«Ёсць адчуванне, што наступны год можа быць лепшы». Вядомыя беларусы — пра страхі і надзеі на 2023-ці
«Як бы тое цынічна ні гучала, але вайна ва Украіне зрушыла з мёртвага пункта праблему ў нашым рэгіёне». «На бліжэйшы год я не ўскладаю моцных надзей і малюся толькі, каб не стала яшчэ горш». Мы спыталі ў вядомых беларусаў, як яны пражылі 2022-гі і чаго чакаюць ад новага года.
«Ёсць адчуванне, што 2023 год можа стаць нашмат лепшым, чым папярэднія»
Павел Баркоўскі, філосаф
Гэты год я запомню цяжэйшым за папярэдні. Тут і вайна, і працяг рэпрэсій, таму для многіх беларусаў гэта быў чыста псіхалагічна няпросты год. Але, з іншага боку, для мяне гэта і год вялікіх надзей. Ёсць адчуванне, што 2023 год можа стаць нашмат лепшым, чым папярэднія.
Кажу зараз пра агульныя надзеі, якія звязаныя для мяне з двума момантамі. Па-першае,
як бы тое цынічна ні гучала, але вайна ва Украіне зрушыла з мёртвага пункта тую праблему, якая даўно развілася ў нашым рэгіёне, гэты вузел са старых аўтакратый, якія тут замацаваліся і якія ніяк не магло зрушыць грамадскае жыццё. Гэтая вайна пачала гэты вузел разбураць. Відавочна, што калі вайна скончыцца — а я веру, што яна скончыцца досыць хутка — існаванне аўтакратый у гэтым рэгіёне будзе пастаўленае пад вялікае пытанне.
Па-другое, у гэтым годзе пачаліся многія працэсы, якія даўно чакаліся. Маю на ўвазе важнае для беларусаў з сімвалічнага пункту гледжання стварэнне аб’екта альтэрнатыўнай улады — Пераходнага кабінета, які ўпершыню за незалежную гісторыю Беларусі замацаваў нейкую фактычную альтэрнатыву адзінаўладдзю ў краіне.
Таксама пачалі рухацца шматлікія рэчы і праекты, якія доўгі час або былі на паўзе, або не пачыналіся. Маю на ўвазе тэндэнцыі ў развіцці культуры, пачатак працэсу дэсаветызацыі, звязаны з шэрагам публічных заяў і прынятых дакументаў, і гэта таксама вельмі важны крок.
Бачу надзею ў тым, што людзі павяртаюцца з большай прыхільнасцю да беларускай мовы і беларускай культуры, шмат хто з беларусаў да гэтага даходзіць самастойна і добраахвотна. Усё гэта змушае верыць, што пачаліся такія працэсы, якія зрэшты зменяць наша жыццё ў куды лепшы бок.
Спадзяюся, што ў новым годзе вайна ва Украіне завершыцца, і ёсць вялікія сігналы, што гэта можа адбыцца ў наступным годзе. Разам з гэтым ёсць, як я ўжо казаў, надзея на тое, што завяршэнне вайны і пачатак мірных перамоў прывядуць да крытычных зменаў ва ўладзе дзвюх асноўных аўтакратый усходняй Еўропы — беларускай і расійскай. Адпаведна іх пазіцыі стануць вельмі слабымі, і гэта стане тым акном магчымасцяў, якім можна будзе скарыстацца для далейшай дэмакратызацыі рэгіёна і змяншэння глабальнай пагрозы.
У гэтым годзе колькасць палітычна затрыманых пачала расці ў геаметрычнай прагрэсіі, і гэта ў тым ліку было адзначана Нобелеўскай прэміяй Алеся Бяляцкага, які прадстаўляе з сябе ўсю тэндэнцыю барацьбы за правы палітзняволеных. Нягледзячы на ўсё гэта, мы, беларусы, усё ж такі не страцілі нацыянальную культуру, і яна працягвае развівацца досыць бурна, часткова падпольна, часткова — у вымушанай эміграцыі.
