Грамадства11

«Тое, што ў мяне ёсць — я за гэта ўчапіўся, трымаюся і жыву». Гісторыя мастака, які малюе зубамі

Анатоль Галушка — самабытны мастак з вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна, што малюе свае карціны, трымаючы пэндзаль у зубах. Днямі Анатолю споўнілася 60 год. Больш за 40 з іх ён прыкаваны да ложка, болей за 20 — малюе і піша вершы ды прозу. Галушка атрымаў у юнацтве цяжкую траўму пазваночніка, якая прывяла амаль да поўнага абязрушвання. За гэты час ён шмат разважаў, працаваў над сабой і па сутнасці навучыўся жыць нанова.

У 18 год Анатоль Галушка няўдала скокнуў у раку і траўмаваў пазваночнік. Цяпер яму 60 год, большасць з якіх ён не можа хадзіць.

Як разамкнуць кола непазбежнасці і выкараскацца з ямы роспачы, адкуль узяць моц і нават адчуць сябе шчаслівым чалавекам? Пра свой вопыт Анатоль Галушка расказаў «Ганцавіцкаму часу».

Жывапіс як сродак ад безвыходнасці

— Анатоль, як прыйшла думка заняцца жывапісам?

— Даўно, болей за 20 год. Больш вольнага часу стала, бо ў першыя гады (як аказаўся прыкаваны да ложка. — Заўв. аўт.) у мяне столькі сяброў было, што кожны дзень хто-небудзь прыходзіў — пасядзець-паразмаўляць. А калі была вольная хвіліна, я чытаў. Так прайшло гадоў з 10-15. Потым у мяне ўзнікла патрэба штосьці ствараць сваімі рукамі, зубамі ці яшчэ чым.

Першы раз паспрабаваў аўтаручкай, узяўшы яе ў зубы, і намаляваў нейкага сабачку. І ў мяне атрымалася! Я настолькі быў уражаны, што вось у такім стане, зубамі — і можна маляваць! Гэта потым я ўжо зразумеў, што ўсе нашы валоданні і ўменні — у галаве! А чым ты малюеш — рукамі, зубамі, нагамі — гэта ўжо другаснае.

Вось так Анатоль Галушка працуе над чарговай карцінай

І вось так у мяне пайшло. Спачатку маляваў на лістах са сшытку, на нейкіх шматках шпалераў. А аднойчы прыйшоў сябар, пабачыў, што добра атрымліваецца, і падарыў мне альбом для малявання. Я яшчэ болей уцягнуўся.

Прайшоў і гэты этап — памаляваў ручкай, алоўкам. Убачыла гэта сяброўка і прапанавала: «Давай я прывязу табе акварэлі». Хоць я і аднекваўся, што не змагу, але яна прывезла і пэндзлі, і акварэльныя фарбы. Паспрабаваў — атрымалася. І гэта зноў падалося настолькі незвычайным — я магу гэта рабіць!

А я чалавек упарты, калі за нешта бяруся — мне трэба лепей і лепей! Каб не сорамна было, калі людзі прыйдуць паглядзець. І вось так пакрысе яно пайшло далей. Нехта на выставе ў Брэсце падараваў мне загрунтаванае палатно і набор алейных фарбаў. Я паспрабаваў — і спачатку не атрымалася зусім. Цяжка. Бо калі малюеш акварэллю — пэндзаль на вадзе ходзіць мякка, а тут гэты пэндзаль не пацягнуць. І фарбы трэба чымсьці разбаўляць, а чым — не ведаю.

Тады ў мяне не было ні камп’ютара, ні інтэрнэта, да ўсяго даходзіў сваім розумам. Закінуў свае алейныя фарбы. Але праз два-тры месяцы зноў вярнуўся да іх: «Няўжо ў мяне нічога не атрымаецца?». І прыдумаў, чым разводзіць — звычайным сланечнікавым алеем. Дадаў яго — і пайшло!

Потым, калі ў мяне з’явіўся камп’ютар, я пачаў цікавіцца, знайшоў урокі жывапісу, і адтуль ужо даведаўся, як палотны грунтаваць, чым правільна разводзіць фарбы, як іх змешваць. А ўсе гады да таго працаваў сваім розумам, памылкамі, нейкімі адкрыццямі.

З дапамогай інтэрнэта я добра вучыўся, і цяпер вучуся. Я разумею, як яно павінна быць правільна — каб і каларыт, і перспектыва, а не абы наляпаць. Калі табе расказвае сапраўдны мастак, ды яшчэ пакрокава — тут усё разумееш і хутка вучышся.

— На кагосьці з мастакоў раўняешся?

