Бойфрэнд Сабаленкі стане галоўным трэнерам мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі па хакеі
Такія звесткі мае журналіст «Спорт-Экспрэса» Міхаіл Зісліс.
«За апошні тыдзень прыкладна 100 тысяч чалавек мне сказалі, што [расійскі спецыяліст] Дзмітрый Квартальнаў не застанецца ў мінскім «Дынама», а яго заменіць і ў клубе, і ў зборнай Канстанцін Кальцоў. Больш мне дадаць няма чаго. Жывіце з гэтым», — цытуе Зісліса «Спорт Беларусі».
Учора мінскае «Дынама» вылецела з Кубка Гагарына, прайграўшы серыю маскоўскім аднаклубнікам з лікам 2:4.
Беларускае «Дынама» за 15 гадоў яшчэ ні разу не праходзіла ў другі раўнд Кубка Гагарына.
Што да хакейнай зборнай Беларусі, то пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларускія і расійскія зборныя адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў, гуляючы таварыскія матчы паміж сабой, а таксама зборнымі Кітая і Казахстана. Гэтай вясной зборныя Беларусі і Расіі ўжо трэці раз не возьмуць удзелу ў чэмпіянаце свету.
***
Пра адносіны другой ракеткі свету Арыны Сабаленкі і Канстанціна Кальцова стала вядома ўлетку 2021 года. Прычым паведамлялася, што экс-хакеіст дзеля маладой тэнісісткі кінуў жонку з трыма дзецьмі. Зараз Сабаленка жыве ў Фларыдзе (ЗША). Розніца ва ўзросце ў Канстанцінам складае 17 гадоў.
Канстанцін Кальцоў гуляў за «Юнацтва», мінскае «Дынама», «Северсталь», «Ак Барс», «Спартак» і іншыя расійскія клубы. За клуб Нацыянальнай хакейнай лігі «Пітсбург Пінгвінз» у 2002—2006 гадах правёў 144 матчы (7-е месца сярод беларускіх хакеістаў), забіў 12 шайбаў і зрабіў 26 перадачаў.
За зборную Беларусі Кальцоў згуляў 123 матчы, набраў 55 балаў (34 шайбы, 21 галявы пас). З 2017 года — трэнер, зараз асістэнт у «Салават Юлаеве» (Уфа, Башкартастан).
Каментары