«Лагічна было б пасля выбараў адмяніць цанавое рэгуляванне. Але гэта прывядзе да скачку цэн».
Эканаміст Сяргей Чалы заўважае, што розныя даследаванні даўно прадэманстравалі цыклічнасць росту заробкаў у Беларусі, звязаную як з прэзідэнцкімі, так і з парламенцкімі выбарамі. Не стаў выключэннем і 2024 год.
Як патлумачыў эканаміст у эфіры ютуб-праграмы «Обычное утро», акрамя гэтага фактару, рост заробкаў быў абумоўлены тым, што эканоміка краіны пераключылася на вытворчасць прадукцыі для ваенных мэтаў. Але ў наступным годзе рост рэальных заробкаў запаволіцца. На гэта будуць уплываць некалькі фактараў:
«Акрамя «рынкавага» складніку росту заработнай платы, быў і адміністрацыйны. Гэта павышэнне заробкаў бюджэтнікам, уключаючы пенсіянераў. І гэта было вельмі дакладна бачна. З іншага боку [стрымліваўся] рост цэн. (…)
Я думаю, што вялізную колькасць негатыўных наступстваў ад цанавога рэгулявання яны там (улады — НН) усведамляюць. І з-за гэтага даводзіцца займацца лухтой [кшталту] «а давайце мы будзем ліцэнзаваць вываз усяго, таму што ў нас дэфіцыт можа ўтварыцца».
Лагічна было б пасля выбараў адмяніць цанавое рэгуляванне. (…) Але гэта прывядзе да скачку цэн. Таму, хутчэй за ўсё, яны будуць цягнуць нейкі працяглы час. У любым выпадку спроба выбрацца з тупіку, у які яны сябе загналі, будзе».
Ці адключаць ютуб у Беларусі?
«У іх на інтэрнэт вельмі шмат завязана. Вы ж не можаце быць краінай, якая «стаяла ля вытокаў штучнага інтэлекту і тыктоку» — і ўзяць усё гэта і забараніць. А як ён будзе ў вас развівацца? Суверэнны нейкі тыкток і інтэрнэт?»,
— з гумарам адказаў Чалы на пытанне аб магчымасці забароны ютубу ў Беларусі.
Калі ж казаць сур'ёзна, то эканаміст не выключае такога сцэнарыю:
«Логіка сапраўды [ёсць]. Вецер дзьме ў гэты бок».
Каментары