Гісторыя33

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку

Адзіны беларускі разьбяны драўляны каляндар, які захаваўся, сёння захоўваецца ў расійскім музеі. 

Фрагмент драўлянага календара. Фота: Ілля Бутаў

Разьбяныя драўляныя календары, якія маюць выгляд бруска ці кія з нанесенымі на іх засечкамі і адмысловымі знакамі, вядомы на тэрыторыі краін Скандынавіі, Балтыі, Рускай Поўначы, Балгарыі і ў іншых рэгіёнах. На іх адмысловай сістэмай засечак пазначаны дні, тыдні, месяцы і нерухомыя царкоўныя святы. 

Пра выкарыстанне такіх календароў беларусамі амаль нічога не было вядома. Таксама вядомы карэц-браціна XVI стагоддзя, выяўленая ў Гродне (але да гэтага, магчыма, экспанаваўся ў музеі Магілёва) з меркаванымі выявамі знакаў задыяка альбо сімвалічнымі выявамі месяцаў.

Браціна-карэц, або рытуальны коўш XVI стагоддзя з задыякам. Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах

Нягледзячы на абмежаванасць звестак пра беларускія драўляныя календары, ёсць адзін артэфакт, пра які доўгі час не было вядома.

У пачатку XX стагоддзя знакаміты этнограф Аляксандр Сержпутоўскі выявіў на тэрыторыі Слуцкага павета драўляны кій з засечкамі, які падобны да паўночных календароў. Ён перадаў яго ў Расійскі этнаграфічны музей, дзе той захоўваецца дагэтуль.

У навуковы абарот гэты ўнікальны артэфакт быў уведзены беларускімі навукоўцамі зусім нядаўна. У 2021 годзе быў апублікаваны грунтоўны артыкул Іллі Бутава і Змітра Скварчэўскага, у якім былі раскрытыя падрабязнасці драўлянага календара.

Царква ў Чудзіне ў 1934 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Сёння каляндар экспануецца ў раздзеле, прысвечаным Беларусі. Паводле запісу ў вопісе, ён быў атрыманы ад Сержпутоўскага ў 1918 годзе, а да гэтага знаходзіўся ў вёсцы Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні. Цяпер гэтая вёска знаходзіцца ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. 

Хутчэй за ўсё, каляндар быў выразаны ў XIX ст., але з ранейшага ўзору. Гэта драўляны кіёк з 365 насечкамі на кожны дзень невысакоснага года і вертыкальныя лініямі, якімі ён падзелены на 26 частак-тыдняў. Адзін бок змяшчае паўгоддзе з сакавіка па жнівень, а другі — з верасня па люты.

Таксама на кій нанесены абазначэнні святочных дзён і знакі сахі, касы, сярпа, цэпу і падковы. 

Выявы на гранях календара (прамалёўка Д. Собаль)

Выявы сельскагаспадарчых прылад можна суаднесці з адпаведным працоўным перыядам: саха (знаходзіцца паміж 1 і 6 сакавіка) — вясна, каса (паміж 27 чэрвеня і 4 ліпеня) і серп (паміж 25 ліпеня і 1 жніўня) — лета, падкова (паміж 27 кастрычніка і 3 лістапада) — восень, цэп (паміж 29 снежня і 5 студзеня) — зіма. Падобныя выявы сустракаюцца на пераважнай большасці вядомых драўляных календароў у краінах Паўночнай Еўропы.

Выява цэпа на календары. Фота: Ілля Бутаў

На беларускім артэфакце для пазначэння свят выкарыстана не ідэнтыфікаваная да канца сістэма знакаў на бакавых гранях: малыя і доўгія рыскі, касыя рыскі, знак, падобны да літары Т, знакі ў выглядзе лацінскай літары V і г. д. Умоўна ўсе знакі можна падзяліць на асноўныя для гадавых свят, і дадатковыя, якія пазначаюць перыяды галоўных сельскагаспадарчых работ.

Новы год у найбольш пашыраных тыпах разьбяных календароў з іншых праваслаўных рэгіёнаў мог пачынацца ці з 1 сакавіка, ці з 1 верасня, што адпавядае архаічнай вясковай традыцыі. Пачатак года на гарадзенскім каляндарным каўшы знаходзіцца ў сакавіку. У календары-кійку год таксама адлічваецца з сакавіка, на што ўказвае месцазнаходжанне месяца на пачатку грані.

Выявы на календары: серп; падкова. Фота: Ілля Бутаў

Усе адзначаныя на календары святы з’яўляюцца нерухомымі, таму ён актуальны і ў невысакосныя, і ў высакосныя гады. Калі адлічваць год з 1 сакавіка, то ў календары са Слуцкага павета ў вылучаюцца знакамі наступныя даты:

1 сакавіка — Аўдокі (Прападобнай мучаніцы Еўдакіі), 9 сакавіка — Саракі, 25 сакавіка — Дабравешчанне (Звеставанне), 23 красавіка — Юр'я, 8 мая — Мікольны Іван, 9 мая — Мікола, 24 чэрвеня — Купало, 29 чэрвеня — Пятро, 20 ліпеня — Ілля, 1 жніўня — Макавей, 6 жніўня — Іспас, 16 жніўня — Спленне, 29 жніўня — Галавасек, 8 верасня — Багатнік, 14 верасня — Узвіжанне (Чэсны крыж), 26 верасня — Багаслоў, 1 кастрычніка — Пакровы, 8 кастрычніка — невядомае свята, 22 кастрычніка — Казанская, 21 лістапада — Зведзенне, 6 снежня — Мікола, 25 снежня — Першая Каляда, 1 студзеня — Другая Каляда (Васілле), 6 студзеня — Трэцяя Каляда (Вадохрышча), 2 лютага — Грамніцы.

