Польскія журналісты: Прапагандысты РФ павінны быць пакараныя як ваенныя злачынцы
Асацыяцыя журналістаў Польшчы (SDP) выпусціла заяву, у якой кажа, што «расійскіх прапагандыстаў, якія выдаюць сябе за журналістаў, трэба судзіць як ваенных злачынцаў».
Заява, падпісаная кіраўнікамі Асацыяцыі, заклікае распаўсюдзіць адказнасць за ўчыненыя расіянамі злачынствы супраць мірнага насельніцтва Украіны не толькі на «бандытаў у расійскай форме», але і на «прапагандыстаў крамлёўскага рэжыму».
«Прапагандысты не толькі дэзынфармуюць сусветную грамадскасць аб крывавай агрэсіі Масквы супраць Украіны, але і заклікаюць да барацьбы з украінцамі ў імя імперыялістычных інтарэсаў Пуціна і яго прыхільнікаў», — сказана ў заяве.
У ліку гэтых прапагандыстаў, якія «выдаюць сябе за журналістаў», у заяве названыя Маргарыта Сіманьян, Уладзімір Салаўёў, Дзмітрый Кісялёў і Вольга Скабеева. Іх, сярод іншых, аўтары заявы заклікаюць пасля падзення рэжыму Пуціна судзіць як ваенных злачынцаў.
«Гэта самыя вядомыя асобы расійскай прапаганды. На жаль, іх значна больш, з улікам таго што ў Расіі цяпер наогул няма свабодных СМІ», — адзначана ў заяве.
Яе аўтары падкрэсліваюць, што «маніпуляцыі, дэзінфармацыя і, галоўнае, распальванне нянавісці і заклікі да забойстваў нявінных людзей у незалежнай краіне ніколі не будуць лічыцца журналістыкай, а цэнтры расійскай прапаганды ніколі не стануць сродкамі масавай інфармацыі».
Каментары