Памерла найстарэйшая вучаніца ў свеце. Ёй было 100 гадоў, і яна наведвала ўрокі фізкультуры
У Прысцылы Сіціні пачаліся праблемы са здароўем пасля наведвання заняткаў 16 лістапада, паведамляе Бі-бі-сі.
У Кеніі памерла самая пажылая вучаніца пачатковай школы ў свеце — 100-гадовая Прысцыла Сіціні. У яе пачаліся праблемы са здароўем пасля наведвання заняткаў 16 лістапада.
«Яна памерла ў прысутнасці некаторых членаў сям'і. Мы ўдзячныя ёй за 100 гадоў яе жыцця. Яе жыццё было прыкладам таго, што ў адукацыі няма межаў. Няхай яе пяшчотная душа злучыцца з яе продкамі і атрымае вечны спакой», — сказаў сын жанчыны.
Прысцыла Сітіні вырасла ў Кеніі, акупаванай англічанамі і перажыла барацьбу сваёй краіны за незалежнасць.
65 гадоў яна працавала акушэркай.
Пажылая жанчына наведвала школу ў кенійскім горадзе Элдарэт.
Прысцыла Сіціні пайшла вучыцца пасля таго, як у 2003 годзе ўрад Кеніі пагадзіўся субсідаваць выдаткі на пачатковую адукацыю для пажылых людзей.
У 2015 годзе Прысцыла распавяла BBC, што нарэшце навучылася чытаць і пісаць, таму што ў яе не было такой магчымасці ў дзяцінстве.
Прысцыла казала, што хацела быць прыкладам для іншых, асабліва для маладых дзяўчат.
У школе яе любімымі прадметамі былі прыродазнаўства, рэлігіязнаўства і матэматыка. Урокі фізкультуры жанчына таксама наведвала.
«Я не думаю, што адукацыя мае ўзроставыя абмежаванні», — казала яна.
Прысцыла сыграла галоўную ролю ў фільме пра сябе пад назвай «Gogo».
Каментары