У жніўні ў грыбнікоў з'яўляецца магчымасць падзарабіць на зборы атрутных грыбоў. Напрыклад, у чаце ягаднікаў Ганцавіцкага раёна аб'ява аб нарыхтоўцы мухамораў была апублікаваная 27 ліпеня, заўважыў «Ганцавіцкі час».
Цяпер грыбы прымаюць у вёсцы Кукава Ганцавіцкага раёна. За кілаграм капялюшыкаў мухамораў гатовыя заплаціць 1,5 рубля.
У мінулым годзе атрутныя грыбы ў гэтым рэгіёне восенню грэблі тонамі. У сярэдзіне кастрычніка, пакуль ягаднікі гнулі спіны на балотах, збіраючы журавіны, грыбнікі «касілі» мухаморы і здавалі нарыхтоўшчыкам.
Стартавы кошт мухамораў у 2022 годзе быў тыя ж 1,5 рубля за кілаграм, пасля цана паднялася да 2 рублёў за кілаграм капялюшыкаў. Толькі ў дажджлівае надвор'е нарыхтоўшчыкі скідалі цэны да 1 рубля, бо тады трэба больш выдаткаў, каб грыбы высушыць.
Вяскоўцы тады так разахвоціліся, што здавалі мухаморы па 20-60 кілаграмаў.
«Людзі так стараліся, што пад цяжарам вялікага аб'ёму мяліся капялюшыкі мухамораў. Калі мы складалі пластамі ў скрыначкі, то абломкі даводзілася выкідаць. А гэта мінус для выручкі», — гаварыла нарыхтоўшчыца.
Некаторыя грыбнікі за дзень зараблялі на мухаморах па 100 рублёў, а на прыёмных пунктах іх набіраліся тоны.
У фармакалогіі экстракт чырвоных мухамораў выкарыстоўваюць для стварэння прэпаратаў супраць ангіны, эпілепсіі, артрыту, псарыязу, дэрматытаў і грыбкоў. Сродкі з мухамораў дапамагаюць пры варыкозным пашырэнні вен, папіломах, імі лечаць паталогіі спіннога мозгу, пролежні, спазмы сасудаў, фурункулы. Крэмы з экстрактам грыба робяць для лячэння варыкозу, артрыту, артрозу, астэахандрозу, падагры.
А вось у сырым выглядзе ўжываць мухамор ні ў якім разе нельга. Гэта галюцынагенны грыб, які можа выклікаць моцнае атручванне, аж да смяротнага зыходу.
Каментары
Можна ж проста пагугліць, каб даведацца, што мухамор не атрутны, а умоўна ядомы грыб. Пры правільным прыгатаванні яго можна есці як звычайныя лісічкі. Смяротная доза чырвонага мухамора ў сырым выглядзе для чалавека -- прыкладна 15 капялюшыкаў ці каля кілаграма ў сырым выглядзе, што з'есці практычна немажліва. Размова толькі пра чырвоны мухамор, бо сустракаюцца і іншыя сапраўды атрутныя віды (напрыклад, пантэрны мухамор).
Іншая справа -- псіхатропнае ўздзеянне, якое само па сабе не нясе ніякай шкоды арганізму, але дзеянні чалавека, які ўжыў сыры грыб у колькасці нават 10 грамаў, могуць быць непрадказальнымі. Таму ўжываць іх можна толькі пад наглядам вельмі дасведчанага (і фізічна моцнага) чалавека, які будзе кантраляваць цябе ўвесь час дзеяння актыўных рэчываў грыба (а гэта некалькі гадзін).
А вось навошта ўжываць сыры мухамор -- гэта ўжо зусім іншая гісторыя...