Грамадства

«Схуднеў на 26 кілаграмаў». Дырэктар «Прэс-клуба» Альшэўскі даў першае інтэрв’ю пасля вызвалення

Сяргей Альшэўскі разам з калегамі па «Прэс-клубе» быў затрыманы 22 снежня 2020 года. У яго хаце прайшоў ператрус, а сам Сяргей стаў абвінавачаным ва ўхіленні ад сплаты падаткаў. Яму пагражала да 7 гадоў калоніі. Але цяпер Сяргей на волі — разам з іншымі прэсклубаўцамі ён падпісаў прашэнне аб памілаванні і быў вызвалены 19 жніўня. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра жыццё за кратамі, планы на будучыню і растлумачыў, чаму ён самы шчаслівы чалавек у свеце.

Фота Еўрарадыё

«Я самы шчаслівы чалавек ва ўсім свеце: у мяне вельмі крутыя блізкія і родныя, я імі вельмі ганаруся. Я ведаў, што яны найлепшыя, але цяпер ведаю, што яны найлепшыя ў свеце. Гэта і ёсць сапраўднае чалавечае шчасце.

Найперш па прыездзе дадому я пайшоў і накапаў кошык бульбы, а жонка пасмажыла. Сапраўдны беларус, чаго ён можа яшчэ жадаць?» — смяецца Сяргей.

9 месяцаў таму ў «Прэс-клуб» прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. 

«Я не думаў увогуле пра тое, што прыйдуць ці не прыйдуць. Проста працаваў, — кажа Альшэўскі. — 22 снежня 2020-га я быў у офісе. Да нас пагрукалі ў дзверы, мы адчынілі — і ўсё пачалося. Паказалі паперы, пачалі ператрус. Усё было больш-менш у межах.

Пасля — Акрэсціна, затым прад’явілі абвінавачванне і перавялі на Валадарку. Я, калі шчыра, не рыхтаваўся ўвогуле ні да чаго. Бо разумеў — ад мяне ў тых абставінах нічога не залежала. Таму проста расслабіўся і адчуваў сябе спакойна. 

Пасля ператрусу мяне павезлі ў ДФР, але там быў не тое каб допыт. Яны спрабавалі проста размаўляць са мной — і ўсё. Гаварылі пра рознае, але я больш казаў пра тое, што цікавіць мяне: праблемы адукацыі, напрыклад.

У мяне была дамова з адвакатам, але мне не далі магчымасці яго выклікаць. Упершыню з адвакатам я змог убачыцца толькі 24 снежня».

Сяргей кажа, што на Валадарцы ўмовы былі прымальныя.

«Я маральна рыхтаваўся да горшага. Бо ўражанні пра турму ў нас жа з кіно, з тэлевізійных перадач. І здаецца, што будзе вельмі страшна.

Але я там сустрэў больш добрых людзей, чым за свой час працы ў сістэме адукацыі. 

Цяжка сказаць, што я надта пакутаваў — я намагаўся атрымаць максімум з гэтай сітуацыі: чытаў кнігі, займаўся спортам, скінуў 26 кілаграмаў. Хоць прывёў сябе ў форму. Займаўся ў камеры, на шпацыры. У нас усё было па правілах: мы самі ўсёй камерай вырашалі: ідзём на шпацыр ці не, душ быў раз на тыдзень. Базавыя патрэбы былі ўсе закрытыя на сто: тут пытанняў у мяне няма. Таму для мяне гэта не было нейкім звышвыпрабаваннем. 

Але з лістамі былі праблемы. Напрыклад, сябар расказаў, што даслаў мне пяць лістоў — не прыйшло ніводнага. Ад родных даходзілі больш-менш нармальна», — кажа Сяргей.

У Альшэўскага дзве дачкі ад першага шлюбу — 14 і 16 гадоў. 

«Яны ведаюць, што тата моцны і справіцца з любымі выпрабаваннямі. Дасылалі мне лісты, пісалі, што ганарацца мною. Кажуць, было цяжка, калі трэба было параіцца са мною, пагутарыць — але мы з гэтым справіліся. Таму ўсё добра, — кажа Сяргей. — Але блізкім было цяжэй за ўсё. Яны згуртаваліся і сталі яшчэ мацнейшымі ў выніку. Было цяжка, але яны справіліся».

Нечакана для ўсіх Сяргея з калегамі адпусцілі: пасля таго як прэсклубаўцы кампенсавалі «шкоду» і падпісалі прашэнне аб памілаванні. У грамадстве дагэтуль ідзе дыскусія, ці трэба «палітычным» пагаджацца на такія ўмовы.

