Тэлефонныя ашуканцы, прадстаўляючыся сілавікамі, прапануюць падпаліць расійскія камісарыяты для нібыта вырашэння праблем. Канал Mash падлічыў, што за ўчора такіх спробаў падпалу было не менш за 20.
Учорашняй падпальшчыцай ваенкамата ў сталічных Кузьмінках аказалася 62-гадовая пенсіянерка. Ад дачы паказанняў яна адмовілася. Заведзена крымінальная справа аб хуліганстве з прымяненнем прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў якасці зброі, — да 7 гадоў турмы.
Яшчэ адзін сталічны ваенкамат — у Атрадным — спрабаваў падпаліць іншы пенсіянер. Але яго своечасова заўважылі супрацоўнікі ўстановы. Паводле іх слоў, мужчына прыкметна нерваваўся і размаўляў па гучнай сувязі — суразмоўца з украінскім акцэнтам прасіў уключыць камеру. Ён спрабаваў сысці ад работнікаў ваенкамата, але яго своечасова спынілі. У пакеце 69-гадовага мужчыны ляжалі пяць бутэлек з запальнай вадкасцю. Ад дачы паказанняў ён гэтак жа адмовіўся. Праводзіцца праверка.
82-гадовую пенсіянерку затрымалі ў Валгаградзе за спробу падпалу ваенкамата ўчора ўвечары. Канфіскаваная адна бутэлька 0,5 з запальнай сумессю і кнотам. Заведзена крымінальная справа за спробу наўмыснага знішчэння маёмасці з хуліганскіх памкненняў шляхам падпалу — да 5 гадоў.
31-гадовая жанчына ў Казані кінула два кактэйлі Молатава пад службовы УАЗ «Патрыёт», які стаяў каля ваенкамата, учора днём. Пажар патушылі хутка, ён нават не паспеў прычыніць шкоды машыне. Затрыманая распавяла, што дзейнічала па ўказцы тэлефонных «сілавікоў», якіх раней знаць не знала. Цяпер яна пад падпіскай аб нявыездзе і з крыміналкай за замах на чужую маёмасць.
18-гадовая прадавачка дзіцячай крамы з Уфы спрабавала падпаліць ваенкамат у башкірскім Ішымбаі. Дзяўчына выліла на ганак гаручую вадкасць, падпаліла і ўцякла. Агонь патушылі два супрацоўнікі паліцыі з паста аховы сваімі сіламі. А дзяўчыну знайшлі ўжо праз гадзіну ў адным з двароў за 500 метраў ад месца злачынства.
Выданне «Медыязона» пісала 27 ліпеня, што за паўтара года поўнамаштабнай вайны падпалілі не менш за 113 ваенкаматаў у Расіі.
Каментары