Грамадства22

«Нам патрэбна дапамога, хоць пра гэта няёмка гаварыць». Беларуская школа ў Варшаве абвяшчае набор на новы год

Зараз не толькі ў сталіцы Польшчы, але і ў іншых гарадах: Беластоку, Гданьску, Кракаве, Познані — будуць суботнія заняткі афлайн.

Заняткі ў беларускай школе. Архіўнае фота

«Радыё Свабода» пагаварыла з Алесем Лозкам, які летась выступіў з ініцыятывай стварыць Беларускую школу ў Варшаве, распыталі пра новыя пляны.

«У нашай школе менавіта беларускі кампанэнт: мова і літаратура, гісторыя Беларусі, мастацтва»

— У польскіх школах па стане на пачатак 2023 года навучаецца 26 тысяч беларускіх дзяцей. Яны вучацца ў польскіх школах паводле польскіх праграмаў, падручнікаў. А што вы прапануеце ім?

— Беларускія дзеткі, якія з розных прычын апынуліся з бацькамі ў эміграцыі і пайшлі ў польскія школы, ня маюць магчымасьці вывучаць беларускую мову, літаратуру, гісторыю. А ў нашай школе менавіта беларускі кампанэнт: беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, мастацтва, адмысловы прадмет «Чалавек і сьвет».

Паўтары сотні навучэнцаў з Варшавы займаліся па суботах у памяшканьні Акадэміі добрай адукацыі і на анлайн-пляцоўках (і ў іншыя дні) з гарадоў Польшчы.

Прычым мы абсалютна не чакалі, што адгукнецца так шмат ахвотных зь іншых краінаў сьвету. У выніку ў нас вучацца прадстаўнікі Албаніі, Беларусі, Грузіі, ЗША, Ірляндыі, Італіі, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Расеі, Турэччыны, Чарнагорыі, Чэхіі і нават Японіі.

Алесь Лозка

Апошнім часам заўважаецца прыхільнасьць беларусаў да роднай мовы — і з тых, хто застаўся ў Беларусі, і хто часова пакінуў радзіму, і хто ў даўняй эміграцыі. Гэта мы, настаўнікі, заўважаем, напрыклад, па нязвыклых прозьвішчах і імёнах нашых вучняў (Сэм, Кова, Вагнэр, Мэліса, Амэлія, Ганэм, Альдо, Карла), што яны неабавязкова з апошняй вялікай хвалі эміграцыі, а бацькі прывучаюць сваіх дзяцей да такой далёкай і блізкай, рэпрэсаванай мовы продкаў.

— Вучні з усяго сьвету. А хто пэдагогі? Ведаю, летась быў вялікі конкурс на настаўніцкія пасады.

— У нас працуюць цудоўныя пэдагогі, якія прайшлі ў свой час вялікі конкурс з сотні ахвотнікаў у нас працаваць. Сярод іх спрактыкаваныя настаўнікі з катэгорыямі і навуковымі званьнямі, ёсьць некалькі прафэсараў, найлепшыя выкладчыкі зь Беларусі, якія зазналі рэпрэсіі і былі звольненыя.

«Два апошнія месяцы нашы пэдагогі працуюць на ўласным энтузіязьме»

— Год таму перад адкрыцьцём школы мы з вамі размаўлялі і адчувалася, што вы хоць і аптыміст, але ў вас была трывога. Першы год пераадолены. Цяпер усё добра, праблем няма?

— Па шчырасьці, у мяне закрадвалася нейкае невялікае сумненьне ў тым, што мы зможам пратрымацца год. Яно не зьвязана з неабходным кантынгентам дзяцей ці настаўнікамі, сапраўды чулымі і ахвярнымі, а ў асноўным трымалася на матэрыяльным фактары. Вось цэлы год (і дагэтуль) нас чамусьці абмінаюць спэцыяльныя адукацыйныя грантавыя праграмы.

Дзякуй, што часам нам працягвалі руку дапамогі неабыякавыя і шчырыя беларусы. Але ўсё роўна два апошнія месяцы нашы пэдагогі, «інжынэры чалавечых душ», працуюць на ўласным энтузіязьме. Нам яшчэ патрэбна дапамога, хоць пра гэта няёмка і нясьціпла гаварыць.

«Нам патрэбна загадзя вызначыць, у якіх гарадах Польшчы можна будзе адкрыць афлайн-філіялы»

— Якія пляны пашырэньня на новы навучальны год?

— З новага навучальнага года мы зможам арганізаваць больш за 20 новых клясаў у розных гарадах Польшчы, адкрыць філіялы Беларускай школы, напрыклад, у Беластоку, Варшаве, Гданьску, Кракаве, Познані ці іншых гарадах, дзе існуе найбольшая канцэнтрацыя нашых суайчыннікаў, якія не па сваёй волі апынуліся ўдалечыні ад радзімы, і набярэцца неабходная колькасьць дзяцей у клясе-камплекце. Дарэчы, ва Ўроцлаве тутэйшыя беларускія настаўнікі самастойна будуць ствараць школку, ужо дачакаўшыся падмогі.

Нам патрэбна загадзя вызначыць, у якіх гарадах Польшчы можна будзе адкрыць афлайн-філіялы (школкі) і клясы на анлайн-пляцоўцы. Дзеля гэтага распаўсюджваем сваю анкету-заяву.

