«Ніколі не здраджваў Бацькаўшчыне». Рэдактару «Рэгіянальнай газеты» прысудзілі 4 гады калоніі
«Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я як дзед не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе знаходзіцца яго дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда», — сказаў 65-гадовы рэдактар незалежнай маладзечанскай газеты ў апошнім слове.
У судзе Маладзечанскага раёна 3 лістапада вынесены прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітвязню Аляксандру Манцэвічу. Журналіста абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 КК, піша «Вясна».
Крымінальную справу вёў суддзя Аляксей Іршын, дзяржабвінавачанне падтрымліваў памочнік пракурора Аляксандр Марцінчык.
Паводле следства, Манцэвіч як дырэктар рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі, з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама лжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».
А ў артыкулах выдання, па меркаванні абвінавачання, «утрымлівалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясенне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фарміраванне лжывых уяўленняў аб незахаванні ў рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
Суд пакараў журналіста пазбаўленнем волі тэрмінам на 4 гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму далі штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў.
Журналіста пачалі судзіць яшчэ 26 верасня.
У ходзе судовага працэсу да матэрыялаў справы былі далучаныя назвы і спасылкі ўсіх публікацый, дзе экспертыза знайшла «экстрэмізм», а таксама пералічаныя шматлікія тг-каналы і інтэрнэт-рэсурсы, якія публікавалі інфармацыю «Рэгіянальнай газеты».
У сваім апошнім слове Аляксандр Манцэвіч казаў пра сваіх знакамітых продкаў, пра газету, якая сталася часткай ягонага жыцця, пра сваю грамадзянскую пазіцыю:
«Чую галасы продкаў, ніколі не здраджваў Бацькаўшчыне. Я люблю мой народ і маю Беларусь. Быўшы за кратамі, я не змог паставіць помнік бацьку на могілках да гадавіны. Я не летуценнік, але ўпэўнены, што некалі з'явіцца вуліца імя «Рэгіянальнай газеты», якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду…
Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я як дзед не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка не можа патлумачыць унуку, дзе знаходзіцца яго дзядуля. Але яму не будзе сорамна за дзеда. Шкада газету, яка магла існаваць доўгія гады… Сваёй віны не прызнаю».
«Рэгіянальная газета» — недзяржаўнае выданне з Маладзечна, якое асвятляла падзеі ў паўночна-заходняй Беларусі. Яна пісала пра Маладзечанскі, Вілейскі, Смаргонскі, Валожынскі, Астравецкі, Ашмянскі, Мядзельскі раёны — гістарычную Віленшчыну. Выходзіла «Рэгіяналка» па-беларуску і вылучалася найвышэйшым узроўнем журналістыкі. Яе разграмілі ў 2023 годзе, разам з астатнімі незалежнымі, непадкантрольнымі лукашэнкаўцам выданнямі.
Каментары