«Усе яны небяспечныя для чалавека». У Кітаі знайшлі 8 новых вірусаў, якія пагражаюць чалавецтву
Даследчыкі з Кітайскага таварыства мікрабіялогіі (CSM), які кантралюецца ўрадам Кітая, выявілі на тэрыторыі краіны 8 новых вірусаў, якія маюць «высокую верагоднасць» заражэння і небяспекі для людзей.
Вірусы былі знойдзены на кітайскім трапічным востраве Хайнань, дзе каманда навукоўцаў за некалькі гадоў узяла амаль 700 біялагічных узораў у мясцовых грызуноў. Аналіз пацвердзіў наяўнасць 8 новых вірусаў, адзін з якіх з'яўляецца раней невядомай разнавіднасцю каранавіруса, што мае цесную сувязь з сумна вядомым Covid-19. Аб гэтым навукоўцы нядаўна напісалі ў сваім часопісе Virologica Sinica, перадае выданне Daily Mail.
«У перыяд з 2017 да 2021 года мы ўзялі 682 біялагічныя ўзоры ў грызуноў з вострава Хайнань і выявілі 8 новых небяспечных для чалавека вірусаў. Сярод іх ёсць разнавіднасці жоўтай ліхаманкі, ліхаманкі дэнге, два новыя вірусы папіломы чалавека і два новыя парвавірусы, а таксама раней невядомыя штамы астравіруса і каранавіруса (апошні з'яўляецца пабрацімам Covid-19).
Калі знойдзеныя вірусы выйдуць за межы вострава і сваіх носьбітаў, тое гэта справакуе масавы зааноз (заражэнне людзей з боку жывёл) на кантыненце», — паведамілі кітайскія навукоўцы ў сваім даследаванні.
На самім востраве Хайнань жыве больш за 9 мільёнаў чалавек.
Даследчыкі таксама дадалі, што для больш дасканалага разумення ўзроўню небяспекі новых вірусаў для чалавека і планеты, над імі плануецца ладзіць эксперыменты. У дадзены момант вірусы ўжо знаходзяцца ў кітайскіх лабараторыях.
Акрамя таго, як адзначае выданне Daily Mail, адным з аўтараў новага даследавання з'яўляецца ўплывовая кітайская доктарка Шы Джэнлі, якая працуе ў інстытуце вірусалогіі горада Ухань. Менавіта ў гэтым горадзе пачалася пандэмія каранавіруса ў 2019 годзе.
Дагэтуль дакладна невядома, што выклікала гэтую пандэмію, якая забрала жыцці мільёнаў чалавек па ўсёй планеце. Сёння існуе дзве асноўныя версіі здарэння.
-
Гэта вынік няўдалага эксперымента ў лабараторыі Уханьскага інстытута вірусалогіі, дзе якраз ладзяцца эксперыменты над небяспечнымі штамамі розных захворванняў.
-
Гэта натуральны выпадак прыроднага заанозу ад лятучых мышэй да людзей, які адбыўся без навуковага ўмяшання чалавека.
Першая версія паходжання кавіду падтрымліваецца ў тым ліку некаторымі ўрадавымі структурамі ЗША, але сам Кітай катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да правакавання пандэміі.
«Спутнік V» зусім перастаў абараняць ад новых штамаў кавіду. А ў Беларусі ім працягваюць вакцынаваць
У Марыянскай упадзіне знойдзены новы вірус. Ён можа аказацца самым глыбакаводным у свеце
У Польшчы занепакоіліся працай беларускіх і ўкраінскіх медыкаў. Звязана гэта з працаўладкаваннем падчас пандэміі кавіду
Каментары