Дырэктарку арганізацыі «Геном» Дар’ю Царык арыштавалі на 8 сутак. Ператрусы прайшлі і ў яе калег
30-гадовую Дар’ю Царык затрымалі раніцай 13 студзеня ў Мінску. Акрамя таго, сёння сілавікі правялі чатыры ператрусы ў прадстаўніц праўлення арганізацыі «Радзіслава» і іх сваякоў. Пра гэта паведаміла ў сваім фэйсбуку феміністка Вольга Ланеўская.
Супрацоўнікі ГУБАЗІКу правялі ў кватэры Царык ператрус, а потым павезлі на допыт. Ужо ў Першамайскім РУУС на дзяўчыну склалі пратакол па адміністрацыйнай справе.
Суд над актывісткай адбыўся ў гэты ж дзень. Вынік — 8 сутак адміністрацыйнага арышту, артыкул пакуль невядомы.
Дар’я Царык з’яўляецца дырэктаркай «Генома» (арганізацыя, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейра-цяглічнымі захворваннямі), а таксама сяброўкай праўлення арганізацыі «Радзіслава» (дапамагае жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту).
Таксама Ланеўская напісала ў пасце, што актывістцы і менеджарцы «Радзіславы» Вользе Гарбуновай працягнулі арышт.
Вольга Гарбунова — актывістка ў сферы гендэрнага раўнапраўя, раней кіравала «Радзіславай».
Вольгу затрымалі 9 лістапада. На гэты момант ёй выстаўленае абвінавачванне паводле двух артыкулаў: ч. 1, 2 і 3 арт. 293 КК аб масавых беспарадках і ч. 1 і 2 арт. 342 КК аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Актывістку прызналі палітвязнем.
Каментары