Грамадства1212

Беларускі пенсіянер расказвае пра Грузію, працу ў фермера, віно, гаючую прыроду ды злосць на лукашыстаў

«Пасеш коз, нервы супакойваюцца, пазнікалі хваробы. Бог хоча, каб я здаровым вярнуўся», — кажа былы палітвязень Вячаслаў. Яму даў прытулак на сваёй ферме грузін-аднагодак. Беларус на чужыне даглядае чужую гаспадарку, а на радзіме яго чакаюць жонка, дзеці і ўнукі.

Герой публікацыі Вячаслаў з гадаванцамі на ферме ў грузіна

«Гасціннасцю не злоўжываю. Працую. У доме не лішні»

Вячаслаў дзесяць гадоў як на пенсіі. У 2020-м далучыўся да пратэстаў, пакідаў у сацыяльных сетках крытычныя каментары пра сілавікоў, трапіў пад крымінальны пераслед.

За «абразу прадстаўніка ўлады» Вячаславу далі 2 гады «хатняй хіміі». Потым пачалі выклікаць у міліцыю па іншай крымінальнай справе. Ад яго дабіваліся згоды на «пакаяльнае відэа», а калі тое не ўдалося, то сталі пагражаць турмой. Ён пакінуў радзіму і два гады перабывае ў Грузіі.

Тут жыве больш за 13 тысяч беларусаў. Багата іх пакінула радзіму, ратуючыся ад палітычных рэпрэсій. Грузія стала адным з самых папулярных кірункаў рэлакацыі беларускага бізнэсу.

Першы час Вячаслаў шукаў занятак на мясцовых вытворчасцях, але нікому пенсіянер не прыдаўся. Перабіваўся часовымі падпрацоўкамі, пакуль не пазнаёміўся з фермерам, які прапанаваў стаць яму кампаньёнам.

«Што прадамо, выручку, казаў, папалам. А мне шмат не трэба. Каб быў начлег ды інтэрнэт. У фермера я нібыта ў гасцях, але гасціннасцю не злоўжываю. Працую. У доме не лішні…» — расказвае Вячаслаў.

Прыехаўшы да фермера, беларускі пенсіянер быў у дэпрэсіі. Яго даймаў неспакой і думкі, што ў старасці пакінуў радзіму. Ад прыгнечанасці зараз ратуюць прырода і козы.

Гадаванцы фермера, якіх даглядае беларускі пенсіянер. Калаж з фотаздымкаў героя публікацыі Вячаслава

«Пасеш коз, назіраеш за імі, нервы супакойваюцца. У мяне нямала было хвароб, хранічных, узроставых. А цяпер некаторыя пазнікалі. Ціску, напрыклад, няма. Перастаў прафілактычныя прэпараты прымаць для яго нармалізацыі. Бывае, галава пабольвае, але ж я ўжо не хлопчык», — разважае Вячаслаў.

«Бог хоча, каб я здаровым вярнуўся і місію сваю выканаў, — дадае ён. — Мы ж на шэсцях выгуквалі: «Не забудзем, не даруем». Трэба прыехаць і разабрацца з тым, каму мы «не даруем». Я злапамятны».

Вячаслаў нарадзіўся ў райцэнтры і не лічыць сябе вясковым жыхаром.

Вячаслаў на ферме ў грузіна

«Спачатку было цяжкавата, пакуль не вывучыў звычкі коз. У кожнай свой характар. Адна паслухмяная, а другая можа гарцаваць без перапынку. Але чалавек можа ўсяму навучыцца. У мяне выйшла хутка асвоіць, як даіць кароў і коз», — заўважае Вячаслаў.

Гаспадарку фермера беларус называе натуральнай і прымітыўнай. Механізацыі ў ёй няма. Пенсіянер цэлы дзень заняты справамі. А апошнім часам наогул даглядае яе адзін, бо фермер афармляе дакументы на дзялянку зямлі бліжэй да гор і падалей ад горада, які разрастаецца, паглынаючы вёску.

«Не скажу, што я дужа стамляюся, але і лайдачыць часу не маю. Усё даводзіцца рабіць рукамі. У гаспадарцы свінні, карова, цяля, куры, качкі, 32 казы з казлянятамі. Нядаўна прыбілася да нас авечка. Кабыла ёсць, жарабя, вослік, з якім забаўляецца мясцовая дзятва», — расказвае Вячаслаў.