Гэта ўсё святы, характэрныя для праваслаўнай царквы і вядомыя ў народнай традыцыі рэгіёна, з якога паходзіць артэфакт.

Адзіная пазнака, што выклікае цяжкасці ў інтэрпрэтацыі, адносіцца да 8 кастрычніка. У беларускім народным календары гэты дзень фактычна ніяк не адлюстраваны. Ёсць адзіная згадка ў літаратуры, што ў гэты дзень адзначаецца прысвятак Трыфана і Пелагеі. Але гэта занадта дробны прысвятак, каб пазначаць яго сярод астатніх значных свят.

Так што гэта пакуль загадка, якую гісторыкі не разгадалі. Калі ў вас ёсць тлумачэнне, пішыце нам у каментах да артыкула.

Выявы на календары: саха; каса. Фота: Ілля Бутаў

Магчыма, гэта пазнака нейкага мясцовага фэсту, які ўзнік не на падставе царкоўнага свята, а ў выніку нейкага цудоўнага прэцэдэнту ці надзвычайнай сітуацыі. Наяўнасць гэтай даты на разьбяны календара з вёскі Чудзін можна вылучыць у якасці яго адметнай асаблівасці.

У адрозненне ад большасці падобных календароў на беларускім адсутнічаюць пазначэнні дзён шанавання мясцовых святых. Толькі найбольш значныя гадавыя святы, якія маюць важнае значэнне ў беларускай народнай культуры і спалучаюць дахрысціянскія і хрысціянскія звычаі.

Хоць сімвалы, што пазначаюць святы, і маюць стылістычнае падабенства са знакамі на іншых календарах, прамых супадзенняў і аналагаў, якія дазваляюць казаць пра запазычванні ці агульную традыцыю, не выяўлена.

Доўгая прамая лінія на календары пазначае дванадзясятыя гасподнія і багародзічныя святы праваслаўнай царквы. Аналагічны знак пазначае 1 студзеня, дзень Святога Васіля Вялікага, якое злучаецца са святам Абразання. Апошняе, у сваю чаргу, з’яўляецца гасподнім (хоць і не дванадзясятым). Гэта сведчыць пра тое, што разьбяр ці даволі добра ведаў праваслаўны каляндар, ці карыстаўся нейкім правільным узорам.

Другая выразная група свят пазначаецца знакам у выглядзе лацінскай літары V. Гэта дні шанавання значных святых — Георгія Пераможцы, Мікалая, Пятра і Паўла, Іаана Хрысціцеля, Іаана Багаслова.

Выключэннем з’яўляецца свята Нараджэння Іаана Хрысціцеля, пазначанае вертыкальнай лініяй. У той жа час свята Усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля таксама пазначаецца стандартным знакам у выглядзе літары V.

Зразумелым з’яўляецца выкарыстанне выявы крыжа, а не доўгай лініі для пазначэння Хрышчэння, якое адзначаецца 6 студзеня. Т-падобным знакам пазначана 8 кастрычніка, якому адпавядае пакуль неідэнтыфікаванае свята, і 1 жніўня — свята Макавей. Імаверна, гэта можа быць сведчаннем наяўнасці нейкай сувязі паміж святамі.

Рунічныя драўляныя календары на гравюры О. Магнуса з кнігі «Historia de gentibus septentrionalibus» (1555)

Г-падобны знак, якім пазначаная 20 ліпеня, дзень памяці святога Іллі, можна з асцярожнасцю патлумачыць як выяву сякеры, пераасэнсаванне зброі святога ў іканаграфіі. На скандынаўскіх календарах знакам сякеры пазначаецца дзень памяці святога Олафа.

Як адзначала ў 1938 г. К. Крыварукава з сяла Ям Пскоўскай вобласці, час раней «лічылі па тыднях» і «на сцяне зарубачкам і кручочкам адзначалі»». Захаваліся сведчанні пра тое, што на тэрыторыі Беларусі таксама практыкаваліся падобныя спосабы складання календароў.

Каляндар са Слуцкага павета (у цэнтры) у экспазіцыі Расійскага этнаграфічнага музея. Фота: Ілля Бутаў

Засечкі на календары са Слуцкага павета, якія пазначаюць колькасць дзён, аналагічны засечкам на касцяных падліковых бірках, якія былі знойдзены пры раскопках у Брэсце і датуюцца канцом XII — пачаткам XIV ст. Дзве такія біркі знаходзяцца ў экспазіцыі археалагічнага музея «Бярэсце».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Ганьба
    24.11.2024
    8 кастрычніка - Сусветны дзень васьмінога :)
  • Быўшая бабарыканка
    24.11.2024
    Усе нашы скарбы разрабаваны і знаходзяцца за мяжой, у рашцы ў асаблівасці. Воры.
  • Вольга
    24.11.2024
    Разьбяр мог звацца Трыфанам.

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе4

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, якая незвычайная птушка заляцела ў Беларусь1

Дырэктар водаканала патлумачыў, чаму асадак ад вады ў чайніку — гэта нармальна4

У СК расказалі, праз які месенджар часцей за ўсё падманваюць беларусаў1

Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу20

У сталічным «Паўночным беразе» будуюць першы дзіцячы садок. Якім той будзе2

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе4

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе

Галоўнае
Усе навіны →