Мутная дабрыня: задаём пытанні дабрачыннаму фонду «Рух душы», а нас палохаюць міліцыяй
Перыядычна кампаніі, СМІ і нават дзяржустановы атрымліваюць лісты ад фонду «Рух душы» з заклікам дапамагчы хворым дзецям. Як правіла, на іх рэагуюць стандартна: райвыканкамы і газеты публікуюць інфармацыю ад фонду на сваіх сайтах, кампаніі арганізуюць нейкі мінімальны збор грошай. Але ў некаторых дзейнасць фонду выклікае справядлівыя пытанні. Такія ж пытанні ўзніклі і ў «Нашай Нівы». Мы паспрабавалі знайсці адказы на іх — і ўражанне засталося неадназначнае. Перыядычна кампаніі, СМІ і нават дзяржустановы атрымліваюць лісты ад фонду «Рух душы» з заклікам дапамагчы хворым дзецям. Як правіла, на іх рэагуюць стандартна: райвыканкамы і газеты публікуюць інфармацыю ад фонду на сваіх сайтах, кампаніі арганізуюць нейкі мінімальны збор грошай. Але ў некаторых дзейнасць фонду выклікае справядлівыя пытанні. Такія ж пытанні ўзніклі і ў «Нашай Нівы». Мы паспрабавалі знайсці адказы на іх — і ўражанне засталося неадназначнае.
«Калі я дасягнуў пэўных мэтаў у сваім бізнэсе (гэта пракат аўтамабіляў), задумаўся пра дабрачыннасць. Меў зносіны з прадстаўнікамі падобных фондаў у Расіі і зрабіў выснову, што ў Беларусі мала спецыяльных арганізацый, якія дапамагаюць людзям, слаба развіта арганізаваная дабрачыннасць. Таму стварыў фонд «Рух душы». Потым ён атрымаў статус міжнароднага. У яго пакуль адзін філіял у Санкт-Пецярбургу, дзе жыве мая мама», — расказваў пра сябе дырэктар фонду Вячаслаў Лысенкоў.
Лысенкову 23 гады, тры з іх ён займаецца фондам. Спачатку ён быў мясцовым, але неўзабаве быў зарэгістраваны як міжнародны. Розніцы амаль няма (нюансы пры рэгістрацыі) акрамя аднаго моманту. Міжнародны фонд мусіць мець як мінімум адно прадстаўніцтва за мяжою.
Фонд збірае грошы праз свой сайт, сацыяльныя сеткі, прапануе разавыя плацяжы ці штомесячныя падпіскі. Таксама можна ахвяраваць некалькі рублёў, проста пазваніўшы са стацыянарнага ці мабільнага тэлефона.
У дадатак мінчукі нярэдка маглі бачыць валанцёраў фонду каля ЦУМа ці ў іншых месцах у раёне плошчы Якуба Коласа — яны збіраюць наяўныя проста ў скрыначкі.
Пра мерапрыемствы па зборы грошай фондам інфармацыі няма. Але ў райвыканкамы, газеты, фірмы прыходзяць лісты ад «Руху душы»: у іх звычайна партрэт хворага малога, апісанне яго бяды, рэквізіты для пералічэння грошай.
Райвыканкамы, як правіла, пасля проста выстаўляюць гэтыя лісты на сваіх сайтах. Раённая прэса звычайна робіць так жа, часам піша нататкі ці нават бярэ інтэрв’ю ў Вячаслава Лысенкова.
Але ж гэтая схема працуе не заўсёды. Журналістка вілейскага выдання «Шлях перамогі» напісала цэлы артыкул, прысвечаны фонду. Ёй дзейнаць Лысенкова падалася падазронай.
Пасля гэтага артыкула «Наша Ніва» вырашыла таксама пацікавіцца «Рухам душы» — і прыйшла да пэўных высноваў. Ці парушае фонд заканадаўства? Не. Ці ёсць пры гэтым да яго пытанні? Так. І шмат.
Дык а што не так?