Горад набліжаецца да гаспадаркі фермера, якому дапамагае беларус. Фота: архіў Вячаслава

Яго працоўны дзень пачынаецца на досвітку.

«Падымаюся, карову на выпас ганю, цяля прывязваю ў полі, кармлю свіней, сабак. Раніцай даю 11 коз, бо яны стаяць асобна ад казлянят, а ўвечары толькі траіх, бо казляняты высмоктваюць матак», — апавядае пра свае абавязкі Вячаслаў.

У Грузіі зімы ў параўнанні з беларускімі цёплыя, заўважае суразмовец:

«За ўсю зіму тры разы снег толькі выпадаў і ад яго хутка знаку не заставалася. Патрэб у дыхтоўных пабудовах няма. Каровы стаяць пад паветкамі, а авечкі ў загонах. Карова ўсю зіму пасвілася, як і козы».

«За паўгода больш выпіў, чым за ўсё сваё жыццё»

Фермер — аднагодак Вячаслава. Сваю гаспадарку заклаў 15 гадоў таму. Сам ён з Тбілісі. Фермерствам заняўся, каб быць незалежным. Беларусу гаспадар прызнаўся, што гарадское жыццё яму абрыдла і захацелася на прыроду. Жонка адмовілася з ім ехаць, і ён яе кінуў.

«Грузін лічыць, што жонка павінна за мужам ісці ўсюды. Цяпер зрэдку з ёю сустракаецца. Да яго прыязджаюць дзеці. У мяне выпытваў, чаму са мною мая не прыехала…» — апавядае Вячаслаў.

Гаспадарка фермера па мерках Грузіі невялікая. Неяк Вячаслаў сустрэў хлопца, які пераганяў статак са 150 авечкамі. Яшчэ ў аднаго гаспадара атара авечак сягае 1100 асобін. У вёсках людзі трымаюць па 45 кароў.

Вырабленае фермер прадае. Калі застаецца малако, то робіцца сыр і тварог, якія таксама прадаюцца.

Літр казінага малака каштуе 11 рублёў (10 лары), каровінага — 5 рублёў (4 лары). За дзясятак яек фермер просіць 8 рублёў (7 лары). Сярэдняя пенсія ў Грузіі не дацягвае да 350 рублёў (260—300 лары).

Грузінскія краявіды. Фота: архіў Вячаслава

Вячаслаў кажа, што ў Грузіі харчы даражэйшыя, чым у Беларусі, але тамтэйшае стаўленне грузін да дабрабыту іншае.

«Калі прадукцыя не распрадаецца, то яна раздаецца задарма. Потым нас частуюць іншым. Калі чалавек аказваецца без працы ці ў яго нешта здарылася, то сябры, знаёмыя дапамагаюць яму. Грузіны кажуць, што ў іх здавён так было. Мы забілі нядаўна кабана — 300 кілаграм. Усё ў халадзільнік не ўлезла. Дзеці фермера забралі. Суседзяў ён пачаставаў», — адзначае беларус.

Вячаслаў кажа, што грузінская гасціннасць і шырыня душы не выдумка. Калі ў фермера бяседа, то на яе абавязкова запросяць чужынца. Але беларус застолляў стаў пазбягаць.

«За паўгода больш выпіў, чым за ўсё сваё жыццё, — прызнаецца ён. — Яны п’юць чачу, а мой арганізм не вытрымлівае, і я хутка п’янею. Дык п’ю белае віно. Адзін грузін заўважыў гэта і сказаў, што і я ўжо грузін. Паабяцаў пачаставаць сваім віном і назаўтра прывёз яго 20 літраў. На навагоддзе даставіў яшчэ дзесяць. Дык ужо я частаваў гасцей».

Сельская гаспадарка ў Грузіі трымаецца на прыватніках, а калгасаў, як у Беларусі, па сутнасці ніколі і не было. У савецкі час нямала грузін трымала па 300 авечак, а калі Савецкі Саюз разваліўся, то зямлю раздалі ахвотным.

Выган у Грузіі зусім не падобны да беларускага. Фота: архіў Вячаслава

Мясцовым фермерам ніхто не ўказвае, што ім вырабляць і не прыглядае за імі.

