Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ
Відэа са стылёвым пераўвасабленнем ужо набрала больш за 4 мільёны праглядаў і тысячы каментарыяў. Меркаванні падзяліліся.
Юлія Гараднічук працуе цырульніцай у сацыяльным пансіянаце «Сузор’е» для пажылых людзей і інвалідаў у пасёлку Дамачава Брэсцкага раёна, на самай мяжы з Польшчай. Яна адзначае, што большасць яе кліентаў з «асаблівасцямі» і цэняць у першую чаргу зручнасць, забываючы на тое, як важна падабацца сабе. Цырульніца вырашыла выправіць гэта і раскрыць прыгажосць сваіх кліентак.
У пачатку відэа бачна, што кліентка Святлана, галоўная зорка ў інстаграме цырульніцы, дайшла да крэсла з цяжкасцямі.
Юлія не абмежавалася валасамі, зрабіла сваёй мадэлі макіяж, пераапранула ў блузу ў белы гарошак і дадала трохі біжутэрыі. У новым вобразе, створаным пад галівудскія 60-я, Святлана літаральна расцвіла, а вочы заззялі бляскам, якога раней не было.
Праўда, не ўсім спадабалася гэта стылёвае пераўтварэнне ў крэсле цырульніцы. Дзяўчына мае андрагінныя рысы, а таму многія не адразу зразумелі, што перад імі дзяўчына, а не хлопец. Нехта нават зачапіўся за гэта і даводзіў, што ў крэсле трансгендар, пісаў недарэчныя і абразлівыя каментары ў бок Святланы. А цырульніцу абвінавачвалі ў тым, што яна быццам бы пафарбавала хлопца ў дзяўчыну.
Але куды больш было тых, каго новы вобраз Святланы прывёў у захапленне. Многія параўноўвалі яе з прынцэсай Дзіянай. Каментатары прадказвалі ёй кар’еру мадэлі, калі б жыццё дзяўчыны склалася інакш. У свеце моды такі тып андрагіннай знешнасці вельмі запатрабаваны.
Сёння цяжка сярод тысяч каментаў захаплення адшукаць абразлівыя, яны выдалены сістэмай або аўтаркай, але засталіся абурэнні іншых карыстальнікаў такімі злымі і брыдкімі словамі: «У шоку ад баб. «Этааа мужыыык???» З якога калгасу вы павылазілі?»
Святлана пасля напісала Юліі, што раней яна сапраўды хадзіла пацанёнкам: кепка, навушнікі і гэтак далей. І ніколі не ўспрымала сябе як дзяўчыну, не любіла сябе.
«Але пасля таго, што ты са мной зрабіла, усё змянілася. Я зразумела, што магу быць іншай і падабацца сабе, прытым шчыра!» — не хавала сваіх эмоцый кліентка.
Святлана зноў вярнулася ў крэсла Юліі. Гэтым разам цырульніца ўлічыла крытыку ад каментатараў, стварыўшы мілы паўсядзённы вобраз без яркіх вуснаў, блузы ў гарошак і кучараў.
Але яна не стала адзінай насельніцай пансіяната, для якой Юлія стварыла новы вобраз. У яе крэсле пераўвасабленне зведалі таксама старэйшыя Таццяны, памаладзеўшы адразу на дзясятак гадоў.
Новая стрыжка, якую зрабілі не на адчапіся, як часта бывае ў сацыяльных установах, трохі касметыкі, біжутэрыі і лёгкія блузы замест бясформенных світараў ператваралі мясцовых жанчын у сапраўдных лэдзі.
У каментарах пад гэтымі відэа людзі пішуць, што вельмі рады за жанчын, якія нарэшце знайшлі сябе, і плачуць пасля кожнага відэа ад Юліі, якая нясе прыгажосць і дабрыню ў інтэрнэце.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬМінчанка перавяла гадалцы-таролагу ў тыктоку больш за 70 тысяч рублёў за зняцце сурокаў і іншыя абрады
Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў вярнуўся ў Мінск раздражняць беларусаў: танчыць у вышыванцы, шукае жонку
Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы
Аднаго з пацярпелых арандатараў ГЦ «Беларусь» у Віцебску на гэтым тыдні кідалі на пару сутак у ізалятар
Каментары