У некаторых дзяцей інфармацыя пра хваробу ёсць, у некаторых — агульныя фразы
Па-першае, сайт фонду выглядае дзіўна. Неахайнае афармленне, арфаграфічныя памылкі, незразумелая навігацыя. Усё ж XXI стагоддзе, сайт — люстэрка любой кампаніі. Так, можна спісаць гэта на невялікую каманду ці эканомію на вэб-дызайнеры. Але пісаць нават імёны хворых дзяцей з памылкамі — неяк ужо занадта.
Таксама некаторыя спасылкі не працуюць, ці адкрываюцца цераз раз. Лагатыпы партнёраў не вядуць на іх сайты. Прычым, у партнёры запісаныя сур’ёзныя арганізацыі: А1, МТС, Белтэлекам, БПС-Сбербанк, БДМУ і нават Мінюст.
Па-другое, інфармацыйнае напаўненне сайта. Мы параўналі старонку «Рух душы» з фондам «Шанс», які працуе ўжо больш за дзясятак гадоў.
У «Шанса» публікуецца інфармацыя з дакладным дыягназам хворага дзіцяці, назва патрэбных яму медыкаментаў, сума, якую збірае фонд, які працэнт ад сумы сабраны. Пасля таго як набягае патрэбная сума, збор закрываецца.
У «Руху душы» нічога гэтага няма. У некаторых дзяцей інфармацыя пра хваробу ёсць, у некаторых — проста агульныя фразы.
«Для гэтага патрабуюцца шматлікія абследаванні, лячэнне, працэдуры»; «Для гэтага патрабуюцца шматлікія абследаванні, лячэнне, працэдуры, а таксама купля дарагога вазка»; «Яраславу тэрмінова патрэбен курс уколаў і лячэбных працэдур».
Якіх уколаў? Якіх працэдур? Колькі яны каштуюць? Колькі грошай патрэбна? А колькі сабралі? Падобныя пытанні ёсць амаль да кожнай старонкі сайта.
«Дарагія сябры, вось і скончыўся наш марафон дапамогі шматдзетным сем’ям», — піша фонд. Але не паведамляе, калі той марафон пачынаўся, колькі цягнуўся, што было зроблена, якой колькасці сем’яў і чым дапамаглі. Увогуле, гэта адбывалася ў гэтым годзе? У мінулым? Два гады таму? Невядома.
А побач з допісам — адно відэа з падзякамі ад безыменнай жанчыны. Хто яна? Чым ёй дапамаглі? Таямніца.
Праўда, калі тыцнуць на відэа і перайсці на Ютуб, можна ўсё ж убачыць, што яно было выкладзена роўна год таму, у верасні 2020. Дык вось калі скончыўся той марафон? Ці ён тады толькі пачаўся?
Тое ж тычыцца і дапамогі, якую «Рух душы» аказвае (аказваў?) пенсіянерам падчас пандэміі. Вось так выглядае старонка, прысвечаная гэтай дзейнасці.
Якой колькасці пенсіянераў дапамаглі? Колькі грошай патрацілі? Што канкрэтна ў прадуктовых наборах? Які іх кошт? Калі ўвогуле гэта ўсё адбывалася? Адказаў на гэтыя пытанні таксама няма.
Папярэджанне ад Мінюста і ні следу замежнага прадстаўніцтва
Увогуле, справаздачыцца «Рух душы» не вельмі любіць. Яны нават атрымалі пісьмовае папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Прычына — за тое, што не далі справаздачы ва ўстаноўленым парадку аб сваёй дзейнасці.
Цікава, што па законе фонды маюць права справаздачыцца па-рознаму: апублікаваць у СМІ або на сайце арганізацыі ці непасрэдна адправіць інфармацыю ў Мінюст.
«Рух душы» выбраў менавіта апошні варыянт. Мінюст сам публікуе такія дакументы, таму можна паглядзець колькі грошай і на што патраціў фонд у 2020 годзе.
Са справаздачы вынікае, што за мінулы год фонд сабраў 100 тысяч рублёў.
А вось патрачана было 38 тысяч. Акрамя таго, можна даведацца, што працуюць ва ўстанове ўсяго два чалавекі. Адзін зарабіў 1800 рублёў, другі — трохі больш за 3 тысячы. Пры гэтым 20,6 тысяч рублёў «Рух душы» выдаткаваў на свае матэрыяльна-тэхнічныя патрэбы. Магчыма, таксама дабрачыннасць — але ж ніхто гэтага не ведае.
