Усяго патроху1111

«Быць дзіцём сусвету, але пры гэтым ліцвінам па паходжанні». Восем гадоў Сяргея Бульбы ў Тыбеце

У гэтым тэксце былы вайсковец і кіраўнік «Белага легіёна» Сяргей Чыслаў (Бульба) амаль не згадвае ні палітыку, ні армію. Пагутарылі з Сяргеем пра яго восем гадоў жыцця ў Тыбеце і Непале і пра тое, чаму можна навучыцца ў свеце высакагорных манастыроў, самых шчаслівых людзей і майстроў, якія бачаць будучыню.

Фота: архіў Сяргея Бульбы

«Непал — адна з найбяднейшых краін, але пры гэтым непальцы былі абсалютна шчаслівыя»

Апынуўся я ў Тыбеце дзякуючы беларускім спецслужбам. Яны ж у 1996 годзе настолькі пакрыўдзіліся на мяне, што вывезлі ў лес, каб закапаць. Пазней я даведаўся, што ад колькасці страчанай крыві ў мяне тады была клінічная смерць. А ўсе, хто па краі смерці ходзіць, пачынаюць бачыць жыццё трохі інакш.

Так было і ў мяне. Было адчуванне, што трэба нешта кардынальна ў жыцці мяняць, бо нешта змянілася ўнутры мяне. Раней я быў абсалютна нармальным, цэласным чалавекам, але пасля таго, як мяне павезлі ў лес закопваць, зразумеў, што ў Беларусі правілаў гульні няма і што мне трэба ўсвядоміць, як працуе свет. Чаму адным можна ўсё, напрыклад, узарваць свой народ у метро, а іншым нічога нельга?

Ужо не мог нармальна жыць у Беларусі, бо куды ні пайду, увесь час мяне кантралявалі. Разумеў, што я толькі людзей падстаўляю, якія ўзаемадзейнічаюць са мной і таксама трапляюць пад кантроль, таму паціху з’ехаў. Жыў у Тыбеце, Індыі, Лацінскай Амерыцы, гэта быў даволі плённы перыяд.

Чаму Тыбет? Рэч, напэўна, не ў Тыбеце, а ў Індыі, душа туды прывяла. Бывае так, што нават калі не маеш на гэта грошай, але тваёй душы туды трэба, падзеі разгортваюцца такім чынам, што ты там апынаешся. Мае сябры збіраліся ехаць у Тыбет і расказалі мне пра гэта, а я вазьмі ды і ляпні: «Мяне возьмеце?»

Зрабіў выснову, што мы не навучыліся адрозніваць тое, што ў галаве, і тое, што ў душы, бо сапраўднае толькі ў душы. У нас назапашваюцца розныя ўстаноўкі, якія нам кажуць, што нешта рабіць нельга, але душа насамрэч ведае, як правільна. Таму калі душы нешта трэба і вы да гэтага імкняцеся, то перад вамі будуць адчыненыя ўсе дзверы.

Так і я паехаў у Тыбет, сябры мне купілі квіткі. Мы з імі тады схадзілі ў горы, і наступны раз я ўжо сам ехаў у Тыбет на паўгода.

Гэта зусім іншая цывілізацыя. Здаецца, там такія ж людзі, як ты, з нагамі, рукамі і галавой, але пры гэтым там цалкам іншы свет. Той жа Непал — адна з найбяднейшых краін, аднак непальцы абсалютна шчаслівыя. У Катманду жыве паўтара мільёна чалавек, і ўсе гэтыя людзі кожны чацвер збіраюцца ў сваіх раёнах, граюць музыку на незвычайных для нас інструментах, танцуюць і радуюцца жыццю.

Першы раз я трапіў у Непал у 2007 годзе і потым назіраў, як змяняецца краіна. Непальцаў пачала, як я гэта называю, накрываць матрыца залатога ўнітаза, і яны сталі рабіцца такімі ж панурымі вожыкамі, як мы, сталі задумвацца: як можна быць шчаслівым, калі ў цябе няма апошняга плазменнага тэлевізара? А да гэтага яны жылі без усяго гэтага і былі шчаслівыя.