— Не тое што раўняюся, але мне заўсёды падабалася руская школа жывапісу — Рэпін, Шышкін, Паленаў, Левітан. Хацелася б гэтак працаваць. Аднаму мастаку я сказаў, што хачу дабіцца вось такога стылю, тэхнікі, але ён мяне супакоіў: не трэба нічога мяняць, у цябе свой адметны почырк, штрых, ты пазнавальны, а гэтага дай Бог дабіцца кожнаму сапраўднаму мастаку. Я і супакоіўся: думаю, не ўсё так дрэнна. Таму працую так, як прывык, як навучыўся і бачу.

— Анатоль, а хто дапамагае рыхтаваць тыя ж палотны, фарбы, пэндзлікі?

— За ўвесь час хто толькі не дапамагаў, асабліва на пачатку, калі трэба было рыхтаваць палатно: і браты, і сястра, і сябры з сяброўкамі, і сусед нацягваў палотны на падрамнікі. Наўкола заўсёды шмат добрых людзей, якія не адмовяць ні ў чым. А цяпер, калі магу нешта сам зарабіць, то ўжо купляю гатовыя грунтаваныя палотны.

— Колькі ў сярэднім пішацца карціна?

— Як якая. Некалі працаваў па 5-6 гадзін без адрыву і карціна выходзіла за 3-4 дні. Цяпер працую менш, гадзіны па тры, і каб нешта атрымалася, патрабуецца ўжо дзён шэсць.

— Што самае складанае для цябе ў гэтай справе?

— Менавіта для мяне — гэта тое, што я не магу адысці, зрабіць крок назад, каб зірнуць. Такім чынам я пазбаўлены перспектывы. Малюеш-малюеш, адышоў — і фарбы бачыш, каларыт, перспектыву, адценні, палітру ўсю. А калі палатно пад носам — ты не разумееш гэтага. Працуеш навобмацак, на інтуіцыі.

Таму часта прыходзіцца перарабляць. А праўкі часта псуюць карціну. Бывае так, што першы дзень папрацаваў і нешта ўхапіў. Але потым бачыш — там крыва, там, пачынаеш правіць і адчуваеш: нешта сышло, няма ўжо той лёгкасці, і настрой знік…

Часта здаралася, што здымаў я падобныя палотны. Прасіў, каб парвалі іх і выкінулі, таму што не магу глядзець на сапсаваную ці дрэнную работу. І пачынаў усё спачатку.

Вясковы ранак на карціне Анатоля Галушкі

— А якая самая ўдалая твая карціна?

— Напэўна, за год такіх бывае адна-дзве. І калі ўзяць усе гады, то такіх карцін назбіраецца з два дзясяткі, якія сапраўды мне падабаюцца. Я разумею, што гэта не высокі жывапіс, але я таксама разумею, што лепей не зраблю, бо гэта ўжо зроблена па максімуме.

— Якая работа з усіх намаляваных самая складаная?

— А тут не выбераш, яны для мяне ўсе складаныя, хутчэй, можна выбраць самую лёгкую. Таму што працаваць так, як я — гэта вельмі складана. І палатно ўвесь час прыходзіцца пераварочваць то бокам, то дагары нагамі, таму што не дацягнуцца. Цяжка працаваць, але гэтая цяжкасць мне падабаецца. Калі атрымліваецца, то я не адчуваю стомленасці, нязручнасці.

— Малюеш толькі пейзажы?

— Не. Кветкі малюю, нейкія сюжэтныя працы, з дзецьмі. Птушак, звяроў люблю — і ваўкоў, і зуброў, — яны ўсе разышліся. Спрабую партрэты — намаляваў аднаго брата, другога. Але зноў жа тая самая праблема — не магу адысці крок назад, каб паглядзець, ці ўсё добра, ці не перакошана, ці прапорцыі вытрыманыя… Але людзі на партрэтах атрымаліся падобныя, адразу пазнаеш, хто гэта.

— Што хацелася б напісаць? Можа, ёсць нейкая мара?

— Ёсць ідэі. А мара — гэта каб куды паехаць, нешта ўбачыць — на які пленэр. Кожны раз, калі бываю на прыродзе, разумею, наколькі адрозніваеца жывая натура, жывы позірк ад таго, што я малюю па здымках. Гэта зусім іншыя адценні, фарбы. Гэтага не хапае. А ідэі ў мяне ўвесь час ёсць.

Адна з апошніх карцін Анатоля Галушкі

— Колькі карцін табой ужо напісана, хаця б прыкладна?

