Беларус Улад Чыжыкаў два разы спрабаваў прабіцца на Еўрабачанне ад Беларусі, у свой час яго адрокся прадзюсар Макс Алейнікаў. Цяпер хлопец спявае ва Украіне, а яго кліпы набіраюць мільёны праглядаў.
Пра выканаўцу Улада Чыжыкава ў новым выпуску ютуб-канала «Міністэрства сепультуры» расказаў журналіст Аляксандр Чарнуха.
Хлопец нарадзіўся ў Бабруйску, з дзяцінства займаўся музыкай, а сваю першую песню напісаў у 6 гадоў. Як згадваў Улад, песня была пра бульбу і тое, як яна цвіце.
Падчас вучобы ў Мінску хлопец выступаў у барах і рэстаранах.
У 2013-м 19-гадовы Улад перамог у музычным конкурсе «Акадэмія талентаў» на АНТ. Там ён выканаў песню кампазітара і прадзюсара Макса Алейнікава «Любовь, которой больше нет». Пасля перамогі хлопец пачаў працаваць разам з Алейнікавым. Але ў хуткім часе ён стаў прадзюсару непатрэбны.
Разам са сваім сябрам гітарыстам Віталём Вячэрскім у 2014 годзе Чыжыкаў стварыў гурт «Радыёхваля», які прыняў удзел у тэлепраекце «Легенды.live» на АНТ. У 2016 і 2018 гадах гурт удзельнічаў у Нацыянальным адборачным туры на Еўрабачанне. Без поспеху.
Тады Чыжыкаў паспрабаваў сябе ва ўкраінскіх шоу «Х-фактар» (у 2016-м) і «Голас країни» (2019).
Пасля выступлення на апошнім зала скандавала Чыжыкаву «малайчына», а настаўнікі ледзь не пасварыліся: кожны спрабаваў угаварыць артыста пайсці менавіта ў яго каманду.
Аднак і гэтая перамога не дала чаканых вынікаў.
Свой удзел у розных тэлеконкурсах Улад тлумачыў неабходнасцю паказаць сябе і заўважаў, што насамрэч усе такога роду конкурсы ён ненавідзіць, бо «там нічога не знойдзеш». «Хацелася дапамогі, але яна не прыходзіць па-за тэлекамерамі», — прызнаваўся спявак у адным з інтэрв'ю.
Праз некаторы час гурт «Радыёхваля» перастаў існаваць, а Улад Чыжыкаў працягнуў спяваць. Ён пачаў запісваць каверы на папулярныя ўкраінскія хіты і размяшчаць у сацыяльных сетках.
Як згадваў Улад, дайшло да таго, што ён нават на беларускім тэлебачанні стаў выконваць украінскія песні. Яны гучалі і на беларускім радыё.
Цікавасць менавіта да ўкраінскай музыкі Улад тлумачыў так: «Украінская музыка для мяне заўсёды была музыкай эксперыментаў і душы. А ў рускай музыцы я чуў толькі грошы. (…) Як не любіў «савецкіх» песень, так і рускай папсы не любіў. Я хацеў развівацца ў Беларусі, быць крутым беларускім артыстам без Расіі. Чаму я павінен туды ісці?»
У Мінску Улад падрыхтаваў цэлы альбом песень на ўкраінскай мове, які выпусціў у 2021 годзе, калі пераехаў у Кіеў.
Цяпер Чыжыкаў нашмат папулярнейшы ва Украіне за тамтэйшага выканаўцу Alekseeva, які ў 2018 годзе прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні.
Першым хітом, які прынёс вядомасць Чыжыкаву, стала песня «Гарно так» (цяпер мае 24 мільёны праглядаў на ютубе і больш за 5 мільёнаў на Spotify), словы і музыку да якой ён напісаў сам. Спачатку песня стала хітом у тыктоку.
У лістападзе 2023 годе спявак выпусціў свой другі альбом Noir. А зусім нядаўна NAVIBAND запісалі свой кліп «Мама» разам з Уладам на ўкраінскай мове.
Цяпер Чыжыкаў жыве і працуе ў Кіеве. Яго песні гучаць на радыё і тэлебачанні. А сам ён кажа, што знаходзіцца ў час вайны ва Украіне для яго нашмат бяспечней, чым у Беларусі.
Як адзначае Чарнуха, прыклад Улада Чыжыкава яскрава сведчыць аб тым, што для таго, каб стаць зоркай, зусім не абавязкова ехаць у Расію. «Поспех Улада — гэта справа сумлення і амбіцый, бо менавіта так і працуе сапраўдная творчасць — быць шчырым і быць вольным рабіць выбар».
Каментары
что на музыкальных конкурсах, что в бизнесе, что в политике... практически НИКОГДА в недоразвитых социумах/странах "боссы" не берут в команду того, кто ярче и талантливее их.
в итоге, или ты выстреливаешь сам, или едешь туда, где доросли до работы с более талантливыми людьми, чем сам.
Удачи Влад!! Музыка у тебя просто бомбическая.