Нерухомасць55

Мінск не гумовы. Улады даўно прапануюць мінчукам праграму рассялення, але цяпер прапановы зусім ужо дзіўныя

Сталічныя ўлады неаднаразова спрабавалі перасяліць частку жыхароў Мінска ў гарады-спадарожнікі. Напрамкі некалькі разоў мяняліся, і гэтыя самыя спадарожнікі паспелі пабыць як перспектыўнымі, так і не вельмі. Але часам мінчукам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прапануюць з'ехаць зусім далёка. За некалькі сотняў кіламетраў, у мястэчкі, дзе жыве менш за 20 тысяч чалавек. Blizko.by паглядзеў, чым і пачым завабліваюць.

Сталічныя ўлады неаднаразова спрабавалі перасяліць частку мінчукоў у гарады-спадарожнікі. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Што там з гарадамі-спадарожнікамі?

Тэме гарадоў-спадарожнікаў для рассялення жыхароў Мінска ўжо нямала гадоў. Пачыналі са Смалявічаў, і да гэтага часу ён лічыцца гэткім паказальным, эталонным горадам-спадарожнікам, куды мінчукі маглі б выехаць жыць, а на працу прыязджаць кожны дзень у Мінск.

У канцы 2019 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №466 «Аб будаўніцтве жылых дамоў у гарадах-спадарожніках Мінска».

Дакумент вызначыў, што зараз жыллё для жыхароў Мінска будуць узводзіць таксама ў Дзяржынску, Заслаўі, Лагойску, Рудзенску і Фаніпалі.

Год таму мэр Мінска Уладзімір Кухараў адзначыў поспехі ў асваенні Смалявічаў і сказаў, што наступным горадам, дзе разгорнецца маштабнае будаўніцтва, стане Рудзенск. 

А ў канцы мая Лукашэнка зацвердзіў новыя генпланы гарадоў-спадарожнікаў. Цяпер падыходы змяніліся.

Так, Смалявічы павінны прырасці больш, чым планавалася раней. Цяпер там жыве 20,5 тысячы чалавек, новым планам прадугледжана 50 тысяч чалавек супраць 30 тысяч па генплане-2015.

Крыху прырасце і Фаніпаль: цяпер там 17,5 тысячы, а плануецца 29 тысяч чалавек замест 23 тысяч па ранейшым плане.

А вось Рудзенск, наадварот, забудоўваць будуць значна менш. Калі цяпер там жыве 13,3 тысячы чалавек (разам з уласным горадам-спадарожнікам Дружны), то новы план прадугледжвае давесці паказчык да 41 тысячы, хаця раней планавалася ажно 81 тысяча чалавек.

Што прыдумалі цяпер?

Упраўленне жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама абнавіла пералік «Прапановы па будаўніцтве жылля ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, у якіх прапануецца будаўніцтва кватэр для грамадзян, якія стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у адміністрацыях раёнаў г. Мінска».

Гэта значыць, тым жыхарам сталіцы, якія цяпер жывуць у сціснутых умовах і стаяць у чарзе на паляпшэнне гэтых умоў, прапануюць пабудавацца за межамі Мінска. 

Новаўвядзенне гэтага года — мінчукам прапануюць з'ехаць не толькі ў новы горад, але нават і ў іншую вобласць. Ніколі яшчэ жыхароў сталіцы не адпраўлялі ў Брэсцкую вобласць або на Магілёўшчыну на мяжу з Расіяй.

Прапанова першая: горад Ляхавічы, Брэсцкая вобласць

Тут мінчукам прапануюць пяціпавярховік на тры пад'езды на вуліцы Южакова. Дом абяцаюць дабудаваць да кастрычніка, тым, хто мае патрэбу, выдзяляюць 37 кватэр з 60. Паводле дагавора долевага будаўніцтва аб'ектаў будучыя жыхары гэтага дома будуць мець дзяржаўную падтрымку (гэта значыць, ільготны крэдыт).

Плошча кватэр ці хаця б колькасць пакояў чамусьці не раскрываецца, вядома толькі, што цана квадратнага метра складзе 1764 рублі (588 даляраў па афіцыйным курсе) без аздаблення і 1949 рублёў (650 даляраў) з аздабленнем. 

Калі ўзяць за аснову тыповую мінскую панэльку серыі М-464 і кватэру-аднапакаёўку ў ёй плошчай 37 квадратных метраў, то атрымаецца, што тым мінчукам, што пагодзяцца з'ехаць у Ляхавічы, кватэра з аздабленнем абыдзецца прыкладна ў 24 тысячы даляраў.