Вячаслаў апавёў свайму кампаньёну, як Лукашэнка накінуўся на аграрнікаў за «абасраных кароў». Грузін смяяўся, але не зразумеў, навошта кіраўніку дзяржавы ісці ў кароўнік.

Фермер раіць свайму памочніку па вяртанні закласці сваю гаспадарку.

«Я яму адказаў, што для гэтага ў Беларусі патрэбна нямала сродкаў, але ў мае планы фермерства не ўваходзіць. На радзіме буду адпачываць, з унукамі забаўляцца. Я гэта заслужыў», — пераказвае адказ грузіну беларус.

«Няўжо я буду перад злачынцамі каяцца. У чым мая віна?»

Вячаслаў кажа, што грузіны, з якімі ён сустракаўся, дапамагаюць украінцам і перажывалі за Беларусь падчас пратэстаў. Яны спадзяваліся, што беларусы адыдуць ад Расіі, якая акупавала Абхазію і Паўднёвую Асецію і стварыла там сепаратысцкія ўрады.

«Калі прыехалі расіяне ратавацца ад мабілізацыі, дык цэны тут узляцелі на ўсё. На кватэры цэны ўзраслі ўтрая. Беларускім эмігрантам тут няпроста жывецца. Даводзіцца цяжка працаваць. У хостэлах начуюць. Бывае, што на будоўлі спяць узімку на пенапласце», — расказвае Вячаслаў.

Акцыя салідарнасці з пратэстамі ў Беларусі. Тбілісі, 21 жніўня 2020 год. Фота: Іна Кукуджанава/kavkaz-uzel.eu

Па яго словах, беларусы ў Грузіі дужа злыя на лукашыстаў, бо праз іх аказаліся адарваныя ад радзімы.

«Многія хочуць вярнуцца ў Беларусь і звесці з ім рахункі. Я падумваў, што калі ляснецца рэжым Лукашэнкі, дык тут яшчэ застануся крыху. Не хачу грэх на душу браць», — выказваецца Вячаслаў.

Пенсіянер з Беларусі лічыць, што знойдуцца суайчыннікі, якія наважацца звярнуцца ў камісію па вяртанні. Ён жа таго рабіць не збіраецца.

«Няўжо я буду перад злачынцамі каяцца? У чым мая віна? Не стане ніколі беларускі шляхціц перад свіннямі бісер сыпаць», — даводзіць Вячаслаў.

Пенсіянер ірвецца на радзіму да ўнукаў, якія могуць яго не пазнаць.

«За што мяне з імі разлучылі?» — пытаецца ён.

Беларусы Грузіі адзначылі другую гадавіну пачатку пратэстаў шэсцямі. Фота даслалі чытачы «Нашай Нівы»

Пенсіянер лічыць, што працягласць эміграцыі не залежыць ужо ад беларусаў. Па яго словах, з Лукашэнкам доўга цывілізаваны свет «цацкаўся, пакуль ён забіваў нязгодных з ім».

«Спадзеў на Украіну, якая разаб’е Пуціна, і Лукашэнку больш ніхто не будзе дапамагаць. Тады ў нас з'явіцца надзея на вяртанне».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

«Па выніках апытанняў, сям'я мігрантаў траціць у сярэднім каля 1700 даляраў за месяц». Што сабой уяўляе сучасная Грузія

Геапалітычная гульня Кітая: якую ролю выконваюць Пуцін і Лукашэнка?

У Грузіі праходзяць жаночыя маршы супраць закона аб іншаземных агентах

«Уласнасць, грошы і ўлада — гэта тры кіты». Упершыню за доўгі час чыноўнік даволі горача публічна пярэчыў Лукашэнку

Каментары12

  • Арына
    10.05.2023
    В парубки пошёл и счастлив. Каждому своё.
  • **
    10.05.2023
    "Не стане ніколі беларускі шляхціц"
    а шляхціц што - пры першай небяспецы збягаў? і не бараніў сваю зямлю?
  • Ганьба
    10.05.2023
    Арына, Так, рабам ды рабыням такое шчасце не зразумець.

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу8

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?1

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася28

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

Трэнеру брэсцкага «Дынама» стала кепска пасля перамогі над БАТЭ — яму тэрмінова зрабілі аперацыю на сэрцы1

У Мінску пайшоў снег ФОТА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Стала вядома, якія дні будуць выходнымі на Новы год

Галоўнае
Усе навіны →