Яго былую спадарожніцу адправілі ў пару да намесніка прэм'ер-міністра.
У Палацы незалежнасці традыцыйна правялі Навагодні баль. Спадарожніцай Аляксандра Лукашэнкі, падобна, стала Ульяна Агароднікава, пяцікурсніца Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дзяўчына вучыцца на стаматолага.
У 2023-м Ульяна была пераможцай універсітэцкага конкурсу прыгажосці «Міс ВДМУ». Ёй жа дасталася званне «Міс шарм».
Сёлета дзяўчына атрымала таксама ўніверсітэцкую прэмію за высокія дасягненні ў вучэбнай, навуковай дзейнасці і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта.
З кім танцавалі іншыя чыноўнікі? Сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, напрыклад, кружыў з прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Уладзімір Пярцоў — са Святланай Канашэнка (асабістай доктаркай Лукашэнкі, якая носіць яго шпіца). А мытніца Уладлена Зайцава, з якой не раз Лукашэнка з'яўляўся на балі і іншых мерапрыемствах, стала ў пару да намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі.
Сенатару Дзмітрыю Баскаву ў спадарожніцы далі анэстэзіёлага-рэаніматолага Алену Казак — яна раней была ў кавуновым батальёне Лукашэнкі. Доктарку таксама заўважылі ў кампаніі Баскава, якая зразала бчб-стужкі ў 2020-м.
Каментары