«Злачынны загад, не злачынны… Мы — людзі ваенныя». Закрыты выступ міністра абароны перад афіцэрамі
19 жніўня ў Цэнтральным доме афіцэраў адбылася сустрэча міністра абароны Віктара Хрэніна з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў Мінабароны, Генштаба і Узброеных сіл.
Міністр выступаў крыху больш за гадзіну, сэнс і нагода сустрэчы — інфармаванне кіруючых афіцэраў пра сітуацыю ў краіне. Прысутныя перадалі ў Рэдакцыю «Нашай Нівы» аўдыязапіс з сустрэчы.
Размова складалася з дзвюх умоўных частак: у першай Хрэнін пераказваў тэзісы выступлення Лукашэнкі перад парламентам і на мітынгу ў сваю падтрымку, а ў другой частцы гаварыў ад сябе.
Прыводзім вытрымкі ягоных словаў з «першай» часткі:
— Грамадзяне краіны большасцю галасоў падтрымалі Лукашэнку на выбарах, але цягам трох начэй, з 9 па 12 жніўня, прымаліся сілавыя спробы захопу ўлады, яны каардынаваліся з-за мяжы. Арганізаваныя групы, узброеныя нажамі, прутамі, кактэйлямі Молатава і феерверкамі ўступілі ў сілавое супрацьстаянне. Дэструктыўныя СМІ прадстаўлялі гэта як сілавы разгон мірных пратэстаў, дэманізуючы праваахоўнікаў.
— З 12 жніўня дэструктыўныя сілы прыйшлі да новай тактыкі: тыражаванне заяваў аб непрызнанні вынікаў выбараў, фарміраванне гэтак званых «ланцугоў салідарнасці» ўздоўж дарог, у асноўным з дзяўчат і жанчын, якія нібыта выступаюць супраць ужывання сілы да ўдзельнікаў пратэстаў, арганізацыю агульнарэспубліканскай забастоўкі на прадпрыемствах, заклікалі да перакрыцця вуліц, пачалі інфармацыйна-псіхалагічны ціск на работнікаў сілавых структур і членаў выбарчых камісій.
— Для фарміравання меркавання міжнароднай супольнасці аб фальсіфікацыі выбараў дэструктыўныя СМІ актыўна тыражуюць асобных, перадусім заходніх палітыкаў, сярод якіх традыцыйна прысутнічаюць прадстаўнікі ЗША, Польшчы, Літвы. Аналіз паказвае, што вынікі выбараў асвятляюцца ў негатыўным кантэксце.
— Нягледзячы на правакацыі ворагаў дзяржавы ўнутры рэспублікі, а таксама магутны знешні ўплыў, значныя слаі не толькі нашай краіны, а таксама насельніцтва Украіны, падтрымліваюць дзеянні прэзідэнта Беларусі: па выніках апытання ўкраінскага тэлеканала (неразборліва) у ютубе, сярод 455 тысяч падпісантаў падтрымалі Лукашэнку 91% удзельнікаў. Гэта кажа, што шараговыя жыхары, якія сутыкнуліся з вайной на Данбасе, разумеюць, да чаго могуць прывесці пратэсты.
— Адбываецца відавочнае скажэнне рэчаіснасці, апазіцыйныя СМІ штучна завышаюць колькасць удзельнікаў мітынгаў, але ўтойваецца, што гэта мізерны працэнт электарату ў населеных пунктах. У прыватнасці, апазіцыйныя СМІ заяўляюць, што нібыта ля Стэлы сабраліся каля 200 тысяч чалавек, а агулам па краіне каля паўмільёна. Давайце разбярэмся. Аналіз здымкаў ваенна-касмічных сіл Расіі паказвае, што ў самы пік збору агульная колькасць была не больш за 40 тысяч чалавек. Гэта не больш за 2% ад жыхароў сталіцы. І такая карціна па ўсіх гарадах.
— Удзельнікі шэсцяў — гэта актыўная абсалютная меншасць. Гэта тыя самыя 10-12%, якія прагаласавалі за Ціханоўскую.
— Праграма апазіцыі: да канца года выхад з СНД, ЕАЭС, саюзнай дзяржавы. Забарона вяшчання расійскага ТБ, замяшчэнне вяшчаннем Літвы, Латвіі, Украіны. Выхад з АДКБ. Аўтакефалія беларускай праваслаўнай царквы, перавод сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях на беларускую мову.
Пасля пераказвання тэзісаў дзяржаўнай прапаганды Хрэнін адышоў ад завучаных фраз і пачаў казаць ад свайго імя. Гэтая частка выглядае больш цікавай і насычанай развагамі, паказвае, да чаго рыхтуюць вайскоўцаў.
— Мы, ваенныя людзі, абавязаны правільна ацэньваць абстаноўку. Простай мовай тлумачыць падначаленым, што адбываецца ў рэспубліцы, сапраўдныя мэты кампаніі, якая разгарнулася супраць краіны.
Сёння важна не дапусціць нараджэння сумневаў. Вынікі гэтай работы трэба разглядаць як найважнейшы крытэрый ацэнкі прафесійнай кампетэнтнасці адказных асоб па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі.
