СМІ: Верагодная прычына пандэміі каранавіруса — уцечка з кітайскай лабараторыі
Пра гэта паведаміла выданне The Wall Street Journal зыходзячы з новай сакрэтнай справаздачы, прадстаўленай Беламу дому і ключавым чальцам Кангрэса ЗША.
Міністэрства энергетыкі ЗША прыйшло да высновы, што верагоднай прычынай узнікнення пандэміі Covid-19 з'яўляецца ўцечка з кітайскай лабараторыі. Выданне WSJ 26 лютага паведаміла, што гэтая выснова заснаваная на новай сакрэтнай справаздачы амерыканскай выведкі, з якой таксама азнаёміліся ў Белым доме і Кангрэсе ЗША.
Выданне піша, што падрабязнасці гэтай справаздачы пакуль не раскрываюцца, аднак інфармацыя Мінэнерга з'яўляецца важнай, бо гэта структура «валодае значным навуковым вопытам» і кантралюе сетку нацыянальных лабараторый ЗША, частка з якіх займаецца перадавымі біялагічнымі даследаваннямі.
Адзначаецца, што да такой жа думкі прыйшло і Федэральнае бюро расследаванняў, але па іншых прычынах.
«Міністэрства Энергетыкі і ФБР лічаць, што вірус выйшаў у свет з кітайскай лабараторыі, але гэта не было свядомым выкарыстаннем біязброі. Яны называюць гэта толькі ненаўмыснай уцечкай», — паведамляе WSJ са спасылкай на сакрэтную справаздачу.
Аднак іншыя разведвальныя ведамствы пакуль прытрымліваюцца іншага меркавання, лічачы прычынай пандэміі натуральную перадачу віруса ад жывёлы да чалавека. У самім Мінэнерга таксама ёсць людзі, якія не лічаць яго высновы дакладнымі.
З афіцыйных асоб пракаментаваў сітуацыю толькі дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. Ён сказаў агенцтву CNN, што ЗША пакуль не прыйшлі да адзінай высновы наконт паходжання Covid-19.
Каментары