ХАМАС прыгразіў забіваць па адным закладніку ў адказ на кожны напад Ізраіля на грамадзянскія будынкі
Прадстаўнік ХАМАС заявіў, што баевікі пачнуць забіваць закладнікаў, калі Ізраіль будзе весці бамбардзіроўкі грамадзянскіх дамоў без папярэджання, піша BBC.
«Любы ўдар без папярэджання па нявінных мірных жыхарах будзе сустрэты пакараннем смерцю аднаго з закладнікаў, якія знаходзяцца ў нашым палоне, і мы будзем вымушаныя трансляваць гэтыя пакарання», — цытуе Al Jazeera прадстаўніка баявога крыла ХАМАС Абу Абейда.
Партал Times of Israel са спасылкай на некалькі крыніц піша, што ізраільскія вайскоўцы памянялі тактыку нанясення ўдараў па сектары Газа. У прыватнасці, Ізраіль больш не скідае муляжы бомбаў на будынкі, перад тым як атакаваць іх (раней такім чынам мірных жыхароў папярэджвалі аб неабходнасці бегчы), бо насельніцтву Газы ўжо паведамілі пра неабходнасць эвакуявацца з «цэнтральных раёнаў, занятых тэрарыстамі».
Як піша Times of Israel, Ізраіль гатовы наносіць удары па Газе, нават калі гэта нашкодзіць закладнікам. Крыніца паведаміла выданню, што калі ў арміі будуць разведданыя аб дакладным месцы, дзе знаходзяцца закладнікі, наносіць удары па гэтым будынку не будуць. Калі такой інфармацыі няма, усе абʼекты, звязаныя з ХАМАС будуць атакаваныя.
Раней баевікі заявілі, што ўтрымліваюць у закладніках больш за 100 чалавек.
Каментары