Простыя непальцы. Фота: архіў Сяргея Бульбы

Адкуль у іх гэтае шчасце? Знутры, адкуль яшчэ!

Тыбетцы вельмі адкрытыя, цікавыя і шчырыя. Там няма патэрнаў накшталт нашага «ты грэшны, ідзі адмалі сябе».

Прыйшоў да ламы нейкі звычайны тыбецец, распавёў, што ўсё ў яго ў жыцці не так. Лама паглядзеў на яго сваім трэцім вокам і кажа: маўляў, у адной сітуацыі ты паступіў не так, як трэба, ты гэта ўсвядоміў? Тыбецец кажа, што ўсвядоміў, а той яму: тады ўсё нармальна. Усе разумеюць, што кожны з нас атрымлівае свой досвед, карціна свету зусім іншая.

«Адзін манах пад партай сасіскі грызе, іншы — гартае «Плэйбой»

Мне ламы параілі манастыр, і калі мяне туды прынесла, манахі ў ім атрымлівалі пасвячэнне. Мне прапанавалі туды заходзіць, адзін з манахаў кажа: мы тут практыкуем столькі гадоў, а яго будуць пасвячаць адразу? Лама яму адказаў, што бачыць, з якім бэкграўндам я іду, і калі ён мяне дапускае, значыць, усё нармальна.

У тыбецкіх манастырах няма нейкіх заняткаў, як мы прывыклі. Пасля таго, як ты атрымаў пасвячэнне, ідзеш у свой пакойчык і практыкуеш [медытацыю], разлічана на тое, што ты дарос да пэўнага ўзроўню і табе гэта важна.

У тым жа Непале не так багата варыянтаў самарэалізацыі.

Краіна, акрамя манастыроў, славіцца ўнікальным народам — гуркхамі. У іх абсалютна няма страху смерці, ён не прапісаны ў іх свядомасці. Больш за тое, у іх яшчэ ёсць індуізм і будызм, дзякуючы якім гуркхі ўпэўненыя: смерці няма, ёсць проста рэінкарнацыя.

Непальцы якраз могуць рэалізоўваць сябе як жаўнеры, і гуркхі ў гэтай якасці вельмі шануюцца.

У свой час брытанцы з імі паваявалі, потым знайшоўся разумны чалавек, які прапанаваў браць іх да сябе на службу, бо дужа яны здатныя да гэтага. І дагэтуль у брытанскай арміі служыць полк з гуркхаў.

Баявы нож кукры — традыцыйная зброя гуркхаў. Фота: архіў Сяргея Бульбы

А другая магчымасць для рэалізацыі непальцаў — гэта манастыры, і іх там вельмі багата. Часта бывае, што дзіця аддаюць у манастыр проста таму, што не могуць яго пракарміць.

Таму так і бывае, што заходзіш у манастыр і бачыш: адзін манах пад партай сасіскі грызе, іншы — гартае «Плэйбой».

Звычайна старыя манахі гутараць па-кітайску ці па-тыбецку, але цяпер у манастырах часцей за ўсё ёсць чалавек, які гаворыць па-англійску. У індыйскім Тыбеце англійская мова ўвогуле вельмі папулярная, ёй навучаюць дзяцей. Тыбецкую мову я не вучыў: яна і складаная, і нідзе больш у свеце не сустракаецца. Так, на ёй усе мантры, але табе і так патлумачаць іх сэнс, ды і самае істотнае там — частата гуку.

Як я жыў у манастыры? Меў пакойчык некалькі квадратных метраў з ложкам паўтара метра. Там гатуюць рыс, трошкі бульбы, нейкую садавіну. У студзені-лютым у манастыры вельмі некамфортна, бо сцены каменныя. Гэта ж горы, там толькі багатыя могуць дазволіць сабе драўляны дом, а дом з камення для іх — зусім банальна.

На сёння ў іх не развіта нічога падобнага да службы ЖЭСаў, ніхто не вывозіць смецце. Яго выкідаюць у рэчку, і потым вясной гэтая рэчка выглядае проста жудасна, ад яе ідзе смурод, утвараюцца заторы са смецця. Тыбетцы нібыта шануюць духаў вады, але пры гэтым выкідаюць у ваду смецце, ніхто пра гэта не задумваецца.

Бачыў там, што беднасць і шчаслівасць ніяк не карэлююцца. Усе негатыўныя рэакцыі жывуць у галаве, а калі ты глядзіш на свет сэрцам, ты разумееш, што ўсё гэта было і яшчэ багата разоў будзе. Таму спакойна рэагуеш на ўсё, няма нейкай шалёнай рэакцыі.

Пабыў там паўгода, вярнуўся з Тыбета і далей зноў паехаў туды жыць. Я вандраваў, спыняўся, дзе мне было цікава, перабіраўся ў Індыю, у іншыя часткі Тыбета. Я не будыст, я агностык, але мне было цікава вывучаць, як яны жывуць. Дарэчы, калі была крымінальная справа «Белага легіёна», я якраз быў у ашраме ў Індыі. Мне тэлефануюць, кажуць, што там хлопцаў пахапалі, дык я першае інтэрв’ю даваў з манастыра.

«Яна адной рукой кладзе крупу і гэтай жа рукой кідае каровін блін у агонь»

Аб’ездзіў індыйскі і непальскі Тыбет, быў у яго кітайскай частцы, хадзіў у Гімалаі. Горы — тое месца, дзе адчуваеш веліч прыроды, маці-Зямлі. Разумееш, што ты — невялікі персанажык, ганарлівасць гэта добра здымае. Я падымаўся недзе да шасці тысяч метраў, гэта было ў раёне Кайласа. Там кожны крок даецца з вялікай цяжкасцю, бракуе кіслароду.

Горная вёска. Фота: архіў Сяргея Бульбы

Памятаю, першы раз патрапіў у тыбецкую сям’ю недзе на вышыні 4500 метраў. Там няма дроў, бо на такой вышыні дрэвы не растуць. Таму яны бяруць каровіны і конскія бліны, сушаць іх і выкарыстоўваюць як дровы. Дык стаіць там тыбетка і варыць мне рысавую кашу, гляджу — яна адной рукой кладзе крупу і гэтай жа рукой падкідвае каровін блін у агонь.

Спачатку быў у шоку, а потым мне патлумачылі: на той вышыні столькі ультрафіялету, што ён забівае ўсіх мікробаў, там усё стэрыльна.

Багата што ў Тыбеце не адпавядае таму, як мы прывыклі яго бачыць. Напрыклад, у славутым палацы Далай-Ламы, які паказваюць у Лхасе, склеп і ніжні паверх — гэта турма. То-бок тыбецкі ўрад у свой час настолькі даканаў мясцовых жыхароў, што калі кітайцы прыйшлі, тыбетцы сустракалі іх як вызваліцеляў. Цікава, што тыбетцы зараз раскіданыя па ўсім свеце, але маюць свой урад у выгнанні са сваімі выбарамі, яны не прызначаюць некага самі, як штаб Ціханоўскай.

Не ведаю больш дэпрэсіўнага рэгіёна, чым кітайская частка Тыбета. Там было некалькі хваль міграцыі, і ўсе таленавітыя і цікавыя людзі адтуль з’ехалі. Засталіся толькі тыя гаротныя, хто лічыць, што нідзе яны больш не будуць патрэбныя, і тое, як жывуць людзі, — проста катастрофа.