На сайце фонду ўсё ж ёсць раздзел «Справаздачы». Там апублікаваныя фотаздымкі некалькіх квітанцый: адной за 2019 год, чатырох за 2020, трох — за май 2021. Усе яны на імёны бацькоў хворых дзяцей, чые звесткі размешчаныя на сайце. Сумы невялікія: ад 250 рублёў да 2500.
Знайсці ў сеціве нейкія сляды замежнага прадстаўніцва немагчыма. Па словах Лысенкова, філіял ёсць у Пецярбургу — але не знаходзіцца ані адрас гэтага філіяла, ані тэлефон, у філіяла няма старонак у сацыяльных сетках, адсутнічае хоць якая інфармацыя пра яго дзейнасць. Дзіўнавата для дабрачыннага фонду.
Калі пачынаеш гугліць назву фонду, у сеціве таксама з’яўляюцца старонкі саманазваных барацьбітоў з махлярамі і «жабракамі». Гэтыя «добразычліўцы» абвінавачваюць «Рух душы» ў махлярстве і прысваенні грошай — вось толькі самі не прыводзяць ніводнага доказа.
Акрамя таго, яны звычайна незразумела для чаго здымаюць на відэа валанцёраў фонду, якія збіраюць грошы на вуліцах. Адно з такіх відэа выглядала б шараговай няўдалай правакацыяй, каб на ім не з’явіўся сам дырэктар фонду Лысенкоў, які паводзіў сябе па-хамску.
І яшчэ адзін дзіўны момант. У адным з артыкулаў на сайце фонду згадваецца яго кіраўнік Рыгор Пятровіч Лысенкоў. Гэта бацька маладога дырэктара Вячаслава. Увосені 2020 года яго шукалі — паведамлялася, што ў канцы жніўня мужчына выйшаў з хаты і знік.
Эксперт: «Уражанне, што ў іх вельмі мала рэсурсаў, каб ажыццяўляць такую дзейнасць»
Мы праглядзелі сайт «Рух душы» разам з Наталляй Маханько, дырэктаркай фонду «Шанс».
«Бачу, у іх не дабрачынныя рахункі адкрытыя, а разліковыя. Ёсць нюанс — усе грошы з дабрачыннага рахунку ідуць на статутную дзейнасць, якую заяўляе фонд. І да іх больш пільная ўвага.
Разліковы рахунак дазваляе афармляць ахвяраванні і распараджацца імі па рашэнні кіраўніцтва ў адпаведнасці са Статутам фонду (напрыклад, працэнты па дэпазіце, гаспадарчая дзейнасць і інш.) не толькі як дабрачыннымі. Але тут залежыць ад кіраўніка арганізацыі.
Ну і па заканадаўстве, калі плацеж праходзіць канкрэтна на лячэнне канкрэтнага дзіцяці — адтуль нельга браць ані капейчыны. Калі гэта проста ахвяраванні на статутную дзейнасць, то закон не забараняе частку грошай ці нават усе выдаткоўваць на ўтрыманне фонду», — пракаментавала Маханько.
«Таксама мы, напрыклад, намагаемся заўсёды збіраць на канкрэтную дапамогу канкрэтную суму. Калі людзі месяцамі збіраюць на лячэнне, то гэта такое маральнае пытанне, якой і наколькі эфектыўнай будзе гэтая дапамога.
Акрамя таго наш фонд максімальна адыходзіць ад таго, каб перадаваць грошы бацькам — бо наша адказнасць, як іх выкарыстаюць. Бацькі, на жаль, не заўсёды іх выкарыстоўваюць менавіта на лячэнне дзіцяці», — кажа дырэктарка фонду.
Таксама Маханько адзначае: яе фонд не падтрымлівае зборы грошай на вуліцах, бо гэта наяўныя грошы і заўсёды спрэчнае пытанне, колькі ідзе пасля на рахунак.
«Часам бывае адразу бачна, што махлярская арганізацыя. Пра фонд «Рух душы» — тут я такога не бачу. Проста ўражанне, што ў іх вельмі мала рэсурсаў, каб ажыццяўляць такую дзейнасць», — падсумавала Наталля Маханько.
