Каханне і сэкс88

Каханне падчас вайны. Беларускі хлопец пазнаёміўся з украінкай праз твітар. Хутка будуць разам

На фота тут — рукі нашых герояў. Апублікаваць іх твары пакуль было б небяспечна для іх. Мякка кажучы, нетыповую гісторыю кахання «Нашай Ніве» расказаў беларус, які падчас вайны пазнаёміўся з украінкай з Адэсы. 

Фота з архіва героя матэрыяла

Адзін жарт усё пачаў

Сёлета ў маі беларус пераехаў з Мінска ў Польшчу, дзе даволі хутка закахаўся ва ўкраінку. Здавалася б, банальная гісторыя пра адносіны ў эміграцыі, але дзяўчыну хлопец знайшоў не ў Польшчы, а ва Украіне. Дапамаглі гэтаму твітар, боль ад вайны і добрае пачуцце гумару, бо менавіта ўдалы жарт беларуса пад твітам украінкі і стаў штуршком для будучых адносін.

Кірыл і Аліса актыўна карыстаюцца твітарам, абаіх турбуе тэма вайны. Цікавасць да твітаў на ваенную тэму прывяла да таго, што яны заўважылі адно аднаго і абмяняліся падпіскамі. Маладыя людзі амаль аднагодкі, цяпер Кірылу — 30, а Алісе — 29. У лістападзе абое святкуюць дні народзінаў, розніца ў гадах у іх адзін год і пяць дзён, але знакі задыяку розныя. Свае трыццаць першы і трыццаты дні народзінаў пара плануе сустракаць разам.

«Неяк заўважылі адно аднаго, падпісаліся, спачатку проста ставілі падабайкі, пакідалі каментары. Так было, пакуль на адзін з маіх жартаў пад яе допісам Аліса адрэагавала не падабайкай ці каментарыем, а напісала мне ў прыват, што гэта быў смешны жарт», — згадвае Кірыл.

На сустрэчу за 1500 кіламетраў

Пасля гэтага ў маладых людзей завязалася перапіска, якая хутка перарасла ў адносіны, спачатку ў анлайн-фармаце, а потым прывяла да рэальнай сустрэчы.

«Адносіны па перапісцы пачаліся ў канцы ліпеня. Каля двух месяцаў мы спісваліся, стэлефаноўваліся, размаўлялі па відэасувязі. За гэты час мы выразна зразумелі, што ў нас аднолькавыя погляды, разуменне, інтарэсы і стаўленне да жыцця».

Пасля некалькіх месяцаў адносін у анлайне маладзёны сустрэліся ўжывую. Паколькі цяпер грамадзяніну Беларусі трапіць ва Украіну амаль немагчыма, дзяўчыне давялося самой ехаць да Кірыла ў Польшчу.

Каб сустрэцца ўжывую, закаханым на дваіх давялося пераадолець больш за паўтары тысячы кіламетраў. З іх каля 900 кіламетраў праехала Аліса, каб дабрацца з Адэсы да першага польскага горада каля мяжы з Украінай. Яшчэ каля 700 кіламетраў пераадолеў Кірыл, каб прыехаць на спатканне з дзяўчынай з аднаго канца Польшчы ў іншы. Там маладыя людзі разам правялі чатыры дні.

Дзеля кахання змяніў працу і горад

«Гэтая сустрэча яшчэ больш замацавала ўсё, што ёсць, і мы канчаткова вырашылі, што хочам жыць разам, але разуменне таго, што мы мусім быць разам, узнікла яшчэ падчас стасункаў анлайн. Было адчуванне, што ты сустрэў чалавека, з якім знаёмы вялікую колькасць год. Таму ўжо падчас сустрэчы ўжывую і пасля яе пачалося менавіта канкрэтнае абмеркаванне таго, як мы будзем рыхтавацца да яе пераезду, дзе будзем жыць, калі яна прыедзе да мяне», — прызнаецца Кірыл.

Калі пара была разам, яны зрабілі парныя тату, адным з элементаў якіх ёсць фраза почыркам адно аднаго, а ўжо 12 лістапада Аліса мусіць прыехаць у Польшчу, дзе будзе жыць разам з каханым беларусам. Для таго, каб дзяўчыне было прасцей адаптавацца да жыцця ў новай краіне, Кірылу давялося змяніць працу і месца жыхарства.

«Я жыў у даволі невялікім мястэчку, таму, каб Алісе пасля жыцця ў вялікім горадзе было прасцей адаптавацца на новым месцы, мы прынялі рашэнне, што і ў Польшчы будзем жыць у вялікім горадзе».