— Я не вяду ўлік, але калі прыкінуць, што малюю ўжо больш за 20 год, а я спрабаваў і акварэль, і гуаш, і акрыл, і алей, — набярэцца як мінімум карцін 800, калі не болей. Гэта я цяпер меней працую. А быў перыяд, калі я стаў раптоўна запатрабаваны.

Маю першую выставу ў Івацэвічах заўважылі нават у Брэсце і захацелі туды ў культурна-метадычны цэнтр, але ў мяне не хапала карцін. Зала была вялікая і патрабавалася карцін з 50, а ў мяне была толькі палова ад таго. Стаў працаваць. Пасля Брэста Івацэвічы зноў запрасілі. Тут гэтыя карціны пачалі разыходзіцца, а ў мяне ўсё просяць: «Давай выставім там, там…». І я працаваў апантана, штодзень, нават без выхадных. І за год маляваў да 50 карцін.

— Дарэчы, куды яны разыходзяцца?

— Першыя разыходзіліся па Івацэвічах і па гарадах, дзе рабіліся выставы, уключна з Мінскам. А потым ужо почалі раз’язджацца па свеце. Калі ў мяне была трэцяя ці чацвёртая выстава ў Івацэвічах, мой сябар Валерый Гапееў сфатаграфаваў карціны і выставіў іх на сайт: можа, хто пажадае купіць. Адразу пайшлі заяўкі.

Нават мне напісаў нейкі багаты мецэнат з Масквы: купляю ўсю выставу. Але тут ужо мясцовыя купілі пяць ці шэсць карцін. Ён нават пагадзіўся забраць астатнія 25 і падарыць якой-небудзь дзіцячай установе. І тут нечакана ўзніклі мытныя перашкоды — трэба было дабівацца дазволу на вываз у Міністэрстве культуры.

Тады ён прапануе: раз нельга вывозіць, знайдзіце якую-небудзь дзіцячую установу ў Беларусі, я выкуплю карціны, а вы іх падорыце туды. І Валера выйшаў на Дзіцячы гематалагічны цэнтр у Бараўлянах. Дырэктар цэнтра паглядзела карціны, яны ёй спадабаліся, і яна пагадзілася: «Прывозьце!»

Потым праз год мне ўжо адна знаёмая расказвала, што хворыя дзеці, якія наведваюць пакой с карцінамі, супакойваюцца, адчуваюць сябе лепей. Мне тады столькі прыемных слоў нагаварылі!

Потым былі замовы і з Масквы, і з Піцера, і з Украіны. Нават Камсамольск-на-Амуры і Германія. Ад’язджалі туды знаёмыя і прасілі: «Толя, хочам каб на сцяне была наша прырода». Мая карціна ёсць у Ірландыі. Таксама адна знаёмая замовіла, каб я намаляваў мясцовыя пралескі. Цяпер тая карціна на сцяне ў яе ірландскім доме. І па словах гаспадыні, так прыемна штодзень бачыць беларускі пейзаж.

Часцей за ўсё на карцінах Анатоля Галушкі — пейзажы, прыгожая прырода

Крыніцы аптымізму

— Сапраўды, твае карціны нясуць добры настрой, а за кошт чаго ты сам падтрымліваеш аптымізм? Што дапамагае?

— Дапамагаюць сваякі — мы заўсёды побач, і яны не даюць мне заляжацца. Мае брацікі малодшыя, калі прыязджаюць. І калі добрае надвор’е і ў мяне ёсць жаданне — мы і ў лес з’ездзім, і на возера, і ля кастра пасядзім, і з вудаю. Таму я не адчуваю сябе нейкім абмежаваным. Да таго ж у мяне заўсёды было шмат сяброў. Кожны дзень альбо звоняць, альбо завітваюць. А калі няма часу, то міма хаты праязджае такі — і пасігналіць. Таму я не адчуваю адзіноты.

— Анатоль, а ці бываюць у цябе перыяды дэпрэсіі і роспачы? Калі так, то як з іх выходзіш?

— Бываюць. Часам лезуць думкі, што я нікому не патрэбны, а ўсё што ні раблю — не тое. І паэзія і проза — нявартыя, а малюнкі — не патрэбныя. І цягнецца такі стан некалькі дзён. Бываюць цяжкія перыяды: надакучыў гэты свет, замучыўся, няма сіл.

Аднойчы сустрэўся чалавек, мне яго як Бог паслаў, выцягнуў з такой ямы! Мне ўжо там і добра было, не хацелася наверх. І так па жыцці, колькі я аналізаваў: сапраўды Бог падкідвае ў самыя цяжкія моманты такога чалавека, які выцягвае. І зноў, паціху-паціху, вяртаецца жаданне нешта рабіць, жыць, радавацца жыццю.