Валанцёр: грошай за працу не атрымліваю
Карацей, пытанняў да «Рух душы» набралося шмат. Таму «Наша Ніва» вырашыла задаць іх непасрэдна работнікам фонду і бацькам хворых дзяцей, чые партрэты вісяць на сайце.
Мы звязаліся з двума валанцёрамі. Абодва папалохалі карэспандэнта міліцыяй (?), але адзін усё ж адказаў на некалькі пытанняў. Па яго словах, ніякія грошы за сваю працу ён не атрымлівае.
Таксама ён паскардзіўся, што людзі, якія здымаюць валанцёраў на відэа і выкладваюць іх пасля на Ютуб, — проста правакатары. Гэта так званая Гуліко Махнадзэ (сапраўднае прозвішча — Новікава) і яе паплечнік Сяргей Лапарэвіч.
«Лапарэвіч падыходзіў, тыкаў камерай у твар са словамі «Вы махляр!». Нуль канструктыву. Лапарэвіч падыходзіў да дзяўчат, проста абражаючы іх, не рэагаваў на заўвагі, — сказаў хлопец. — Гэта чалавек, які займаецца проста правакацыямі на Ютубе. У яго адна задача — нагнаць шуміху, не больш за тое. Ён не падыходзіць з пытаннямі, не патрабуе дакументаў. У яго тэма адна — падысці і пачаць выбешваць».
Бацькі хворага дзіцяці: грошы пералічвалі
Таксама «Наша Ніва» звязалася з бацькамі чатырох дзяцей, інфармацыя пра якіх размешчаная на сайце «Рух душы». Двое не захацелі гаварыць, двое адгукнуліся.
Бацькі хворага на рак Косці Серыкава кажуць, што фонд сапраўды дапамог ім грашыма. Гэта было двойчы — увосені 2020 і ў канцы вясны 2021.
«Перадалі 2500 у першы раз і недзе столькі ж у другі раз», — кажа Ала, мама хлопца.
Ірына, мама Дзімы Галавіна, таксама пацвярджае: фонд дапамагаў. Таксама двойчы ёй перавялі грошы.
«Першы раз перавялі 500 рублёў, недзе летам, другі — 1900, бліжэй да зімы. Сказалі, яшчэ нам назбіраюць, бо мы збіраем на вазок, а ён дарагі, каштуе 3500 недзе. І трэба адмысловае сядзенне яшчэ, яно таксама каштуе тысячу ці паўтары. Фонд паабяцаў яшчэ нам дапамагчы», — кажа жанчына.
Дырэктар фонду: «Чакайце званка з міліцыі»
Звязаліся мы і з самім Вячаславам Лысенковым. Скончылася ўсё пагрозамі міліцыі.
Пазваніўшы па адным з нумароў, пазначаных на сайце, мы патрапілі на нейкую дзяўчыну. Пачуўшы, што турбуюць са СМІ, яна кінула слухаўку. Але затым перазваніў сам Лысенкоў.
«Пакажыце мне хоць адзін сайт дабрачыннага фонду, дзе ўказваецца, што выдаткуецца і куды. Вы некампетэнтны ў гэтым пытанні, гэта адразу бачна. Расказваю, каб вы былі праінфармаваныя: дабрачынныя фонды справаздачацца раз на год перад Мінюстам. Усё. Мы гэта выконваем. Усе арганізацыі — «Юніхелп», «Шанс» — паказваюць прыход грошай, расход ніводная арганізацыя не будзе паказваць.
Мы якраз адрозніваемся ад іншых. Паказваем копіі квітанцый, куды мы пераводзім грошы. І вы хочаце ўпікнуць, што мы непразрыста працуем?» — выказаўся Лысенкоў.
Чаму на сайце толькі некалькі квітанцый, ён патлумачыў так:
«Сайт у працэсе развіцця, усю інфармацыю мы не выкладваем, поўны аб’ём сайта набіраецца з гадамі. Іншыя фонды працуюць па 20 гадоў, мы існуем менш за 5 гадоў. Праз 20 гадоў, можа, у нас яшчэ лепш будзе сайт, чым у іх».
