«Прасцей выкінуць, чым прадаць». Беларусы абмяркоўваюць неадэкватных пакупнікоў з інтэрнэт-барахолак
Блогерка з Брэста падзялілася ў тыктоку сваім болем. Яна паскардзілася, як спрабавала за невялікія грошы прадаць слінг, а ў выніку толькі сапсавала настрой, перапісваючыся з патэнцыяльнай пакупніцай. Высветлілася, што аналагічныя праблемы шмат у каго.
Жанчына з нікам lena_mommy распавяла на відэа, як апублікавала аб’яву аб продажы слінга.
— Я распісала ўсё падрабязна, каб людзям, якія хочуць купіць, усё было зразумела. Дадала фоты. На Вайлдберыз такі слінг каштуе 70 з чымсьці рублёў. Я прадаю за 30.
Далей блогерка стала атрымліваць паведамленні ад іншай жанчыны. Тая задавала пытанні, адказы на якія былі ў аб’яве. Гэта ўсё нервавала блогерку, але яна стрымлівалася і цярпліва адказвала.
— Далей мне прылятае: «Торг?». Трыццаць беларускіх рублёў, які торг?! Гэта наогул капейкі для слінга! Ён каштуе новы 70-72 рублі, недзе ёсць за 80. Я прадаю за 30. Які торг, алё?! Я думала, я ўраўнаважаны чалавек і мяне немагчыма вывесці з сябе. На торг я не пагадзілася. Далей дзяўчына папрасіла, каб я скінула хаця б кошт дастаўкі. Я ёй проста адказала: «Ведаеце, мне прасцей будзе слінг сабе пакінуць. Ён у мяне ляжыць спакойна, есці не просіць».
Відэа набрала 260 тысяч праглядаў і каля 7 тысяч лайкаў. А ў каментарах адкрыўся партал у пекла: аказваецца, вельмі шмат беларусаў раз'юшваюць адно аднаго.
«Я бясплатна выклала рэчы, мяне папрасілі поштай адправіць. Бліжэй да сметніцы данесці», — напісала адна з каментатарак.
«Усё бздура! Я прадавала сукенку за капейкі, надзела яе адзін раз (у аб’яве гэта было пазначана), нават адправіла па пошце. Дык пакупніца паставіла рэйтынг 4 зоркі. Пытаю, чаму. Яна адказвае: «Бо сукенка ж не новая», — падзялілася сваім досведам іншая.
Яшчэ адна жанчына распавяла, як прадавала за 750 рублёў тэлевізар, які нават быў на гарантыі (новы такі каштаваў 1300 рублёў) — пакупнік прапанаваў ёй усяго 400.
Дзяўчына, якая хацела прадаць паліто Mohito ў ідэальным стане хаця б за 100 рублёў, атрымала ад пакупніцы нахабную прапанову аддаць яго за 20, а перасылку аплаціць напалам: «Я адказала, што за 20 і сама ў ім пахаджу».
Іншая жанчына пажалілася, што спрабавала прадаць тумбу без дэфектаў за 30 рублёў: «Пасля доўгай перапіскі дзяўчына заявіла: «Калі за 20 і вы мне яе прывезяце, дык я забяру». Я доўга не ведала, што адказаць».
А былі і тыя, каму патэнцыйныя пакупнікі нават судом пагражалі:
«Нядаўна хацелі прадаць секцыю. Стаяла цана 300 рублёў. Мужык пачаў абвінавачваць, што мы самі купілі бэушную і прадаём за такія грошы, бо год таму ён бачыў гэтую секцыю за 60 рублёў. Я кажу: «Дык чаго ж не ўзялі?». Спрабаваў агрэсіўна купіць «гэтае хлам’ё» за сотку. Быў пасланы, яшчэ і судом пагражаў. А секцыю мы куплялі год таму за 400 рублёў, стан ідэальны. Хацеў таргавацца, але не атрымалася».
Нехта злуецца, што пакупнікі сапраўды не чытаюць тэкст аб’явы: «Прадавала тэлефон. Надакучылі прапановы абмяняць то на руль, то на андроід. Хаця капс локам было напісана: без абмену. У выніку выдаліла аб'яву».
Былі і зусім непрыемныя выпадкі: «Я аднойчы выставіла падгузнікі бясплатна, бо дзіця перарасло памер. Некалькі чалавек напісалі, я аддала таму, хто першы быў гатовы прыехаць у той самы дзень. Дык другая дзяўчына мяне абмацюкала. Сказала, што таксама хацела. Я была ў шоку».
І гісторыі з хамствам не адзінкавыя: «Аддавала канапу бясплатна. Ахвотныя папрасілі дастаўку. Кажу: добра, выклікаю грузавое таксі і вам даставяць, але аплаціце дастаўку. У адказ абмацюкалі».
Нехта спрабаваў знайсці пакупнікоў на сушаныя баравікі: «Ідэальныя, нядорага, 10 рублёў за 100 грам, прасілі за 7 прадаць. Я пішу: «У лесе яны летам бясплатна былі».
Мужчыны таксама абураліся: «Жонка скінула ў інтэрнэт стары абутак бясплатна з адной умовай — самавываз. Ведаеце, што напісалі? «А вы мне абутак не прывезяце»? Дык, можа, мне яшчэ і даплаціць вам за іх?!».
А камусьці «пашчасціла» трапіць на нахабных прадаўцоў: адна дзяўчына пажалілася, што прадаўшчыца ад яе патрабавала аплаціць таксі да пошты.
Каментары
Да, люди неадекватные есть, есть бедные или жадные, кто просит скидку. Зачем так реагировать на них, как женщины из статьи? Это норма в бедной стране.