Ціханоўская ў Мюнхене размаўляла з Олафам Шольцам і кіраўніком яго канцылярыі
Святлана Ціханоўская разам з дэлегацыяй свайго Офіса і Аб’яднанага пераходнага кабінета падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы правяла сустрэчу з федэральным канцлерам Германіі Олафам Шольцам, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Падчас сустрэчы абмеркавалі неабходнасць новай скаардынаванай стратэгіі ў абарону беларускай незалежнасці.
Таксама адбылася сустрэча з кіраўніком канцылярыі Шольца Вольфгангам Шмітам. Яны абмеркавалі будучыню бяспекі ў рэгіёне і агульную стратэгію ў Міжмор’і, дзе Беларусь — адзін з ключавых элементаў бяспекі.
На сустрэчы гаварылі і пра канцэпцыю кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская папрасіла Германію стаць адным з лідараў такой кааліцыі, каб выступіць гарантам мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, вываду расійскіх войскаў, распрацоўку плана адбудовы Беларусі і плана Маршала для нашай краіны.
Акрамя нямецкіх палітыкаў, Ціханоўская правяла сустрэчы і з іншымі ўплывовымі ў заходнім свеце асобамі. Адным з яе суразмоўцаў стаў амерыканскі амбасадар Майкл Макфол. Ён адзін з былых амбасадараў ЗША і цяпер актыўна працуе ў дапамозе Украіне і Беларусі.
З ім Ціханоўская гаварыла пра тое, якім чынам вярнуць Беларусь у парадак дня, вызваліць палітвязняў, зрабіць санкцыі больш эфектыўнымі. Сярод іншага абмяркоўвалася стварэнне кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі з розных краін, якія будуць сістэматызаваць працу і стратэгію бачання сітуацыі па Беларусі, а таксама ўдзел экспертнай, прафесійнай супольнасці ў падрыхтоўцы праграмы рэформаў для новай Беларусі.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з міністаркай замежных спраў Ісландыі, якая зараз старшынюе ў Радзе Еўропы. Абмяркоўвалася пашырэнне ўдзелу Беларусі ў праектах Рады Еўропы, развіццё кантактнай групы ў межах Рады Еўропы. У кантактную групу ўвайшлі 10 прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў.
Абмяркоўвалі сярод іншага і дакументы новай Беларусі, з якімі беларусы маглі б падарожнічаць, знаходзіцца легальна на тэрыторыі Еўрапейскага саюза, а таксама мець магчымасць выязджаць. У выніку дамовіліся адносна рэгулярных кансультацый, некалькіх сустрэч у найбліжэйшы час і канкрэтныя праграмы падтрымкі.
Пасля Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з еўракамісаркай па ўнутраных справах Ільвай Ёхансан. На сустрэчы быў прадстаўлены праект дакумента, які дапаможа беларусам ідэнтыфікавацца за мяжой, пацвярджаць сваё грамадзянства, а ў ідэале — падарожнічаць. У сакавіку-красавіку адбудуцца кансультацыі з міністрамі замежных спраў па пытаннях выдачы такіх часовых дакументаў і спрашчэння знаходжання беларусаў.
Акрамя таго, абмеркавалі і спрашчэнне візавых працэдур. Ціханоўская заклікала да пашырэння практыкі выдачы гуманітарных віз, якія дазваляюць беларусам выязджаць з краіны, падаўжэння тэрміну і выдачы доўгатэрміновых шэнгенскіх віз на 2, 3 і 5 гадоў.
Таксама гаварылі пра спрашчэнне выдачы міграцыйных дакументаў беларусам, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЕС: каб не патрабавалі апастыль, даведкі аб несудзімасці, а сам тэрмін разгляду дакументаў быў хутчэйшы ў дачыненні да беларусаў. Гаварылі таксама пра магчымасць адкрыцця гуманітарных калідораў у выпадку эскалацыі і на выпадак закрыцця межаў.
Каментары