— Ці ёсць у цябе нейкія людзі ці персанажы для пераймання, як, напрыклад, Нік Вуйчыч?

— Калі я пабачыў па тэлевізары Ніка Вуйчыча, то нічога ад яго не ўзяў, таму што ўжо сам такім быў. Ужо да мяне прыходзілі людзі — не пашкадаваць, а ад мяне падзарадзіцца энергіяй, аптымізмам.

Колькі раз мае сябры казалі: «Да цябе як да бацюшкі прыйдзеш, і ты здымеш усё, супакоіш ці падкажаш нейкае выйсце».

У гэтым сэнсе я заўсёды раўняўся на нейкіх людзей паўнавартасных, так бы мовіць. Напрыклад, на нашага краязнаўца Алеся Зайку.

І я не магу не сказаць яшчэ пра аднаго чалавека, як пра свайго настаўніка. Калі б не ён, не было б ні літаратуры, ні маіх зборнікаў. Гэта Валерый Мікалаевіч Гапееў. Нехта ад мяне зараджаўся, а я звяртаўся да яго, калі нічога не атрымліваецца і не хочацца — і вершы не ідуць, і не ведаю, што рабіць.

Пазваню Валеру — пяць хвілін — і ў мяне ўсмешка, я ўжо знаю, чым займуся. Я заўсёды захапляўся яго працаздольнасцю. Мяне ніхто ў плечы не гоніць: я магу працаваць, магу не працаваць, магу некалькі дзён адпачыць. А гэты чалавек, працуючы адказным сакратаром у газеце, яшчэ піша артыкулы і свае раманы! Піша для часопісаў, газет. Я не ведаю, дзе ён знаходзіць энергію. Я ад яго зараджаўся, ён мне быў прыкладам, як і Алесь Зайка.

Сапраўды, шмат бярэш аптымізму ад размоваў з такімі людзьмі. Чалавек працуе, не звяртаючы ўвагі ні на час, ні на сілы, ні на здароўе. Вось на гэтых і раўняюся.

Анатоль Галушка

На роднай мове

— Дарэчы, некалькі слоў пра тваю паэзію.

— Гадоў дваццаць займаюся ўжо. Жывапіс прыйшоў на гадоў пяць-сем раней. У мяне была выстава ў Мінску і дырэктар залы рабіла са мной для радыё інтэрв’ю. І спытала: «Чаму менавіта жывапіс? Чаму не вершы, не проза?» Я адказаў, што маляваць можа кожны — горш-лепей, а пісаць — тут трэба мець талент. Гэтага таленту я ў сябе не адчуваю. А калі няма таленту — няма і сэнсу, і ганьбіцца не варта.

Потым паляжаў дома і ўспомніў, што калісьці ў юнацтве ў мяне добра атрымліваліся вершы, і я нават сваім пляменніцам дапамагаў. Думаю, давай паспрабую. І за тыдзень я каля шасці вершаў напісаў на рускай мове і адправіў «на суд» Валерыю. Ён надрукаваў два вершы ў газеце, ды яшчэ з такой анатацыяй, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Я адчуваў такі гонар!

А потым і кніжка выйшла. І мне далі званне ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна. Я да гэтага ўсяго ўжо спакойна стаўлюся. Прыемна, канешне, але каб я нешта спецыяльна рабіў для гэтага? Не. Я раблю для сябе. У першую чаргу, каб сабе даказаць.

Мае вершы пра нашу зямлю, прыроду — як і жывапіс. Пра свае пачуцці, перажыванні, настрой, што на душы. Ляжыш — і нешта ў галаву само прыходзіць. Ці сядзіш на рацэ — цішыня, спакой — і пайшоў некі верш. Помню, седзячы на беразе такі лёгкі верш атрымаўся. Я яго там вывучыў на памяць, а прыехаў дадому — і адразу запісаў.

Першы зборнік вершаў і эсэ «Сляды на пяску» выйшаў у 2012 годзе. Таксама Валера Гапееў заняўся ім, потым падключыўся Анатоль Крэйдзіч — кіраўнік абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў. Крэйдзіч нават хацеў выставіць яго на абласны конкурс імя Уладзіміра Калесніка. Але якраз з таго часу было вырашана праводзіць конкурс раз на два гады, і я не патрапіў.

Хата Анатоля Галушкі ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёна

Потым выйшаў другі зборнік «Яблычны Спас» (2016), у які ўвайшлі найлепшыя творы з першай кнігі, і таксама новыя. І ён ужо на конкурсе Калесніка атрымаў першае месца ў намінацыі «Проза». Я быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

Гэта мяне так уразіла, што я яшчэ болей паверыў у сябе: значыць, не так усё дрэнна, як мне здаецца. Робіш як бы для сябе, а калі гэта знаходзіць прызнанне, прычым на такім узроўні, гэта надае ўпэўненасці і жадання працягваць і рабіць яшчэ лепей. І прыходзіцца ўжо і займацца глыбей, вывучаць лепей мову.

Зноў жа, я пачынаў пісаць на рускай, але гэта Гапееў мяне пераканаў перайсці на родную мову. Таму што ты пішаш пра сваю зямлю, сваю вёску, а словы чужыя. Я пераключыўся, і сапраўды зразумеў, што пра сваё трэба пісаць на роднай мове. З’яўляецца зусім другое гучанне, яно неяк бліжэйшае, раднейшае.

— Ты кажаш, што пішаш і пра сваіх людзей. Штосьці напісаў пра жыхароў вёскі?

— Шмат напісаў прозы. Я па жыцці люблю пасмяяцца, люблю гумар, гумарыстычныя расказы. Падабаецца гумар Чэхава — ён прыгожы, тонкі. А ў нашай вёсцы гумарыстаў заўсёды хапала, і такія гісторыі здараліся смешныя. Вырашыў іх запісаць. Каб вясковыя простыя людзі пачыталі пра сябе.

Але тут тонкасць: трэба напісаць так, каб не абразіць, каб гэта не было насмешкаю. Я заўсёды ставіўся да людзей шчыра. І нават перад тым, як надрукаваць, знаходзіў родных, расказваў, пра што напісаў, каб не абразіць. Разумелі, дазвалялі.

Адкрыццё свету

— Анатоль, акрамя жывапісу і паэзіі, можа яшчэ што-небудзь хацелася б паспрабаваць? У цябе ёсць ідэі?

— Ідэй у мяне многа. Але чаго не хапае — гэта рук. Колькі я шкадаваў, што ў мяне не працуюць рукі. Вось бы на адзін-два пазванкі каб пералом ніжэй быў — і ўжо працавалі б пальцы рук. Тады я, напэўна, не так шкадаваў бы пра сваё становішча, таму што я вельмі люблю нешта рабіць рукамі.

Для мяне прыцягальнае дрэва… Я колькі разоў бачыў па тэлевізары, як людзі рэжуць, выпальваюць. Ну проста зайздрошчу! Заняўся б гэтым абавязкова. Я б і ганчарствам заняўся — таксама блізка. Думаю, хай бы лепей тыя ногі не працавалі, а каб рукі, каб я сам мог нешта рабіць, я б развярнуўся шырэй.

— А як арганізуюцца твае выезды на прыроду? Складана гэта?

— Не, зусім не складана. Калі спінай да чаго-небудзь прыпіраюся, я сядзець магу. Першы час, можа гадоў з дзесяць, я нікуды не выязджаў, неяк было сорамна на людзі паказацца, нават у вёску… На дарогу выязджаеш — і нейкі страх.

Два гады па бальніцах, 5-7 гадоў у закрытым памяшканні, а потым ты выязджаеш на дарогу і пачуваеш сябе проста жахліва — быццам бы на цябе ўвесь свет глядзіць. Здаецца, што з кожнага акна пільнуюць, як ты сядзіш… Цяжка было гэта.

Але малодшы брат прязджае з Мінска і: «Толя, едзем!» Ён саджаў мяне на каляску з высокай спінкай і мы на гэтай жа калясцы першы раз паехалі на раку. А ў нас там пяскі. І мой 18-гадовы брацік мяне па гэтых пясках зыбучых пхае, пот градам з яго коціцца. Мне аж шкада яго было. А ён: «Не, паедзем!»

Зімовы пейзаж Анатоля Галушкі

І я пакрысе пачаў ажываць, нанова прывыкаць да ўсяго — да гэтай прасторы, людзей. Потым мы прайшлі па вёсцы. Гэта для мяне як адкрыццё было, я ж гадоў з 15 не праходзіў па вёсцы, за гэты час у нас нават асфальт паклалі. З аднаго боку, мне яшчэ было неяк няёмка, а з другога прайшоўся — і столькі ўражанняў ад усяго! Зноў убачыць, дзе хадзіў, гэтыя хаты, і людзей сустрэць.

Людзям я дзякую. Ніколі ні маладыя, ні сталыя не выказвалі нейкага жалю, наадварот, успрымалі мяне як нармальнага, здаровага. Заўсёды шчыра, адкрыта, з усмешкаю, па-добраму. І гэта таксама надае нейкай упэўненасці ў сабе.