«Лепш за ўсё гэта пракаментавала Юлія Слуцкая, мне тут асабліва дадаць няма чаго, — кажа Сяргей. — Са свайго боку я рабіў усё, каб наша каманда хутчэй выйшла. І гэта агульнае рашэнне, якое мы разам прынялі. І гэта тое, што мы маглі зрабіць, каб выйсці хутчэй. 

Я глядзеў Юліі Слуцкай у вочы, мы размаўлялі. І прынялі такое рашэнне. Кожны сам прымае сваё рашэнне і нясе адказнасць за яго. Мне не сорамна, я лічу, што зрабіў усё тое, што мусіў зрабіць, каб застацца сабою.

Я выбраў, каб мы ўсе выйшлі як мага хутчэй. Бо мне было сорамна, што сядзяць дзяўчаты, наша моладзь. Лёгка абмяркоўваць гэтае пытанне, калі чалавеку няма чаго губляць. А калі ёсць — рашэнне прымаеш па-іншаму. І рашэнне кожнага — гэта асобная гісторыя».

Першыя хвіліны Сяргея на волі

Па выхадзе Сяргей адразу супакоіў маці па тэлефоне: «Яна хацела ехаць да мяне адразу, плакала… Я пытаўся: чаго плакаць, усё ж добра, супакойцеся! Але ўсе, хто тэлефанаваў мне, усе плакалі. Я не разумеў, што адбываецца — бо нічога кепскага ж не адбываецца, наадварот, усё добра. Так, скончыўся пэўны прамежак майго жыцця, але ж добра скончыўся. Усё будзе добра.

Я сам гляджу на сітуацыю так: з чалавекам адбываецца тое, што ён сам выбірае. Тое, што адбылося са мною — гэта мой лёс, мой шлях, я выбраў яго сам. І я не лічу сябе ў чымсьці вінаватым, гэта проста пэўны этап майго жыцця, праз які я мусіў прайсці. А шукаць вінаватых — гэта не пра мяне. Я з гэтай гісторыі вынес для сябе максімум дабрыні і карысці. 

Каб я проста ляжаў у камеры, можа, я б проста згубіў гэтыя месяцы. Але я прачытваў дзве-тры кнігі на тыдзень, прапрацоўваў праекты, займаўся спортам. У мяне нават не было часу сумаваць. Я выцягваў максімум. 

Гэта быў час, пасля якога я зразумеў, што я самы шчаслівы на свеце. Чалавека, шчаслівейшага за мяне, проста няма. Вось такія ў мяне адчуванні». 

Цяпер, кажа Сяргей, трэба трохі адпачыць, супакоіцца і думаць пра будучыню.

«Пакуль у мяне адны эмоцыі, а я не той чалавек, які дзейнічае на эмоцыях, я мушу мець план. Трэба прыйсці ў сябе і думаць над планам і займацца роднымі ды блізкімі.

Пра эміграцыю думкі таксама былі, але рашэння няма. Восем месяцаў мяне тут не было, таму трохі цяжка зразумець, што адбываецца. Але вось «камандзіроўка» скончылася, буду глядзець. Абдумваю розныя варыянты, вядома, тым больш, што XXI стагоддзе, фізічная прысутнасць чалавека ў тым ці іншым месцы ўжо не настолькі важная. 

Галоўнае пытанне — чым займацца далей. Ідэй хапае. У СІЗА я распрацоўваў шмат адукацыйных праектаў, чытаў шмат літаратуры, у тым ліку і педагагічнай. Нават вырашаў там тэсты цэнтралізаванага тэставання мінулых гадоў, каб не забыцца, як гэта цікава. Таму думкі пра адукацыю пакуль».

Каментары

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Усе навіны →
Усе навіны

Маск стварае свой уласны горад у Тэхасе1

«Цяпер страшна выйсці з дзецьмі з дому». У элітным ЖК пад Мінскам зграя бадзяжных сабак разарвала хатняга ката6

За «экстрэмізм» асудзілі хлопца, які некалі запускаў кампанію па віншаванні ветэранаў

У конкурсе на найлепшую паштовую марку трэці год запар перамагае работа, звязаная з сілавікамі2

Інстытут Мінэканомікі: Санкцыі прама закранаюць чвэрць эканомікі Беларусі1

Украінцы ўзялі ў палон беларуса з Касцюковічаў, які ваяваў за Расію13

Як рыхтавалася аперацыя па падрыве пэйджараў і рацый «Хезбалы»? Агенты «Масада» раскрылі падрабязнасці4

«Яндэкс Go» уводзіць падачу скаргаў на кошт таксі1

«Тры гадзіны адстаяла ў віртуальнай чарзе!» У продаж паступілі першыя квіткі на Viva Braslav — і ўжо скончыліся9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў

Галоўнае
Усе навіны →