Для мяне гэта год спадзяванняў на тое, што ў хуткім часе сітуацыя можа змяніцца і мы ўжо не будзем існаваць у той атмасферы роспачы, у якой праходзіла большая частка найноўшай гісторыі Беларусі, калі выхаду, здавалася, няма, а ўсе спробы нешта змяніць заканчваліся паразамі дэмакратычных сіл. Маю на ўвазе час з 1996 года, калі стала зразумела, што аўтарытарызм у Беларусі замацаваўся надоўга.
Цяпер, нарэшце, бачна, што сітуацыя можа змяніцца глабальна. Для Беларусі гэта азначае перадусім аслабленне ўсходняга вектара палітыкі, які вельмі моцна цісне на краіну, і з’яўленне для беларусаў магчымасці самастойна вызначаць сваё існаванне і ў тым ліку змяняць рэжымы дэмакратычным шляхам.
«Спыняцца і падаць духам нельга, у нас на гэта няма часу»
Наста Кудасава, паэтка
Гэта быў страшны год. Здзейсніліся ўсе мае найгоршыя прадчуванні — прыйшла вайна. Яна і перадвызначыла ўсё астатняе. Сорам, злосць і знясіленасць не пакідаюць дагэтуль. Я вымушаная была з’ехаць з сям’ёй, таму што заставацца ў Беларусі і працягваць маўчаць было ўжо невыносна. Мяне трымала ў гэтым годзе толькі тое, што я мушу даць маім дзецям шанец на нармальнае жыццё. Таму я старалася сканцэнтравацца на пазітыўных момантах пераезду, на вырашэнні побытавых пытанняў, на знаёмстве з новай краінай. І, безумоўна, на вершах, бо ў творчасці я яшчэ адчуваю хоць нейкую сілу, здольнасць быць сабой, быць актыўнай.
Я вельмі спадзяюся на лепшую будучыню, бо веру, што прырода здольная сама рэгуляваць суадносіны святла і цемры, яна заўжды сама рупіцца аб тым, каб жыццё перамагала смерць. Тым не менш, нешта мне падказвае, што яшчэ не ўсё страшнае скончылася і мы не хутка ўбачым перамогу дабра.
На жаль, на бліжэйшы год я не ўскладаю моцных надзей і малюся толькі, каб не стала яшчэ горш. Буду вельмі шчаслівая, калі памылюся. Зычу ўсім нам шмат сілы і працаздольнасці, бо спыняцца і падаць духам нельга, у нас на гэта няма часу.
«Беларусам я пажадаю, каб мы маглі нарэшце пражываць жыццё ў сваю асалоду»
Іван Ганін, шматразовы чэмпіён Беларусі па тайскім боксе і кікбоксінгу
Гэты год, думаю, аказаўся горшым за 2020-ы. Адбыліся падзеі, якія ў 2020-м уявіць было немагчыма. Гэта год, які забраў вельмі шмат жыцця. Улады нашай краіны аказаліся суагрэсарамі ў вайне. Але лічу, што ўсе гэтыя падзеі толькі наблізілі канец нашага дыктатара.
Мяне вельмі ўразіла гераічнасць і мужнасць украінскага народа. З першых дзён вайны я, хаця і быў у бяспецы, з хваляваннем чытаў навіны адтуль, а яны проста бралі і вызвалялі сваю краіну. Цяпер мы робімся нашмат бліжэй да пераломнага моманту нашай гісторыі, і хочацца, каб усё ў нас атрымалася, каб мы пабудавалі нашу дзяржаву як след, каб з’явіліся ў ёй сістэмы стрымлівання і процідзеяння, якія ніколі не дазволяць паўтарыцца нечаму падобнаму да сённяшняй дыктатуры.
Спадзяюся, што вайна скончыцца і ўсе адказныя за гэта панясуць пакаранне, і не для помсты ці нечага яшчэ, а каб гэта быў гучны прэцэдэнт на будучыню. Спадзяюся, што наша грамадства і наша дзяржава пачнуць адраджацца і ўсе палітзняволеныя выйдуць, і мы пачнём ствараць нашу новую Беларусь. Думаю, гэта здарыцца ці ў новым годзе, ці ў наступным пасля яго, 2024-м. Тут граюць ролю шмат розных фактараў, аднак вялікія шансы, што ўсё гэта адбудзецца ўжо ў 2023-м.
