ЗША дадуць Украіне ракеты далёкасцю да 150 км, але не 300, якія Кіеў даўно просіць
Агенцтва Reuters паведамляе са спасылкай на крыніцы ў кіраўніцтве ЗША, што Злучаныя Штаты ў найбліжэйшы час маюць намер перадаць Украіне ракеты далёкасцю да 150 км.
Reuters піша, што ў новы пакет вайсковай дапамогі ЗША Украіне ўвойдуць высокадакладныя ракеты малога дыяметра наземнага базіравання (GLSDB).
Гэтыя саманаводныя ракеты амерыкана-шведскай распрацоўкі запускаюцца ў тым ліку з установак HIMARS і могуць паражаць цэлі на адлегласці многіх дзясяткаў кіламетраў.
Да гэтага часу мяжа далёкасці ракет, якія амерыканцы і іншыя саюзнікі пастаўлялі ўкраінскай арміі, складала крыху больш за 80 кіламетраў — гэта таксама ракеты да ўстановак HIMARS.
Украіна даўно просіць у ЗША і саюзнікаў высокадакладныя ракеты АТАСMS далёкасцю да 300 кіламетраў, якімі можна страляць з установак HIMARS. Да гэтага часу заходнія саюзнікі адмаўляліся перадаваць такую зброю — па неафіцыйных звестках, з-за боязі, што ўкраінцы пачнуць біць імі па цэлях у глыбіні расійскай тэрыторыі, а гэта можа прывесці да некантралюемай эскалацыі вайны.
Па звестках Reuters, пра новы пакет вайсковай дапамогі аб'ёмам 2,2 млрд даляраў будзе абвешчана ўжо на гэтым тыдні.
Каментары
Слуги народу точно хочуть перемогти у війні?