Потым брат купіў машыну і паспрабаваў пасадзіць мяне на пярэдняе сядзенне. Атрымалася. Сяджу добра, як у калясцы. Зноў, памятаю, былі такія ўражанні! Аж дыханне спёрла! Бы з нейкай высокай гары скокнуў, калі хуткасць у машыне ўключаецца!

І гэтыя эмоцыі па жыцці ўвесь час, нешта новае! Я нанова пачаў адкрываць свет!

І на калясцы, і на машыне я наведаў усе адметныя і любімыя мясціны: на рацэ, на полі, дзе наша бульба была, дзе сенакос. Прыезжаеш — ты 20 год не бачыў гэтага месца — як на машыне часу! На тое дрэва калісьці лазіў, там капіцы стаялі, там стажок скідвалі. Гэта як лыжкай аднекуль чэрпаеш і падсычаешся энергетыкай — яно і натхняе, і дае сілы, і настрой дае.

Некаторыя мясціны пазнаваў па-новаму. Нейкія захаваліся арыенціры, дуб там стары… Едзеш і не разумееш: а што гэта, а дзе гэта? Але ўспомніў усё!

Столькі ўражанняў прыемных! Гэта дае і аптымізм, і жаданне жыць, і няма таго адчування абмежаванасці, што ты нікому не патрэбны, што ты ляжыш тут бы ў клетцы, бы ў турме.

— Дзе яшчэ хацелася б пабываць?

— Я кожнае лета планую дзесьці пабываць. Быў вось у Нясвіжскім замку. Думаю, сотня кіламетраў — гэта не так многа. Тым болей, што з братам ужо ездзіў у Брэст і ў крэпасць, абхадзілі там усё. У Баранавічы з’ездзілі, потым малодшы брат завёз да сябе на дачу — гэта сто кіламетраў ад нас, гэта недалёка ад зубра на дарозе М1.

Паехалі ў Нясвіж! І маму ўгаварылі: паглядзі хоць на старасці год на гэтую прыгажосць. І сапраўды — гэта прыгажосць! Такія эмоцыі! Мы як падышлі да гэтага рова, і я як глянуў — і гэтая глыбіня быццам цягне да сябе. Гэта адначасова і страх, і захапленне! Напэўна, падобна на перажыванні падчас скокаў з парашутам.

Потым, праз год, паехалі ў Мірскі замак. Абышлі там усё, і зноў столькі ж эмоцый!

У Белавежскую пушчу хачу яшчэ, ды неяк усё не атрымліваецца.

Ездзілі на азёры. За Целяханамі праходзіць ралі «Дрыгва». Я ўжо тры разы там быў. Брат яшчэ так завязе, на самае ўдалае месца, дзе яны стартуюць, канаву пералятаюць. Столькі там гледачоў, эмоцый! Адчуваеш сябе ў гушчы такіх прыемных падзей.

— Можна нават сказаць, што ты пабачыў болей, чым сярэднестатыстычны жыхар раёна?

— Болей. На Агінскім канале штогод рэканструкцыя падзей Першай сусветнай вайны праходзіць. Я быў на рэканструкцыях разы з чатыры.

Гэта ўсё новыя, жывыя эмоцыі. І адначасова забываеш пра свае недахопы.

На выставы пачаў ездзіць. Таму што першыя выставы я не наведваў катэгарычна — гэта ж трэба на людзі, на вочы. А потым асвоіўся: і у Белаазёрск паехаў, і ў Бярозу.

Карціна Анатоля Галушкі

— Сёння адчуваеш сябе знакамітасцю ці вядомым чалавекам?

— Не тое што адчуваю, але ўвесь час нейкім бокам з гэтым сутыкаюся. Бачу, што людзі глядзяць тэлебачанне, чытаюць газеты, ведаюць мяне.

Уразіў выпадак падчас наведвання Нясвіжа. Там нейкая дзяўчына выстаўляла на продаж свае карціны. Мы разглядаем іх. Мне спадабаліся рамонкі. «Купляйце!» — кажа дзяўчына. «Я сабе сам намалюю». «А вы не Анатоль Галушка?!»

Нармальна, думаю, прыехаў першы раз у Нясвіж, а тут мяне ведаюць. Прыемна, канешне, але я з гумарам стаўлюся да гэтага. І не карыстаюся ніколі. Некаторых гэтыя «медныя трубы» псуюць, нават вялікіх і знакамітых людзей.

— На жаль, у грамадстве шмат людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, і многія з іх сядзяць дома. Можаш даць ім нейкія парады, як зрабіць жыццё болей разнастайным?

— Я помню, да мяне не раз звярталіся з гэтым пытаннем. Помню, прасілі паразмаўляць з хлопцам 25 год, які каля сямі год ляжыць з траўмай пазваночніка. Маці ў яго няма, даглядае бацька, а сам ён нейкі азлоблены: нічога не хоча, на бацьку крычыць.

«Толя, пазвані, пагавары з ім, ты ж такі прыклад». «Колькі ён ляжыць?» — «Сем год» — «Увесь час такі?» — «Увесь час».

І я яму не пазваніў. Я гэтаму чалавеку нічога не растлумачу.

А што я яму скажу? Калі ён за сем гадоў нічога не зразумеў і не змірыўся са сваім становішчам, значыць, у яго характар такі. І ніхто яго нічому не навучыць. Калі ў чалавека ёсць патрэба — ён сам знойдзе настаўнікаў.

Я заўсёды сам шукаў прыклады: як працаваць, што рабіць, чым займацца. Я гляджу і вучуся. І мне не трэба тлумачыць: «Толя, рабі тое і тое». Пакуль я сам да гэтага не прыйду.

Паступова і ў грамадстве змяніліся адносіны за той час, пакуль я ляжаў. Калі я патрапіў у бяду — і інвалідства, і калецтва было неяк непрыгожа, і людзі адпаведна ставіліся, і на вуліцы нікога з інвалідаў не ўбачыш. А праз 15-20 год цывілізацыя і культура прынеслі вынікі. І па тэлевізары пачалі пра гэта гаварыць, і калясачнікі сталі паказвацца.

Паступова і свядомасць твая змяняецца, светапогляд, і да сябе стаўленне мяняецца, плюс прагрэс, плюс грамадства павярнулася. Возьмем, напрыклад, Аляксея Талая. Ён без рук, без ног, але дзеяч. Я паважаю такіх людзей.

Шчаслівы чалавек

— Ёсць нейкі лёс альбо наканаванасць ці ўсё ж такі ўсё ў руках чалавека?

— Лёс ёсць. Але я ўпэўнены на 99%, што лёс — гэта не нейкая матрыца, з якой ужо не выскачыш. Таму што гэта было б несправядліва. Калі мы праваслаўныя, хрысціяне, і лічым, што ад нас ужо зусім нічога не залежыць — гэта няправільна.

А як жа тады выбар, які даў Бог чалавеку? Так, нейкі лёс ёсць, але, мне здаецца, гэты лёс змяніць можна. І доказаў таму шмат.

Напрыклад, змяніць месца жыхарства — пераехаць у другі канец свету і заняцца чымсці другім — і ўжо можна змяніць лёс.

Ты сябе змяні. Я лічу, што гэтая асноўная дарога, якая завецца лёсам, на працягу жыцця мае раскрыжаванні, як у той казцы: налева пойдзеш — атрымаеш тое, направа — іншае. Вось тут ты і рабі выбар. І гэты выбар часта робіцца неўсвядомлена — зыходзячы са свайго вопыту, які ты назапасіў.

Цябе Бог на гэтую дарогу паставіць, бо ты яе заслужыў, сваім жыццём, сваімі адносінамі — да людзей, да жыцця, да Бога. А інакш чаго торгацца, змагацца, упірацца, калі нехта за цябе ўжо ўсё рашыў? Але лёс ёсць.

— Значыць тое, што з табой здарылася, таксама было наканавана?

— Так. Я над гэтым думаў: за што? Мне васямнаццаць год — і што я такое зрабіў, што трэба было вось так?

І прыйшоў да высновы, што не абавязкова, каб я паспеў нешта зрабіць. Калі ёсць лёс, Бог, то, магчыма, Бог абмежаваў мяне ў магчымасцях ад нечага іншага? Так, ён адняў у мяне некаторыя магчымасці, але ў гэтым стане я атрымаў іншае: я малюю, я атрымаў павагу людзей.

А ў іншым выпадку што магло б быць? Мой фізічны росквіт патрапіў бы на 90-я, можа, стаў бы якім рэкецірам. Хто ведае? Можа Бог спыніў мяне, каб я апынуўся ў такім стане і пакінуў па сабе добрую памяць? Ці каб стаў для каго прыкладам?

Чалавек — найперш дух

— Тваім разуменнем, чалавек гэта найперш фізічнае цела ці дух?

— Калі мы гаворым чалавек, то гэта найперш дух. А цела — інструмент, каб гэты дух ці развіваўся, ці штосьці карыснае рабіў, працаваў над сабою. Цела — гэта абалонка. Калі мы, хрысціяне, лічым, што душа бессмяротная, а цела тленнае, і чалавек з такімі магчымасцямі, розумам, а жыве 60-80 год, неяк несправядліва, што ён столькі ўсяго рабіў, удасканальвў сябе — і што? Памёр і на гэтым усё скончылася? Які сэнс тады?

