У Мінску рамантуюць пляцоўку на Нямізе для правядзення масавых мерапрыемстваў, да майскіх святаў яна павінна быць гатовая.
Зменіцца і канцэпцыя арганізацыі выязнога гандлю, паведаміла «Мінск-Навінам» начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная.
— Прынята рашэнне аб функцыянаванні гандлёвых аб'ектаў на пляцоўцы ля Палаца спорту на пастаяннай аснове. З 9 мая яны пачнуць працу ў драўляных шале, частка якіх ужо ўстаноўлена. Пакуль іх усяго 9, яшчэ 16 робяцца і будуць устаноўлены да свята. Размясціць іх вырашылі па перыметры пляцоўкі для правядзення масавых мерапрыемстваў. У Дзень Перамогі іх пратэсціруем, паглядзім, наколькі такое размяшчэнне эстэтычна і зручна для мінчан і гасцей сталіцы, — патлумачыла Алена Нагорная.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама нагадала, што ў гэтай частцы горада гуляе шмат людзей, асабліва ў летні перыяд. Цяпер у іх будзе магчымасць у любы дзень набыць ежу і напоі ў шале, а таксама прыемна правесці час паблізу Свіслачы.
Хоць гандлёвыя пункты ў асноўным будуць выконваць функцыю аб'ектаў грамадскага харчавання, у адным з іх прадугледзяць продаж сувенірнай прадукцыі.
Каментары