Прызнаў ён і памылкі на сайце:
«Мы ў курсе. Сайт перадалі ўжо рэдактару. Проста наш праграміст трохі непісьменны, зараз будзе ўсё рэдагавацца, можаце цягам месяца прасачыць — сайт абновіцца ў плане тэкстаў. Вы ж не першыя, хто нам пра гэта кажа».
Але чаму «Рух душы» ўсё ж не пазначае, якія сумы яны збіраюць канкрэтна? І на што?
«Бачна, што вы інфармацыяй не валодаеце. Усе фонды збіраюць на адзін разліковы рахунак. Я магу пісаць усё што заўгодна: магу збіраць дзецям, ці дзядзю Васю, дзядзю Пецю.
Грошы ідуць толькі на разліковы рахунак фонду, а ён іх размяркоўвае згодна са статутам, у якім напісаныя мэты і задачы. У нас мэты і задачы — дапамога цяжка хворым дзецям. У іншых фондах — тое ж самае.
Усё астатняе — для прыцягнення ўвагі. Я магу таксама пісаць, вось дзіця, тэрміновы збор, сума збораў, разумееце? Заклікаць. Але мы такога не робім, мы больш стрыманыя ў гэтым плане. Мы выбралі такі шлях. І мы не парушаем заканадаўства, інфармацыйныя законы і гэтак далей. Вы проста кепска праінфармаваныя, кепска пагружаныя ў гэтую тэму», — сказаў Лысенкоў.
Але чаму ўсё ж не напісаць падрабязней? Напрыклад, пра дапамогу падчас каранавіруса: колькі патрацілі, каму дапамаглі? Навошта гэтая неахайнасць?
«Чаму неахайнасць? Гэта ваша суб’ектыўнае меркаванне. Каб я быў чалавек непагружаны ці глупы, я б разумеў, як працуюць гэтыя пытанні і СМІ. Вы ж самі ўсё выдатна разумееце, як можна спекуляваць на любым сайце. Магу зайсці на любы сайт і стварыць 10 тысяч крытычных пытанняў.
У вас узнікла пытанне — можаце звярнуцца ў фонд, вам усё патлумачаць, пакажуць, прадаставяць дакументы. Мы ні ад каго не хаваемся, нічога не хаваем, у нас усё адкрыта.
Што тычыцца падрабязнасцяў, то людзі, якія хочуць ахвяраваць, яны ахвяруюць і не задаюць лішніх пытанняў. Бо разумеюць, што арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная, усё афіцыйна».
А што з філіялам за мяжой?
«Гэта можа ад вашай кепскай інфармаванасці ці што, але згодна з заканадаўствам мы нідзе не абавязаны інфармаваць, дзе ў нас філіял і гэтак далей.
Але я даваў інтэрв’ю мясцовай газеце, дзе казаў, што наш філіял у Пецярбургу. Але зноў жа — па законе я не мушу нічога казаць.
Наш фонд у міжнародны рэарганізаваны толькі сёлета. Я вам даў адказ? Філіял зарэгістраваны, але мы на стадыі стварэння базы: сайта, офісаў, штату супрацоўнікаў», — адказаў Лысенкоў.
Ён таксама пракаментаваў свой гадавы заробак дырэктара ў 3 тысячы і расказаў, чаму стварыў фонд:
«Гэта не асноўны мой занятак. У мяне камерцыйная арганізацыя, ёсць камерцыйна арганізацыя ў Санкт-Пецярбургу. Я бізнэсам займаюся з 18 гадоў. У мяне высокія афіцыйныя даходы. Фонд я стварыў, бо бачыў, што тут існуе дабрачыннасць, але яна неарганізаваная. І мне захацелася яе арганізаваць, займацца гэтым, мне гэта падабаецца. Займаўся гэтым сам, бо я не ўжываюся па характару, люблю прымаць рашэнні самастойна. І маю добрыя арганізатарскія здольнасці, мне падабаецца працэс, падабаецца кіраваць і дапамагаць людзям. Гэта мая натура такая».
Пра справаздачу за 2020 год Лысенкоў адказаў коратка: «Я не бухгалтар, справаздачу не падаваў. Мая задача — арганізатарская».
Пракаментаваў ён і тое відэа.
«Гэты Лапарэвіч, які выклаў відэа, цягам месяца чапляўся да нашых валанцэраў і супрацоўнікаў. Адзін з валанцёраў пісьменна адказаў яму на ўсе пытанні. Пасля Лапарэвіч пачаў яго правакаваць.
І тут у іх размову ўмяшаліся двое алкашоў, прабачце за выраз. Я іх сам не ведаю — проста п’яныя падышлі заступіцца за валанцёра. Пасля валанцёр пазваніў мне, я пад’ехаў і ўбачыў карціну: стаяць сварацца паміж сабой. Я падышоў, і гэты Лапарэвіч пачаў мяне абражаць канкрэтна мацюкамі. А пасля выклаў свой ролік, у якім абрэзаў гэта.
Я чалавек нестрыманы, буду дзейнічаць, калі мяне абражаюць. Гэта факт.
Пасля мы выйшлі з метро. Гэтыя хлопцы наязджалі на таго Лапарэвіча, я іх угаварыў сысці, пагутарыў з ім — і ён выбачыўся», — расказаў Лысенкоў.
Пасля, праўда, Лапарэвіч напісаў заяву на Лысенкова. Апошняга прызналі вінаватым у абразах і аштрафавалі.
«Я лічу, той Лапарэвіч — гэта марыянетка Кацярыны Новікавай (Гуліко Махнадзэ). Яе асноўная задача — дапякаць наш фонд, — сказаў Вячаслаў Лысенкоў. — Яна пісала на нас у ДФР, КДК, АБЭЗ.
Нас правяралі — парушэнняў не знайшлі. Каб хоць нешта было, то даўным даўно нас бы закрылі. Сёлета КДК правёў поўную праверку, забіраў усю дакументацыю, выклікаў усіх валанцёраў. Усё дэтальна правяралася. Парушэнняў не выявілі. І вас хочуць выкарыстаць, каб нас ачарніць».
Адказаў ён і пра бацьку — той сапраўды раней працаваў у фондзе, пасля знік, кажа Лысенкоў. Пакуль не знайшоўся.
Але ж у канцы Вячаслаў Лысенкоў вырашыў папалохаць міліцыяй:
«Ці карэктна сябе так паводзіць? Збіраць нейкую інфармацыю? Па-першае, вы дзейнічаеце незаконна. Я магу вашы звесткі зліць праваахоўным органам і напісаць заяву на вас. І будуць вас шукаць, разумееце ці не? За вашу дзейнасць — вы парушаеце закон аб СМІ.
На сайце не ўказана ўся поўная інфармацыя — вось і ўсё. Калі вам патрабуюцца дадатковыя справаздачы, то я ж вам тлумачыў: ёсць указ прэзідэнта, на падставе яго можаце звярнуцца, будзем прадастаўляць усю інфармацыю. І калі вам штосьці здаецца — гэта ваша меркаванне, разумееце? У кожнага сваё меркаванне.
Калі ў афіцыйным запыце вы будзеце задаваць мне такія ж пытанні, як зараз, то што адказваць? Вы задаеце дурныя пытанні, прабачце. Гэта проста падмена паняццяў: што ў «Шанса» штосьці ёсць, у нас чагосьці няма. Я магу пазваніць зараз праграмісту, ён накідае гэтых лічбаў — і ўсё. І вы будзеце сядзець і думаць, што так і ёсць. З чаго вы ўзялі, што так і ёсць, як вам паказваюць? Ёсць пэўная паслядоўнасць законная, усё, што фонды робяць на сайтах, — гэта проста для прасоўвання прадукта свайго, вось і ўсё».
Лысенкоў дадаў: «Калі будзеце распаўсюджваць гэтую інфармацыю, я папярэджваю адразу, каб вы былі ў курсе, я буду звяртацца канкрэтна на вас у праваахоўныя структуры. Ставіць пытанне пра законнасць вашых дзеянняў. Не буду цішком, адразу папярэджваю, я буду дзейнічаць. Бо гэтыя падвоеныя стандарты і ваша дзейнасць — дзіўная вельмі і незразумелая для мяне. І незаконная. Вось і ўсё.
Ваша арганізацыя закрытая, яна ў працэсе ліквідацыі. На падставе чаго вы дзейнічаеце? Ваша арганізацыя закрытая! Чакайце званка з міліцыі».
Каментары