У Варшаве банда падлеткаў напала на школьніка-беларуса. Яго выхоўвае маці палітзняволенай
15-гадовага падлетка з пераломам павезлі ў бальніцу. Апякун хоча знайсці тых, хто нападаў, піша MOST.
Здарэнне адбылося днём 1 красавіка. Школьнік з Беларусі Цімур з сябрам-украінцам каталіся на самакатах у цэнтры Варшавы. У Свентакшыскім парку хлопцы прыселі на лаўку, каб перадыхнуць і паправіць самакаты.
Каля суседняй лавачкі сабралася вялікая кампанія падлеткаў — чалавек з 15-20. Па іх вымаўленні Цімур выказаў здагадку, што гэта былі ўкраінцы. Падлеткам у кампаніі на выгляд было ад 14 да 17 гадоў.
Неўзабаве яны акружылі Цімура і яго сябра і сталі да іх прыставаць: патрабавалі даць ім пакатацца на самакаце, адбіралі ключы, чапляліся да высокіх чаравікаў хлопцаў. Хтосьці з кампаніі дастаў нож, іншы паказаў нешта падобнае на пісталет. Адзін з нападнікаў распыліў у твар Цімуру газ з балончыка.
Хлопцы паспрабавалі ўцячы. Сябар Цімура паспеў з'ехаць, беларусу ж не пашанцавала: хтосьці з тых, хто нападаў, паспеў ухапіць яго за партфель. Падлетак упаў і зламаў локаць.
Хлопчыку дапамаглі мінакі: адна дзяўчына збегала ў краму па малако, каб прамыць хлопцу вочы ад пярцоўкі. Сябар беларуса выклікаў паліцыю.
Цімур жыве ў прыёмнай сям'і, яго маці не змагла клапаціцца пра сваіх дзяцей з-за алкагольнай і наркатычнай залежнасці. Апеку над двума хлопцамі ўзяла беларуска Ганна. Яна пераехала ў Польшчу з двума ўнукамі, калі пасля выбараў 2020 года яе дачку — давераную асобу Святланы Ціханоўскай — і зяця затрымалі. Ужо ў Польшчы Ганна даведалася пра двух беларускіх дзяцей, якія засталіся без апекі, і стала пра іх клапаціцца.
Цяпер Ганна хоча знайсці тых, хто нападаў. Яна напісала заяву ў паліцыю. Жанчына сцвярджае, што Цімур — хлопчык неканфліктны і спакойны. На думку Ганны, да хлопцаў проста прычапіліся. Сам Цімур вельмі перажывае і лічыць сябе вінаватым у тым, што з ім такое здарылася.
Каментары