У Віцебску памерла 58-гадовая жанчына з пнеўманіяй. Сваякі: У яе быў каранавірус. Мінздароўя: Covid-19 не было
18 сакавіка ў Віцебску памерла 58-гадовая Таццяна Хузеева. Жанчыну шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх.
Гэтую інфармацыю каналу «Harbatsevich» пацвердзілі віцебскія медыкі.
Сваякі кажуць, што Хузеевай зрабілі і тэст на каранавірус — ён быў станоўчы.
Але афіцыйнай прычынай смерці ў пасведчанні пазначаны не каранавірус.
«Таццяна нікуды не ездзіла, яна звычайная пенсіянерка. Была дома, хадзіла ў краму, усё як звычайна, — распавяла «Нашай Ніве» нявестка памерлай. — Некалькі дзён таму ёй стала кепска. Пару разоў выклікалі і доктара дадому, і хуткую дапамогу. Але толькі праз пяць ці шэсць дзён яе шпіталізавалі ўжо з пнеўманіяй», — распавяла суразмоўца.
— Пазней нам сказалі, што аналізы паказалі наяўнасць каранавіруса: ці яго выявілі пры паступленні Таццяны ў бальніцу, ці пасля ўскрыцця, дакладна я не ведаю».
Тэсты загадалі здаць і сваякам памерлай. Цяпер яны ў хатнім каранціне, чакаюць вынікаў. Кажуць, прыкметаў захворвання ў іх пакуль няма.
«У Таццяны былі і спадарожныя праблемы са здароўем: высокі ціск, цукроўка. Афіцыйнай прычынай смерці, канечне, напісалі не каранавірус. Але вось такі факт», — кажа нявестка.
Па непацверджанай інфармацыі, Хузеева яшчэ некалькі дзён хадзіла ў паліклініку на ўколы. Цяпер работнікаў паліклінікі і бальніцы, якія кантактавалі з ёй, таксама адправілі здаваць тэсты.
20 сакавіка жанчыну пахавалі.
Нявестка кажа, што Таццяну Хузееву хавалі ў закрытай труне, апрацаванай сродкамі дэзыінфекцыі. Пахаванне было закрытым, прысутнічалі толькі блізкія члены сям'і.
Падчас падрыхтоўкі публікацыі мы неаднаразова тэлефанавалі ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя, але ніхто не здымаў трубку.
Паводле афіцыйных звестак Мінздароўя, па стане на 18 сакавіка каранавірус у Беларусі быў выяўлены ў 69 чалавек, толькі ў 12 з іх назіраюцца клінічныя прыкметы інфекцыі, яшчэ ў 42 пацыентаў вірус пацверджаны тэстамі, але прыкметаў інфекцыі няма. 15 пацыентаў ужо выпісаны з выздараўленнем.
Дапоўнена:
«Дыягназаў у яе шмат, але гэтага [каранавіруса] няма», — адказала «Нашай Ніве» пасля публікацыі прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
Каментары