пры шчырых размовах замежнікі кпяць з нашай «чысціні». «Наша Ніва» сабрала пяць прыкладаў, дзе «беларуская чысціня» не супадае з еўрапейскай.
Наперад заўважу, што слаба ведаю Еўропу паўднёвую, супастаўляю з «блізкай Еўропай» — Нямеччынай, Скандынавіяй, славянскімі краінамі.
Туалеты і лёс паперы
Для еўрапейцаў туалеты — гэта тэст на чысціню. Між тым у Беларусі нават у Доме ўрада ў грамадскай прыбіральні ўнітаз уяўляе сабой дзірку ў падлозе. Туалеты па еўрапейскіх стандартах вельмі нячыстыя ў нашых навучальных установах, дзяржаўных будынках, арміі. Дзяцей не вучаць правілам добрага тону пры карыстанні туалетамі.
І яшчэ такі нюанс. Беларусы міжволі захоўваюць інстынкты, вынесеныя з часоў, калі туалеты былі тыпу «сарцір». А яшчэ — з той пары, калі туалетная папера была дэфіцытам, а ў туалетах карысталіся газетамі. Газета, у адрозненне ад туалетнай паперы, забівала каналізацыю, таму яе не спускалі ва ўнітаз, а складалі ў сметніцы. Замежнікі часта ўражваюцца відовішчам вёдраў у нашых туалетах.
Сметніцы
Вываз і перапрацоўка смецця — асаблівасць развітых грамадстваў.
Не буду кранаць тэмы перапрацоўкі, але замежнікі звяртаюць увагу на сметніцы. У Нямеччыне яны абавязкова закрытыя. У нас у дварах — як правіла, адкрытыя. У выніку, каты, вароны і бамжы расцягваюць іх змесціва, яно валяецца сярод дарогі.
Сістэма размяшчэння смеццевых бакаў і доступу да іх —асаблівасць еўрапейскай чысціні.
Шкло ў пад’ездах
Еўрапейцам нашмат важнейшае тое, што ўнутры дома, кватэры, а не на вуліцы. У Беларусі часта бывае наадварот.
Звярніце ўвагу на вокны ў пад’ездах нават прэстыжных дамоў Беларусі. Зайдзіце, напрыклад, у славуты Дом на Нямізе. Вокны там гадамі, а то і дзесяцігоддзямі не мытыя, заляпаныя, у тым ліку фарбай. Шыбы ў вокнах напалову пабітыя, сцены пафарбаваныя абы-як. Такое немагчыма сабе ўявіць у аналагічным доме ў Бруселі, Любляне ці іншым вялікім горадзе «распуснай Еўропы».
Падлога ў пад’ездах у большасці дамоў мыецца толькі на паперы. Тады як у Варшаве нават у панэльных шматпавярховіках штодзень лесвіцы і падлогі мыюць з мыючым сродкам.
Соль
У Беларусі чысціня дасягаецца ростам колькасці прыбіральнікаў. У Еўропе часцей думаюць пра тое, як бы менш было чаго прыбіраць.
Замежнікі заўважаюць, што «чысціня» ў Беларусі характэрная для сухога, летняга сезону, хоць ён кароткі. У той жа час тэхналогіі падтрымання парадку зімой не ідэальныя. У адрозненне ад Хельсінкі ці Дрэздэна, у Мінску зімой табе не ўдасца прайсці з пункту А ў пункт Б, не замазаўшы ботаў.
Для пасыпання дарог і тратуараў у нас выкарыстоўваюць соль. Яна разам з брудам пакрывае чэпкім слоем усё вакол дарог, вуліц і нават тратуараў.
У еўрапейскіх краінах у тых жа мэтах выкарыстоўваюць гранітную крошку, а нашы саляныя дарогі выглядаюць вельмі неэстэтычна.
Лес і возера
У беларускіх лясах, палях і вадаёмах нярэдка сустрэнеш пластык, а то і цэлыя звалкі. У Нямеччыне ці Швецыі з такім ніколі не сутыкнешся.
Прыклады можна доўжыць. А вы пагаджаецеся з тым, што «беларуская чысціня» не роўная «чысціні еўрапейскай»? Пішыце ў каментах.
Каментары