— Вайна прыйшла да нас у дом. Уся краіна ў эпіцэнтры. Тыя, хто прыдумаў каляровыя рэвалюцыі, зрабілі высновы з Першай і з Другой сусветнай войнаў, што такімі масавымі арміямі не вельмі паспяхова атрымліваецца дасягаць мэтаў. Тады мэту хацелі дасягнуць магутнай арміяй, морам крыві — не дасягнулі. Наш народ выстаяў, мы святкуем 75-годдзе перамогі. Але тыя паліттэхнолагі, чорныя галовы, яны не адмовіліся ад мэтаў. Адразу пасля заканчэння вайны яны ўжо задумаліся, як знішчаць нас, але пакрысе, без крыві.
— Тыя санкцыі, якімі пагражаюць… Ды мы выжывем, вунь, паглядзіце, які ўраджай збіраюць нашы хлебаробы, гэта дазволіць нам не галадаць. Хлеб будзе, малако, мяса, не трэба нам загранічныя гэтыя ўсе прыбамбасы. Прадпрыемствы працуюць, тэхніку робім, усё, што неабходна для нармальнага жыцця.
— У нас у кожнага ёсць пратэстны патэнцыял. Стаіць канапа дома, праз два гады — ай, трэба пераставіць у іншы кут. Гэта пратэстны патэнцыял, паліттэхнолагі гэта разумеюць.
— Рыхтуюцца баевікі на тэрыторыі Украіны, ідзе збор грамадзян.
— Тыя людзі, якія сыходзяць ад нас, іх няшмат. Перафарбаваліся хутка, пачынаюць нас брудам паліваць. Тыя паліттэхнолагі, што пішуць тэксты Ціханоўскай, ставяць пытанне: армія, вы з народам ці будзеце вы страляць супраць народа? Нас заклікаюць, у тым ліку і Ціханоўская, якая кажа: не выконвайце злачынныя загады. Гэтая жанчына нас заклікае да здрады, парушэння закона — не выконваць загады. Злачынны ён, не злачынны… — мы людзі ваенныя. Дзяржаўная сістэма не разваленая, працуе, прэзідэнт выбраны.
— Пакуль войска не пяройдзе на бок пратэстоўцаў, дзяржаву разваліць немагчыма. Уся надзея на нас з вамі. Мы не дэмаралізаваныя.
Трэба змагацца, калі трэба — і са зброяй. За краіну, за сябе, за нашы сем'і, за тых настаўніц, якія напалоханыя і баяцца.
— Пагрозы пайшлі некаторым афіцэрам. Адбыўся выпадак у ваенна-паветраных сілах, забыўся прозвішча, ну, няважна. На зборах прыйшоў: «Не хачу служыць, звальняйце мяне». Пачаўся гэты вэрхал, як яго жонцы прыйшла СМС-ка на тэлефон (неразболіва). Ён прыйшоў і забраў рапарт. Я сказаў: такім афіцэрам выдаць пісталет. Я ніколі не думаў, што да такога дойдзе, што будзем хадзіць са зброяй у руках. І большасць людзей напалоханая, надзея толькі на нас — будзем абараняць.
— Я казаў камандзірам, я ацэньваю так: ёсць статуты, напісаныя крывёю. Ёсць там абавязкі часавога, сёння армія — гэта часавы. І вось там напісаны парадак прымянення зброі. Часавы пры з'яўленні парушальніка абавязаны падаць каманду: «Стой, хто ідзе?». Мы яе падалі, мы бачым, хто ідзе. У статуце далей напісана, што калі парушальнік і далей працягвае рух, часавы абавязаны даць каманду: «Стой, страляць буду!». Практычна мы ўжо падаем гэтую каманду, каб спыніць далейшы рух парушальніка. Але нават калі пасля гэтага парушальнік працягвае рух, часавы абавязаны зрабіць папярэджвальны стрэл уверх. Каб мы не зрабілі стрэл на паражэнне, але калі будзе працягваць далей, то мы яго зробім…
І ў выпадку выкання ўсіх каманд часавога, або калі яму пагражае небяспека, ён абавязаны выкарыстаць зброю на паражэнне.
Жудасна не хочацца гэтага рабіць, але гэта абавязак часавога, гэта абавязак нас з вамі — арміі. Можа, некаторыя гэтага хочуць, каб потым нас, мяне, абвінаваціць у генацыдзе супраць уласнага народа, таму што калі ўжываецца зброя, гінуць мірныя людзі.
Так, гэта ўсё зразумела, так, мы, магчыма, увойдзем у грамадзянскую вайну, цана чалавечага жыцця губляе цану з кожным днём. Гэта жудасна. Не выключана, што можа быць і ваенны канфлікт, на сёння гэта ўжо рэальнасць.
Наша задача — не дапусціць, задача не дапусціць стрэлу ўверх.
[Тым, хто сумняецца], лепш сысці цяпер, на камандзе «стой, страляць буду». А сыходзіць на фоне падачы наступных каманд — вось гэта будзе здрада, гэта самы страшны чалавечы парок. Калі ты глядзіш у вочы, верыш, а атрымліваеш удар у спіну.
Каментары