У чацвер на аўкцыённай пляцоўцы «Белрэалізацыя» прадалі каўбасны завод. Як паведамляе партал «Віртуальны Брэст», яго за 32 796 288 рублёў (амаль за 11 млн даляраў) набыло замежнае прадпрыемства «Інкафуд».
Прадпрыемства прадалі з другой спробы. Летась завод выстаўлялі па цане 50 млн рублёў, але ахвотных яго набыць не знайшлося. Сёння аўкцыён прайшоў з паніжэннем цаны — выставілі спачатку за 36 млн рублёў.
Раней завод належаў ЗТАА «Белавежскія далікатэсы» і быў зарэгістраваны ў снежні 2011 года ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Ён вырабляе каўбасу і іншыя мясныя прадукты ў Брэсце пад брэндамі «Белавежскі гасцінец» і «Дар птушка».
Завод прадаваўся ў кошт пагашэння даўгоў уласніка разам з усім абсталяваннем. У 2022 годзе эканамічны суд Брэсцкай вобласці прызнаў прадпрыемства «Белавежскія далікатэсы» банкрутам і абвясціў ліквідацыйную вытворчасць.
«Інкафуд», які набыў прадпрыемства, з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі мясаперапрацоўчых заводаў еўрапейскага ўзору. Кампанія выпускае больш за 150 найменняў прадукцыі пад трыма гандлёвымі маркамі: «Беларуская традыцыя», NATURA, «Ад бульбаша».
Каментары