На чыім я баку

Нягледзячы на тое, што часам паміж беларусамі і ўкраінцамі ўзнікае непаразуменне праз саўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў агрэсіі супраць Украіны, у Кірыла з Алісай такіх праблем не ўзнікала.

«Стаўленне да беларусаў як да нацыі ў яе пазітыўнае, бо яна аддзяляе рэжым Лукашэнкі, які саўдзельнічае ў вайне, ад простага беларускага народа. Па маіх твітах таксама было выразна зразумела, на чыім я баку», — кажа Кірыл.

Хлопец адзначае, што Аліса і яе бацькі сачылі за тым, што адбывалася ў Беларусі ў 2020-м годзе, але звяртае ўвагу, што ўкраінцы часцей за ўсё ведаюць пра нашу сітуацыю даволі павярхоўна.

«Многія думаюць, што беларусы абудзіліся толькі ў 2020-м, не ведаючы пра тое, што ўвесь гэты працэс пачаўся яшчэ ў сярэдзіне дзевяностых і што ў нас ёсць нобелеўскі лаўрэат, які займаецца гэтым усё жыццё».

Дарэчы, Кірыл і Аліса ўжо паспелі пазнаёміцца з бацькамі адно аднаго, пакуль, праўда, толькі па відэасувязі.

«Алісіны бацькі вельмі пазітыўна ўспрынялі нашы адносіны, бо яны таксама аддзяляюць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі. Яе сябры таксама ведаюць пра адносіны з беларускім хлопцам і выдатна разумеюць, што я не акупант, ведаюць, чаму я цяпер жыву ў Польшчы, а не ў Беларусі, таму ніколі ніякага негатыву не было. Знаёмства Алісы з маімі бацькамі таксама прайшло пазітыўна», — адзначае суразмоўца.

З пачаткам вайны перайшла на ўкраінскую

Дзяўчына Кірыла — адэсітка, якая, як і большасць жыхароў горада, усё жыццё размаўляла па-руску. З пачаткам поўнамаштабнай вайны яна перайшла на ўкраінскую. Таму нават паміж сабою закаханыя таксама не размаўляюць на рускай.

«Калі мы толькі пачыналі перапіску, то яна старалася адказваць на мае паведамленні па-беларуску, Алісе вельмі падабаецца беларуская мова. Цікава, што інтарэс да нашай мовы ў яе з'явіўся акурат незадоўга да нашага знаёмства. Яна называе яе вельмі прыемнай, пяшчотнай і пявучай. У яе нават ёсць мэта паспрабаваць размаўляць цэлы дзень толькі на беларускай».

Нягледзячы на тое, што пара размаўляе на розных мовах, яны выдатна разумеюць адно аднаго.

Кірыл распавядае, што даволі шмат распавядае сваёй каханай пра Беларусь і спадзяецца, што надыдзе той час, калі ён зможа паказаць ёй сваю радзіму.

«Я сумую па Беларусі, распавядаю пра тое, што мне там падабаецца. Праз мае расповеды ёй вельмі хочацца, каб я паказаў ёй усё гэта ўжывую, але мы ўсе добра разумеем, што пакуль гэта немагчыма. Але мы спадзяёмся калі-небудзь там пабываць, пазнаёміцца ўжывую з маімі бацькамі, сябрамі. Хочацца, каб яна магла пабачыць усе цікавыя мясціны не толькі з маіх аповедаў, а на ўласныя вочы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Civet
    06.11.2022
    Дзякуй, цудоўная гісторыя. Але знакі задыяку, сур'ёзна?
  • хх
    06.11.2022
    падчас такіх глабальных узрушанняў (тэктанічных зрухаў), якія зараз перажываюць Украіна і Беларусь ну й гэта... "Ну, гэтых… З Усходу — Прадстаўнікоў братняга расейскага народу." абвастраецца ўсё. пачуцці... інтэлект...
    пасля сканчэння гэтага ліхалецця будзе росквіт культуры, мастацтва і г.д.. як было, напрыклад, у мінулым стагодзі пасля рэвалюцыі, пасля вайны... яно пэўна заўжды так... на жаль

    але, таго, хто выжыве, чакаяць добрыя часы. да будзе так
  • ewf
    06.11.2022
    Liepej z ukaincami radnicca, chym z maskoucami. Zwie Litowija !

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску34

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Коля Лукашэнка расказаў, ці сядзіць ён у сацсетках17

«Лукашэнка ў Ісламабадзе». Найлепшыя твіты тыдня5

Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску6

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць70

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром4

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску34

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →