З пачатку 2022 года ў Мінску зарэгістравана 32 ДТЗ з удзелам трамваяў
У выніку такіх аварый загінуў адзін чалавек, 11 атрымалі траўмы.
З пачатку 2022 года ў Мінску зарэгістравана 32 дарожна-транспартныя здарэнні, якія адбыліся альбо з удзелам трамваяў, альбо ў зоне іх прыпыначных пунктаў, расказаў намеснік начальніка УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч, пішуць Мінск-Навіны.
Асаблівасць гэтага транспарту ў тым, што любое дарожна-транспартнае здарэнне ў межах габарытаў шляхоў імгненна паралізуе рух вагонаў па ўсёй лініі. Разам з тым рызыка прастояў з-за ДТЗ на выдзеленых лініях мінімальная.
Самая складаная сітуацыя на скрыжаваннях, праз якія праходзяць трамвайныя шляхі.
Сталічная трамвайная сетка мае працягласць 25 кіламетраў. З іх прыкладна 47% адасобленыя ад праезнай часткі, яшчэ 19% аддзеленыя часткова. Астатняя частка сумешчана з дарогай.
Трамвайная лінія налічвае 95 прыпынкаў. Звыш 80% з іх канструкцыйна выдзелены пры дапамозе пасадачных пляцовак. Але ёсць і тыя, дзе пасадка і высадка пасажыраў адбываецца непасрэдна на праезную частку. Такія прыпынкі размешчаны на вул. Якуба Коласа, Даўгабродскай, Першамайскай, на Старавіленскім тракце.
Каментары