Таксама спадзяюся, што ўсе рэпрэсаваныя беларускія спартоўцы вернуцца дадому, пачнуць трэніравацца і паказваць добры вынік, што беларускі спорт перазапусціцца і падзеі навокал будуць спрыяць яго вялікаму росту. Хачу, каб беларускі спорт быў цікавы вялікай колькасці беларускіх заўзятараў, каб стадыёны былі поўныя. А для гэтага трэба перазапусціць усю сістэму.
Беларусам я пажадаю, каб уся цемра скончылася і мы маглі, нарэшце, пражываць гэтае жыццё ў сваю асалоду.
«Ратавала праца, але важна, каб яна была з сэнсам»
Крысціна Дробыш, актрыса
Напэўна, усе скажуць, што гэты год быў для іх складаным, так было і ў мяне. Але ён аказаўся і непрадказальным, найбольш непрадказальным з усіх апошніх. Мы трапілі ў гістарычныя падзеі, у параўнанні з якімі 2020 год у нечым паказаўся кветачкамі. 2022 год падаўся апагеем, спадзяюся, што апагеем ён і застанецца.
Прайшла ў гэтым годзе нейкі шлях асэнсавання беларуса ў сабе, з’явілася нейкая эміграцыйная аседласць. Пачалася вайна, і я прайшла шлях беларуса ад пачуцця віны да адчування «чорта з два я дам вам сябе крыўдзіць, я асабіста ракеты не запускаю», да разумення, што я — беларуска і я не буду хаваць свой пашпарт.
Напэўна, на гэтым шляху падтрымлівалі ўласныя праекты для беларускай супольнасці, у прыватнасці аўдыякнігі. Там я адпачываю, там мне няма калі чытаць навіны і думаць пра штосьці іншае, ты думаеш толькі пра тое, што тут і цяпер. Гэтая праца звычайна робіцца ў замкнёнай, зацемненай прасторы. Вось яна мяне і ратавала, гэта мой штодзённы антыдэпрэсант. Ну і людзям добра, бо вельмі шмат кніг мы выпусцілі за 2022 год.
То-бок ратавала праца, але важна, каб яна была з сэнсам. Такая, калі табе падабаецца, што ты робіш, калі гэта прыносіць задавальненне і плён не толькі табе, але і людзям навокал, а не проста заняць чымсьці рукі і галаву.
Чаго чакаю ад наступнага года? Літасці! Я вельмі хачу, каб хаця б скончылася вайна, і пры гэтым скончылася паразай Расіі, бо гэта будзе не толькі ўкраінская перамога. Жыць у гістарычныя часы цікава, але не хацелася б жыць у настолькі гістарычныя. Перш за ўсё таму, што ва Украіне жывыя людзі, і смерцяў, і пакалечаных жыццяў ужо вельмі шмат, і нават калі скончыцца вайна, яшчэ дзясяткі гадоў людзі будуць прыходзіць у сябе.
Што да больш максімальных мэтаў, то хачу, каб хаця б 50% з’ехаўшых беларусаў атрымалі магчымасць вярнуцца дадому, бо не ўсе вернуцца, хто з’ехаў. Выступаю за гэты затор з беларусаў на ўезд у краіну. Але я рэаліст, таму пра такое мне марыць складана. Таму спадзяюся на мір, хаця гэта можа гучаць і крыху па-дзіцячы.
Гледзячы на ўсё, што адбываецца навокал, як нас усіх штурхае і падкідвае, зычу і для сябе, і для іншых людзей стабільнага псіхічнага здароўя, як бы гэта ні гучала. Каб мы вытрымалі ўсё, нягледзячы ні на што, і каб мы клапаціліся пра сябе — карацей, зычу выжыць. Калі ты можаш даць рады сам сабе, разабрацца з сабой, тады можаш і даць рады іншым, камусьці дапамагчы. Я сама змагаюся за сваю псіхічную раўнавагу, таму лічу, што гэта ключавое.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары