Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі
Прадстаўніца Беларусі на конкурсе «Міс Сусвет» Элеанора Качалоўская расказала, як у Мехіка ўпершыню сутыкнулася з жаночай канкурэнцыяй.
Качалоўская падзялілася, што на конкурсе «Міс Беларусі» не адчувала канкурэнцыі, атмасфера была прыязная.
Але на «Міс Сусвет» усё было інакш, расказала Элеанора ў эфіры «Першага інфармацыйнага».
«Канкурэнцыя ёсць. Менавіта на гэтым конкурсе я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. Але не ў такім прамым сэнсе, як падкладаць іголкі ў сукенку або шкло ў абцасы — гэта ўжо подла. Канкурэнцыя адчуваецца на псіхалагічным узроўні. Гэта невербальная агрэсія, дзесьці вечныя спрэчкі, дзесьці тактыльнае фізічнае супрацьстаянне. Гэта ёсць.
Зразумела, што жаночы калектыў сам па сабе разнапланавы. А калі цябе атачаюць 127 дзяўчат, якія прылятаюць прэзентаваць сваю краіну, сябе, свае ўменні, якія ведаюць сабе цану, то канфлікт інтарэсаў вельмі хутка злучыўся», — адзначыла Качалоўская.
Пры гэтым Элеанора, па яе словах, паспела пагутарыць з усімі дзяўчатамі. Ёй было цікава, як яны рыхтаваліся да конкурсу, а таксама даведацца больш пра іх краіны.
Таксама ў Качалоўскай ёсць прэтэнзіі да арганізацыі конкурсу.
«Я б парэкамендавала арганізатарам прыехаць у Беларусь і ўзяць майстар-клас у здымачнай групы і іншых спецыялістаў нашай краіны, як арганізоўваць буйныя шоу і агулам наладжваць унутраныя працэсы.
Вялікая колькасць дзяўчат, і мы сутыкаліся з неарганізаванымі некаторымі момантамі, якія ставілі нас у ступар. Не заўсёды хапала ежы, нейкіх бытавых, базавых рэчаў, якія чалавек павінен атрымліваць сто адсоткаў. Гэта ўскладняла наша знаходжанне.
Таму запрашаю арганізатараў «Міс Сусвет» да нас у краіну, нам ёсць чаму іх навучыць», — лічыць Качалоўская.
Сярод самых абуральных момантаў яна называе абмежаванасць у дзеяннях і неаднолькавае, на яе думку, стаўленне да ўдзельніц.
«З аднаго боку, гэта дзеля бяспекі. Але часам не хапала кіслароду. Нам не давалі магчымасці выйсці на вуліцу, мы знаходзіліся ў закрытым памяшканні. Не маглі пакідаць наш пакой без аховы, ахова суправаджала нас да прыбіральні. Гэта парушала нашы асабістыя межы, якія мы так адстойваем. Гэта рабілася, таму што прасцей усіх у адну кучу звесці, каб яны сядзелі.
Былі некаторыя прыярытэтныя краіны, якія шмат гадоў удзельнічаюць, да іх было трошкі іншае стаўленне. Калі ты ў адзіным калектыве, гэта вельмі адчуваецца, што хтосьці мае віп-пакет. Праз гэта ўнутраныя канфлікты таксама ўзнікалі», — расказала Качалоўская.
Аднак, нягледзячы на гэта, клімат ўнутры калектыву ўсё роўна падтрымліваўся пазітыўнымі эмоцыямі. Пры гэтым Элеанора кажа, што зразумела: унутры конкурсу ўсё не так, як на малюнку.
Нагадаем, Элеанора Качалоўская не змагла выйсці ў фінал на конкурсе «Міс Сусвет». Першапачаткова Беларусь павінна была прадстаўляць Карына Кісялёва. Аднак яе раптам замянілі, а затым яна апынулася ў СІЗА.
Стала вядома, чаму пераможца беларускага адбору «Міс Сусвет» не едзе на конкурс. Яна знайшлася ў СІЗА
Беларуска ўпершыню паедзе на конкурс прыгажосці «Міс Сусвет». Але не тая, якая перамагла ў нацыянальным адборы
«Міс Беларусь» Элеанора Качалоўская ажыццявіла даўнюю мару, з'ездзіўшы ў Бранск на канцэрт «Любэ»
Каментары