Перакладчыцу Вольгу Калацкую вінавацяць у хуліганстве і пераводзяць у жодзінскі СІЗА
Перакладчыцы Вользе Калацкай прад’явілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу, «Хуліганства».
Пра гэта паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Раней паведамлялася, што яе затрымалі ў межах справы паводле артыкулу 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».
Родныя мяркуюць, што Вольгу прыцягваюць да адказнасьці за падзеі, паказаныя ў матэрыяле супрацоўніка дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Рыгора Азаронка, у якім жанчыны падчас аднаго з маршаў гучна сварацца з прапагандыстам.
Перакладчыца Вольга Калацкая была затрыманая 15 студзеня ў сябе дома. Пра затрыманьне і «запрашэньне» на размову ў Фрунзэнскае РУУС яна сама пасьпела напісаць у фэйсбук. Падрабязнасьці Свабодзе расказала студэнтка Вольгі, якая прыходзіла да Калацкай дадому займацца ангельскай мовай. Усё адбывалася на вачах у дзяўчыны.
«Я нядаўна пачала займацца ў Вольгі, прыходзіла да яе дадому, — расказвае сьведка. — Гэта быў звычайны занятак, мы ўжо сканчалі амаль. І тут званок у дзьверы. Такі дастаткова агрэсіўны, як быццам нехта глухі. Вельмі гучна званілі. Я яшчэ падумала, што сама не адчыняла б дзьверы пасьля такога. У наш час у прынцыпе незнаёмым ня варта адчыняць. Але Вольга пайшла адчыняць. Дзьверы ў яе падвойныя, яна адчыніла першыя і спытала, хто там. Паглядзела ў вочка. І адчыніла другія. Зайшлі двое ў цывільным. Яны былі ў чорных масках, паказалі пасьведчаньне чырвонага колеру. Я пачула, як яны сказалі Вользе — вы такая і такая, апранайцеся, паедзем з намі на размову ў Фрунзэнскае РУУС».
Па словах студэнткі, для ўсіх прысутных гэта стала шокам, Вольга не была гатовая да такога. Яна спытала ў міліцыянтаў, з кім можна пакінуць хворую 89-гадовую маці, якая патрабуе догляду. На гэта праваахоўнікі адказалі, што маці можна пакінуць са студэнткай. А сама Вольга, маўляў, хутка вернецца дадому, бо ўся справа «зойме паўтары гадзінкі». Калацкая пасьля гэтага зайшла ў пакой да маці, сказала ёй, што хутка вернецца, і паехала зь міліцыянтамі. Дадому яе так і не адпусьцілі. Маці Вольгі зараз даглядаюць яе сябры. Пра затрыманьне дачкі яна ведае ад самой Вольгі, якая патэлефанавала дадому ўвечары 15 студзеня зь міліцэйскага пастарунку.
Каментары