А што там з транспартам? Ад МКАД да патрэбнай вуліцы ў Ляхавічах — 148 кіламетраў, і ўжо некалькі гадоў не трэба ехаць праз Баранавічы, таму што пабудавалі аб'езд. Дзяржаўныя аўтобусы з Мінска ў Ляхавічы не ходзяць. Ёсць адзін штодзённы цягнік, яшчэ адзін па пятніцах і яшчэ адзін па асобных днях — калі пашанцуе, атрымаецца тры цягнікі на суткі. Самы хуткі — у дарозе 1 гадзіну 51 хвіліну, самы танны плацкарт каштуе 9 рублёў 98 капеек.

Прапанова другая: Клімавічы, Магілёўская вобласць

Тут па вуліцы 50 гадоў СССР прапануецца аднапад'ездны пяціпавярховік з адрасным нумарам 21В. Тут ёсць ліфт, а яшчэ «ўваходныя дзверы металічныя, унутрыкватэрныя дзверы драўляныя, вокны з ПВХ-профілю, тэрыторыя мае элементы добраўпарадкавання і азелянення». Плошчы кватэр зноў не пазначаныя, вядома толькі, што гэта двухпакаёвыя кватэры. Мінчукам выдзяляюць дзве кватэры, дом абяцаюць здаць у верасні.

Тут таксама прапануецца долевае будаўніцтва з дзяржпадтрымкай, цана квадратнага метра без аздаблення складзе 1902 рублі (634 даляры), а з аздабленнем — 2098 рублёў (699 даляраў). Агулам двухпакаёўка тыповай мінскай плошчы 49 «квадратаў» з аздабленнем абыдзецца ў 34250 даляраў.

А ці далёка да Клімавіч? Па прамой — 283 кіламетры, але ж па прамой не праедзеш, а па аўтадарогах атрымліваецца ўжо 337 кіламетраў. 

Маршрутка давязе за 26-27 рублёў, час у дарозе — каля чатырох гадзін. Ёсць і цягнікі. Самы хуткі давязе за шэсць гадзін, і каштуе ён ад 16 рублёў, а самы танны абыдзецца ў 11 рублёў, але ў дарозе будзе роўна 10 гадзін.

А куды яшчэ прапаноўвалі рассяляць жыхароў Мінска?

Мінулым летам Упраўленне жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама ўжо прапаноўвала мінчукам, якія маюць у гэтым патрэбу, з'ехаць у глыбінку і пабудавацца там танней, чым у сталіцы. Усяго было прапанавана 20 варыянтаў, з іх толькі два — у гарадах, дзе пражывае больш за 20 тысяч чалавек, ва ўсіх астатніх жыхароў менш. 

У Віцебскай вобласці прапаноўвалі 11 гарадоў і пасёлкаў (Барань, Бешанковічы, Глыбокае, Гарадок, Докшыцы, Дуброўна, Мёры, Орша, Паставы, Ушачы, Чашнікі), у Мінскай — пяць гарадоў (Клецк, Крупкі, Лагойск, Мядзел, Нясвіж).

Атрымліваецца, мінчукам прапаноўвалася з'ехаць далёка ад сталіцы. Але цяперашнія Клімавічы — гэта адназначны рэкорд.

Агульная колькасць кватэр, якія выдзелілі для мінчукоў і раней, і цяпер, не перавышае 950 штук. Здаецца, нямала. Але калі ўлічыць, што паводле даных на 1 студзеня 2023 года ў Мінску ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаіць 179343 сям'і, то атрымліваецца, што ўсё гэта жыллё на выселках складае толькі 0,53 працэнта ад патрэбнага. Само сабой, што тых, хто абярэ варыянт пабудавацца ў глыбінцы з ільготным крэдытам, здымаюць з чаргі ў Мінску.

Каментары5

  • Мойша
    28.06.2023
    Далі б магчымасць развівацца рэгіёнам дык і ў Мінск ня ехалі б!
  • Сярожа
    28.06.2023
    Тех кто отказался от Ляховичей и Климовичей- снимать с очереди!
  • Бизнесмен
    28.06.2023
    Если гарантировать частную собственность на одну квартиру за каждым одиноким совершеннолетним или за несколькими человеками (семья), то в Минске освободится очччень много жилья. Корень зла в частной собственности.

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Каля плошчы Бангалор у Мінску перакулілася фура з півам ВІДЭА1

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі1

Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе

Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў3

МЗС Беларусі ўручыў Польшчы ноту з-за інцыдэнту з нібыта спробай вярбоўкі дыпламата1

У Расіі вагнеравец задушыў сяброўку дротам ад зарадкі: яму здалося, што яна яго вярбуе на карысць Украіны

Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем6

«Не ем пасля шостай і кожны дзень раблю «нажніцы». Сакрэты бадзёрасці і гісторыя жыцця 99-гадовых сясцёр-блізнятак з Ваўкавыска

Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі2

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →