Студэнтаў, якія вяртаюцца на канікулы з-за мяжы, апытваюць на граніцы сілавікі
У адным з закрытых чатаў з’явілася інфармацыя, што беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў замежных ВНУ, сілавікі спыняюць на мяжы і задаюць пытанні пра вучобу, піша Citydog.by.
Як паведаміла адна з крыніц, некаторых студэнтаў, якія вяртаюцца на зімовыя вакацыі ў Беларусь, сілавікі спыняюць на мяжы: у прыватнасці, цікавяцца, чаму яны паступілі ў замежныя ВНУ, правяраюць смартфоны. Інфармацыя пра допыты на мяжы з’явілася ў закрытым студэнцкім тэлеграм-чаце.
Журналісты паразмаўлялі з юрысткай Святланай Галаўнёвай пра тое, што рабіць, калі вы або вашыя знаёмыя трапіце ў такую сітуацыю.
— Пакуль складана казаць пра іх матывы і пра тое, да чаго гэта можа прывесці. Ёсць імавернасць, што пазней могуць увесці штрафы за тое, што людзі не паведамілі пра наяўнасць дазволу на жыхарства ў іншых краінах.
Каб максімальна засцерагчы сябе ад праблем, падчас такіх размоў я б рэкамендавала даваць мінімум інфармацыі.
Размова на мяжы адрозніваецца ад выкліку ў РУУС?
— Гэта яшчэ больш стрэсавы стан: чалавека затрымалі, адвялі ў асобнае памяшканне, а яго чакае поўны аўтобус. У такой сітуацыі я б рэкамендавала ўвогуле адмовіцца ад дачы паказанняў.
Можна сказаць, што вы зараз хвалюецеся, вас чакае аўтобус, і таму вы не гатовыя размаўляць. Вы можаце даць свой беларускі адрас і папрасіць выклікаць вас у іншы дзень.
Як адказваць на пытанні сілавікоў?
— У тым, што чалавек вучыцца, напрыклад, у Польшчы, пакуль няма нічога крымінальнага. Акрамя таго, тыя, хто выклікаюць на размову, ужо ведаюць, што студэнт вучыцца за мяжой. У гэтым выпадку можна сказаць, што вы выбралі польскую ВНУ, бо вам падабаецца спецыяльнасць.
Не варта нічога казаць пра палітычныя матывы або стыпендыі, якія выдзяляюцца на падтрымку рэпрэсаваных студэнтаў. Таксама не варта згадваць пра тое, што вы планавалі паступаць у Польшчу і для гэтага вучылі мову.
Прытрымлівайцеся праўды, але не давайце занадта шмат інфармацыі. Таксама не падпісвайце ніякіх папер, калі размова праходзіць не як афіцыйны допыт.
Што рабіць, калі мяне выклікалі на допыт ужо ў Беларусі?
— Калі допыт тычыцца непаўналетняга студэнта, я б рэкамендавала хадзіць на такія размовы толькі з бацькамі. Бацькам у сваю чаргу я б раіла даведацца, чаму сілавыя органы цікавяцца вучобай дзіцяці, і папрасіць выклікаць на допыт позвай.
Што тычыцца паўналетніх студэнтаў, варта памятаць, што ёсць розніца паміж выклікам на размову і допытам. Калі гэта размова, то чалавек ідзе па сваёй волі. Таму ён мае права спыніць размову ў любы момант.
Калі гэта выклік на допыт па позве, дзейнічаюць іншыя правілы — вы абавязаны з’явіцца. Але пры гэтым вы не абавязаны сведчыць супраць сябе і ўвогуле можаце адмовіцца адказваць на шэраг пытанняў.
Каментары