Глядзіце прыгожую пясочную анімацыю пра беларускі шлях ‒ ад Купалы да нашых дзён
Беларускія творцы знайшлі незвычайны спосаб падвесці вынікі 2021 года ‒ яны стварылі пясочную анімацыю. Фільм «Шлях» з’явіўся на Youtube на Каляды.
«Звычайна ў гэты час прынята падводзіць выніку года і планаваць год наступны, але беларускія рэаліі не дазваляюць зрабіць гэтага прывычным чынам. Каб падкрэсліць гэты стан, было вырашана стварыць менавіта пясочную анімацыю з аўтарскай музыкай і паэзіяй», ‒ паведамляюць стваральнікі анімацыі.
Верш Янкі Купалы «Нашай ніве» прачытаў купалавец Раман Падаляка. Алесь Плотка напісаў і прачытаў свой верш.
Таксама над фільмам працавалі Вольга Сафронава (мастак пясочнай анімацыі) і Ліза Чаканава (мантаж), Аляксандр Ясінскі (кампазітар і выканаўца) і Яна Шчарбакова (выканаўца).
Творчая група сабралася пад адзін праект і не мае планаў ставіць супрацу на паток.
«Наш новы кароткi фiльм мы прысвячаем усім беларусам, што змагалася і працягваюць змагацца. Я ведаю, што гэты «шлях» мы стварылі самi. I цяпер мы павінны яго прайсці. Будзе лепш, калi мы пройдзем яго не паасобку, а разам», ‒ сказала аўтар анімацыі Вольга Сафронава.
Каментары