І зноў жа, гэта ва ўсіх рэлігіях, што на зямлі, мы нарабляем свой багаж, вопыт, і там атрымаем узнагароду ці пакаранне. Я гэтаму веру. Я заўсёды і ва ўсім намагаўся знайсці нейкую логіку. Калі логікі няма — гэтаму і не верыш. Бо ўвесь свет завязаны на нейкай рацыянальнасці. А інакш хаос. А інакш — рабі ўсё толькі для сябе любімага, бо пасля нас хоць патоп, і нічога не будзе. Спрабуй у жыцці ўсё! Я супраць гэтага, бо гэта самазніштажэнне.

— Такое стаўленне апісваецца модным выразам «браць усё ад жыцця».

— Паняцце шчасце не залежыць ад матэрыяльных каштоўнасцяў. Таму я ніколі нікому не зайдрошчу. Для мяне мой унутраны свет — галоўнае. І я бываю шчаслівы.

Памятаю, у Брэсце на выставе адзін чалавек сказаў: «Гэтыя людзі па-свойму шчаслівыя». А ў мяне ўжо былі пробліскі разумення гэтага. Ужо было ўсё добра, ужо змірыўся са сваім становішчам, адчуваю сябе добра, у мяне сябры кожны дзень, родныя.

А прыйдзе здаровы чалавек, у слязах: «Божа, усё дрэнна! На рабоце задзяўблі, грошай не хапае, дзеці не слухаюцца». І ты думаеш: гэтаму чалавеку цяжэй чым мне. Таму усё на гэтым свеце адносна. Галоўнае — наша стаўленне да ўсяго гэтага.

Моцны чалавек

— Ты лічыш сябе моцным чалавекам?

— У нейкім сэнсе, так. Многа не хапае, канешне. Здараюцца нейкія моманты слабасці, ляноты. Але я стараюся жыць, як кажуць, па максімуму. Напэўна, у сваім становішчы я мог бы зрабіць і болей, каб была нейкая дапамога, канкрэтна каб са мной хто працаваў. Але я нікому не надакучваю, нікога не «напружваю», займаюся толькі самастойна.

Мой бацька таксама быў моцны. Ён захварэў у 31 год, і яму ў Мінску сказалі: калі хочаш пражыць яшчэ некалькі год, трэба адмовіцца ад курыва, алкаголю, перайсці на жорсткую дыету. І здаровы малады камбайнёр кінуў усе благія звычкі, як адрэзала. Чалавек захацеў жыць. Знайшлася гэтая сіла волі, яна ёсць далёка не ў кожнага.

І ён пражыў яшчэ 13 год, за гэты тэрмін піва глытка не выпіў. І калі заехаў праз 10 год у мінскі інстытут, там усе дзівіліся, што ён жывы. Далі яму запоўніць цэлую папку папер: як ты пражыў і чым лячыўся?

Воля перадаецца. І прыклады, на якіх ты жывеш. І хочаш ці не — ты гэта паўтараеш. Так што мая заслуга толькі ў тым, што я не адмахнуўся ад гэтага ўсяго. А тое, што ў мяне ёсць — я за гэта ўчапіўся, трымаюся і жыву. Так будзе справядлівей.

Каментары1

  • Ноўнэйм
    26.02.2023
    А як можна набыць карціны Анатоля?

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі4

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам два дзевяцігадовыя школьнікі закідалі камянямі электрычку1

У Расіі ўдзельнік вайны зарэзаў сабутэльніка са словамі «Не служыў — не мужык»4

У Брэсце вайсковец злавіў чатырохгадовага хлопчыка, які выпаў з акна трэцяга паверха1

Быў «танкалёт», а цяпер з'явіўся «Дынамалёт»: борт «Белавія» будзе лятаць у ліўрэі хакейнага «Дынама»1

Лукашэнка: У Беларусі не дай Бог жанчыну абяруць27

Лукашэнка пахваліўся, што за яго ўжо напісалі 700 тысяч подпісаў14

Генштаб Украіны запэўнівае, што расійскай арміі не ўдалося ўвайсці ў Купянск і акупаваць Ільінку1

У Мінску купілі пентхаус амаль за мільён даляраў2

У Оршы ля крамы зрабілі прыгожую фотазону. Пасярод дня адтуль скралі вялікае медзведзяня10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі4

Амерыканка расказала, як выкладала ва ўніверсітэце ў Віцебску і нават дала пару ўрокаў міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →