«Бывай, Венецыя!» і «Добры дзень, Полацк!» Полацкія байдарачнікі пачынаюць новы сезон, а ад яго неспадзяванага пачатку засталося ШМАТ ФОТА
Як раней ужо паведамлялася, разліў Дзвіны ў Полацку адкрыў новыя магчымасці для воднага турызму, якімі адразу скарысталіся ўдзельнікі клуба аматараў актыўнага адпачынку «Байдарачнікі Полаччыны».
Новы маршрут «У пошуках Рагвалода» або «Полацкая Венецыя» набыў неверагодную папулярнасць. Каб прайсці па ім, у Полацк прыязджалі нават жыхары іншых гарадоў.
Узровень вады ў Дзвіне на самым піку падымаўся вышэй за адзнаку 11 метраў. Дзённыя і вячэрнія сплавы па Полацкай Венецыі байдарачнікі праводзілі цэлы тыдзень, любуючыся відамі горада з незвычайных ракурсаў.
На памяць ім засталіся фантастычна прыгожыя фатаграфіі на фоне Сафійскага і Богаяўленскага сабораў, Музея беларускага кнігадрукавання, моста з вячэрняй падсветкай, піша мясцовы рэсурс Gorod214.by.
Незабыўныя ўражанні пакінулі водныя прагулкі па бярозавым гаі і частцы затопленай тэрыторыі парку каля Кургана неўміручасці.
«Шыкоўны, цудоўны, велічны», — не стамляліся захапляцца родным горадам байдарачнікі.
З уражанняў:
«Полацк з вады выдатны! Асабліва ў вячэрні час: адлюстраванне ў вадзе Сафійскага і Богаяўленскага сабораў, мастоў, вуліцы Ніжне-Пакроўская. Узвышаючыся над вадой, турыстычныя аб'екты паўстаюць ва ўсёй сваёй пышнасці. Гэта не перадаць словамі — гэта трэба бачыць! Прырода ў чарговы раз паказала нам свае цуды. Трэба толькі глядзець, запамінаць і дзяліцца з тымі, каго не было з намі».
Але вада ў рацэ пачала спадаць, і з «Венецыяй» давялося развітацца да наступнай вялікай паводкі. Зрэшты, сумаваць аматары актыўнага адпачынку не маюць намеру.
Ужо на панядзелак анансаваны вячэрні сплаў-экскурсія «Полацк — погляд з вады» па самым папулярным маршруце цёплага сезона.
Так што «Бывай, Венецыя!» і «Добры дзень, Полацк!». Для палачан гэта самы найлепшы, самы любімы горад на зямлі, спасцігаць таямніцы якога і па вадзе, і па сушы можна да бясконцасці.
Каментары