Крый божа, каб Беларусь дайшла да такога ўзроўню, бо яшчэ пакаленне — і пра кітайскую частку Тыбета можна будзе забыць. Як некаторыя беларусы зараз лічаць сябе рускімі, так і тыя тыбетцы пачнуць успрымаць сябе як кітайцаў.

Бачыў, як адзін хлопчык з Расіі загаварыў з іншым ламам пра кітайцаў: маўляў, вы не любіце кітайцаў, яны ж вас акупавалі. А лама яму спакойна кажа: «Першаснае — тое, што гэта наш народ прыцягнуў да сябе такую карму. Калі вы сядаеце гуляць у шахматы, вы ж не крыўдуеце на ферзя, які вам паставіў шах? Дык і што нам крыўдзіцца на кітайцаў?»

Тады ў яго спыталіся, як зараз мясцовыя камунікуюць з кітайцамі. Лама адказвае: «Нашы празорцы бачаць, што праз некалькі стагоддзяў Кітай будзе ледзьве не цэнтрам будызму. Так што мы свядома ідзём на ахвяру [Тыбетам] і будзем паскараць гэтыя падзеі».

«Нават звычайны непалец разумее падабенства Непала з Беларуссю»

Можна бачыць паралелі паміж Непалам і Беларуссю. Непал таксама знаходзіцца паміж двума монстрамі, паміж Індыяй і Кітаем. І тыя, і тыя пастаянна дураць непальцам галаву: маўляў, давайце, далучайцеся. Індусы і непальцы мала адрозніваюцца, як і мы з рускімі. І я заўважыў, што індусы, якія жывуць у Непале, гавораць, маўляў, мы з непальцамі — адно і тое ж, а ад непальцаў я такога ніколі не чуў.

Непал. Фота: архіў Сяргея Бульбы

Пачаў абурацца, казаў індусам: «Якія ж вы аднолькавыя? У Дэлі я прыходжу на прыватную фірму, а ў 11 гадзін там яшчэ нікога няма, толькі бліжэй да поўдня першыя працаўнікі прыпаўзаюць. А непальцы ўжо ў сем гадзін раніцы нешта робяць на працы». Тут тое ж самае, як у беларусаў з рускімі: культуры ў народаў блізкія, але яшчэ пытанне, наколькі драбнейшы народ здольны супраціўляцца і адстойваць сваё.

Калі рускія [ў 2014 годзе] напалі на Украіну, я якраз прыехаў у Непал. У маім заплечніку адарвалася лямка, шукаў, дзе яе адрамантаваць. Адзін непалец спытаў у мяне, адкуль я, адказаў яму, што з Беларусі і Украіны. Дык ён кажа: маўляў, што ў нас праблемы з Кітаем і Індыяй, то і ў вас з Расіяй. Здзівіўся, што нават звычайны непалец разумее наша падабенства.

Я пражыў чатыры гады ў Індыі і яшчэ чатыры — у розных частках рэгіёна, а потым перабраўся ў Лацінскую Амерыку. Проста ў мяне было адчуванне, што ўзяў [ад Тыбета] ўсё, што мог і што мне трэба было для душы, і хачу знаёміцца з рознымі вучэннямі, каб скласці сваё ўяўленне пра іх. Гэта небяспечна? Не, што выпраменьваеш, тое і атрымліваеш.

Калі я жыў у Катманду, там было багата складанасцей з малпамі, яны проста залазілі ў хату і хапалі прадметы. Але я ж не буду крыўдзіцца на малпу, бо разумею, які ў яе ўзровень развіцця. Так і з праблемамі: навошта на іх крыўдзіцца, калі можна проста зрабіць высновы, каб такое зноў не паўтаралася? А не брацца за галаву і крычаць, які я няшчасны.

Гэта пытанне выбару. А калі ўспрымаць свет не галавой, а сэрцам і душой, гэтага пытання ўвогуле няма. Так жыць — вельмі цікавы досвед. А яшчэ для мяне няма раздзялення на матэрыяльны і духоўны свет, гэта два складнікі аднаго і таго ж.