У першы дзень мы атрымалі заявы ад бацькоў з Расеі, затым пайшлі адказы на анкету з гарадоў Польшчы і Беларусі (далей па чарзе паступленьня): зь Японіі, ЗША, Чарнагорыі, Літвы, Грузіі, Італіі, Ірану, Кіпра, Альбаніі. Зь Беларусі напісалі: «Вялікая падзяка за праект і за цудоўных настаўнікаў шостай клясы!».

Кранае шчырасьцю і допіс па-беларуску Тацяны з далёкага Ірану:

«Пасьля двух гадоў пандэміі і адмоваў ад іранскіх садкоў сын ня ведае, як кантактаваць зь людзьмі. Тут патрэбна дапамога. Зараз займаемся з прыватнымі спэцыялістамі. Але мо ў вас ёсьць беларускамоўныя? Хто зможа нам трохі дапамагчы ў гэтым пытаньні? Сын разумее беларускую мову лепш за ўсе, яшчэ цяпер падцягваем фарсі, таксама ангельскую і трохі расейскую. Быў час, калі сын проста ніяк не размаўляў. Цяпер сытуацыя палепшылася».

Скажу так: «Дзякуй вам за любоў да беларускай мовы. З прыемнасьцю чакаем цябе, Ільлясік, у нашай першай клясе».

«Каб рабіць запісы анлайн-урокаў, мы бралі дазвол ад бацькоў»

— Мяркую, што ёсьць і складанасьці: розьніца ў часавых паясах. Як атрымліваецца арганізоўваць заняткі, каб задаволіць усіх?

— У бягучым годзе ў нас урокі для першаклясьнікаў прымеркаваныя да трох часавых варыянтаў у раскладзе, каб маглі навучацца беларускія дзеці зь іншым (далёкім ад польскага) паясным часам. Ці атрымаецца тут пашырыць нам часавы абсяг (гэта вымагае дадатковых матэрыяльных выдаткаў)?..

Са Злучаных Штатаў пішуць:

«Паколькі розьніца ў часе з Амэрыкай не дазваляе дзецям далучацца анлайн непасрэдна ў час занятку паводле польскага часу, мяне цікавіць магчымасьць арганізацыі заняткаў так, як яны былі арганізаваны для Жэні ў чацьвёртай клясе настаўніцай Н… (з запісам занятку)».

«Мне 30 гадоў, але вельмі шкада, што заняткі толькі для дзетак»

— Ведаю, што часам разам зь дзецьмі займаюцца і іхныя бацькі, далучаюцца да анлайн-заняткаў і дарослыя.

— Так, і гэта добрая прыкмета. Вось некаторыя вытрымкі зь іх лістоў (напісаньне захаванае):

«Хочам вывучаць беларускую мову ўсёй сям’ёй» (Варшава).

«Tak, vielmi żadaju papravić svajo znańnie bielaruskaj movy. Ja zakońćyla (dauno) licej z dadatkovym navućańniem movy u Hajnaucy».

«Дабрыдзень, шаноўнае спадарства! Я дарослая, мне 30 гадоў, але вельмі шкада, што заняткі толькі для дзетак. Мне не замінула б узгадаць мову і літаратуру, пачытаць вершы на беларускай, а пра мастацтва наогул бракуе ведаў. Калі будзеце ладзіць заняткі і для дарослых, грукніце ў тэлеграм ці на мэйл, я гатовая за грошы. Ці мо хто з настаўнікаў мае магчымасьць парэпэтыраваць асобна, таксама добранька будзе. Дзякуй вялікі за ўвагу і за вашую ініцыятыву» (Нікасія, Кіпр).

Нашай беларусачцы-афрадыце з сонечнага вострава Міжземнага мора я так адкажу зь белага і чырвонага берага Віслы:

«Дзякуй за мову і памяць пра родную Беларусь. Калі жадаеце далей удасканальваць мову і культуру продкаў, наведвайце нашыя ўрокі ў той клясе, якую вы пазначылі». Усе беларусы з розных куткоў сьвету, узяўшыся за рукі, змогуць здолець любую гора-бяду».

Каментары2

  • Freddy
    31.05.2023
    Кабинетные очнитесь? Найдите деньги для беларуской школы в Варшаве, сделайте хоть что-нибудь нужное для страны. Вечерко давай выделяй финансы.   
  • Адольф Уласавіч
    01.06.2023
    Можа пан пачаў бы з уласнай агульнай адукацыі, перш чым нешта патрабаваць ад іншых? Менавіта беларуская мова робіць беларуса беларусам. А вы пішаце на нейкай іншай...

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары19

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары

Усе навіны →
Усе навіны

Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы1

Гэта іншае? На чым падстаўляюць удзельнікаў флэшмобу «Надо!»18

«Усе атрымалі кухталёў за афармленне». У Брэсце забаранілі Хэлоўін ва ўстановах грамадскага харчавання1

У Варшаве плануюць правесці Вялікі беларускі дзіцячы фэст1

Мужчына з Чыты 70 гадоў шукаў бацьку-беларуса, а знайшоў на шоу Малахава братоў

Сіноптыкі прагназуюць пад канец тыдня пахаладанне і мокры снег2

Закрытая справаздача Мінздароўя пацвярджае дэмаграфічную катастрофу19

У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі тыкток-старонкі Славы Камісаранкі і Аляксандра Івуліна

У Гродне правераць бяспеку Замкавай гары — каб Стары замак не споўз у Нёман

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары19

Вучылася на настаўніцу беларускай мовы, строіла палкоўнікаў. Шэсць фактаў пра Вольгу Чамаданаву, якая ідзе на выбары

Галоўнае
Усе навіны →