У людзей там падобнае стаўленне як да жыцця, так і да смерці. У Катманду ёсць месца, дзе спальваюць целы нябожчыкаў, — гэта невялікая тэрыторыя, бо там індуістаў не надта шмат, але ж трошкі ёсць. Не раз бачыў, як гарыць цела, а ў чатырох метрах ад яго накрыты стол, і людзі спакойна памінаюць нябожчыка, ніхто не галосіць. Магчыма, у нейкіх адгалінаваннях індуізму і наймаюць плакальшчыкаў. Але ж сваякі памерлага ставяцца да смерці спакойна, бо прывучаныя з малаком маці: смерці няма, ёсць рэінкарнацыя. Гэта ў хрысціянстве людзі жывуць адно жыццё, і таму людзі ў нас спяшаюцца рэалізоўвацца, а ў індуістаў такога няма. У Тыбеце пра смерць казалі: «перастаў сузіраць наш свет і перайшоў у іншы».

У чым сэнс такога жыцця, калі ты не спяшаешся рэалізоўвацца? Адкажу анекдотам. Прыязджае расіянін у Індыю, бачыць, як пад пальмай сядзіць індус. Далей яны гутараць.

Расіянін: Чаго ты тут сядзіш? Давай какосаў назбіраем.

Індус: Навошта?

Расіянін: Занясём на рынак, каб прадаць.

Індус: Навошта?

Расіянін: Прададзім какосы і купім тачку, наступны раз яшчэ больш какосаў назбіраем.

Індус: Навошта?

Расіянін: Як навошта? Прададзім адну тачку, другую, трэцюю, назбіраем грошай на грузавік.

Індус: Навошта?

Расіянін: Уяўляеш, колькі какосаў мы зможам пакласці ў грузавік? Ноймеш працаўнікоў сабе на бізнэс, зможаш прыйсці сюды і спакойна сядзець пад пальмай.

Індус: Дык я і так сяджу пад ёй.

У Тыбеце ёсць добры тэрмін «усвядомленасць», і мы гэтую якасць згубілі. Мы страцілі сувязь з прыродай, не адчуваем яе і не разумеем, не дапускаем, што планета жывая. А тыбетцы ўпэўненыя, што яна жывая, таму яны ніколі не палявалі і не забівалі жывёл. Прыязджаеш у кітайскі Тыбет, а там паўсюль бегаюць зграі ваўкоў, табуны зайцоў. Для тыбетцаў усё гэта — жывыя істоты, як іх будзеш забіваць?

«Мне не замінае быць дзіцём сусвету, але пры гэтым ліцвінам па паходжанні»

У 2007 годзе мяне прывялі да ламы, які славіўся прадказаннем будучыні. Ён не ведаў, дзе тая Беларусь, мо і цяпер не ведае.

Я ў яго запытаўся, як вырашыць нашы праблемы з уладай. Лама мне адказаў: «Калі ты гатовы закатаць рукавы па локаць і апусціць рукі ў кроў, то лезь туды, бо інакш у вас нічога не будзе».

На мяне гэта паўплывала. Вырашыў, што пакуль пасяджу лепш на беразе ракі і пачакаю, пакуль па ёй праплывуць трупы Лукашэнкі з Пуціным, але ж яны пакуль не плывуць, а маё жыццё ідзе.

Манастыр на ўскрайку Катманду. Фота: архіў Сяргея Бульбы

Рэч у тым, што ты сам сабе дазволіш. Лукашэнка [робіць тое, што робіць], і ніяк гэта не закранае ягонага сумлення, а ў інтэлігентнага і маральнага чалавека гэта можа выклікаць іншыя працэсы.

Я лічыў сябе беларускім патрыётам і нацыяналістам, але калі разумееш, што ты — дзіцё сусвету, усе нацыянальныя справы знікаюць. Гэта потым прыйшло разуменне, што я ж нездарма нарадзіўся ў гэтым народзе, значыць, перада мной стаіць адпаведная задача. І зараз мне не замінае быць дзіцём сусвету, але пры гэтым ліцвінам па паходжанні.

Маю аднаго цікавага настаўніка, ламу. Калі кітайцы прыйшлі ў Тыбет, ён ваяваў з імі гадоў пятнаццаць, потым яго пасадзілі ў турму. У яго часам запытваюцца наконт вайны, маўляў, як жа так, будызм за мірны ж шлях. А ён адказвае: «Я бараніў сваю Радзіму, я быў шчыры». То-бок самае галоўнае — сіметрыя душы і мозгу.

У кожнага з нас унутры ёсць сваё сонейка, і варта, каб кожнае гэтае сонейка засвяцілася, тады і грамадства памяняецца.

Мы прывыклі лічыць, што ва ўсіх вонкавых падзеях нехта вінаваты: Пуцін, Лукашэнка, камуністы — у каго што. А ў Тыбеце мяне прывучылі, што ўсё, што са мной адбываецца, гэта проста праекцыя майго ўнутранага свету.

У гэта цяжка паверыць, маўляў, я ж не хацеў, каб мяне машына пераехала, але можа ты сам раней ствараў такія сітуацыі, можа, ёсць яшчэ нешта. Часта бывае, што калі чалавеку не трэба, каб ён трапіў у нейкую аварыю, то ён да яе і не даедзе: сабака з'есць дакументы, дзеці парвуць квіток на самалёт, які разаб’ецца, ці чалавек сам зламае нагу, але пры гэтым не загіне.

А мы часта не разумеем, што жыццё — гэта не фотаздымак, а кінастужка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Найноўшая гісторыя Беларусі: як ствараўся «Белы легіён» ФОТЫ, ВІДЭА

Пабег з ГУЛАГА ў Індыю быў няпраўдай. Як беларус падмануў паўмільёна чалавек

«Бегаюць голыя дзеці разам з качкамі і парсюкамі». Беларуска пераехала ў Гватэмалу і расказвае пра гэту экзатычную краіну

Каментары11

  • Саша
    08.04.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Брэст сіла
    08.04.2023
    Цікава. Але калі праўду браць - праўда там, дзе людзі. Яна і ў Тыбеце, і ў Беларусі. А найперш цяпер яна - ва Украіне.
  • Навкс
    08.04.2023
    Ён мог бы быць Міністрам Абароны Незалежнвй Беларусію

«Нейкая шваль у Гродне». Марзалюк прайшоўся па Бондаравай і яе паплечніках22

«Нейкая шваль у Гродне». Марзалюк прайшоўся па Бондаравай і яе паплечніках

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску бармэн пасварыўся з сябрам і разграміў дзевяць машын з дапамогай сметніцы3

Беларускія навукоўцы вырасцілі пшаніцу фіялетавага колеру3

У Абхазіі паміж уладамі і апазіцыяй могуць прайсці прамыя перамовы

Слава Камісаранка ўклаў грошы ў беларускі стэндап-клуб5

У Мінску са стральбой затрымалі бузацёра2

Спявачка Б'янка расказала, як ледзьве не памерла5

Палітвязень Аўтуховіч: Калі са мной нешта здарыцца, дык гэта спецыяльна1

Тэлевядучага, які называў беларусаў біямасай, а Пазняка нацыстам, выгналі з грамадскага тэлебачання Літвы25

Мігранту, які праз агароджу забіў польскага салдата з тэрыторыі Беларусі, удалося пранікнуць у Заходнюю Еўропу15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нейкая шваль у Гродне». Марзалюк прайшоўся па Бондаравай і яе паплечніках22

«Нейкая шваль у Гродне». Марзалюк прайшоўся па Бондаравай і яе паплечніках

Галоўнае
Усе навіны →