Мінскі завод халадзільнікаў «Атлант» будзе выпускаць пасудамыйкі і модныя пральна-сушыльныя машыны
Таксама распрацаваны праект выпуску маразільных скрыняў.
Вытворца халадзільнікаў ЗАТ «Атлант» у 2025 годзе выведзе на рынак некалькі відаў новай прадукцыі. Пра гэта распавёў генеральны дырэктар Дзмітрый Харытончык на прафсаюзнай канферэнцыі прадпрыемства.
Па словах кіраўніка прадпрыемства, першая палова 2024 года складваецца для «Атланта» ўдала: расце экспарт. Замежныя спажыўцы павялічваюць закупкі беларускай прадукцыі пры наяўнасці на рынках турэцкіх і кітайскіх аналагаў бытавой тэхнікі.
Поспех на знешніх рынках дазваляе «Атланту» планаваць выпуск новых відаў прадукцыі. Так, распрацаваны бізнэс-план для выпуску маразільных скрыняў.
Паводле ацэнкі Дзмітрыя Харытончыка, гэта запатрабаваны прадукт, у якога на рынку пакуль мала канкурэнтаў. Таму пастаўлена мэта максімальна хутка вывесці яго на рынак.
Прадпрыемства ўжо знайшло крыніцы фінансавання і да канца года плануе правесці конкурс на закупку абсталявання для вытворчасці маразільных скрыняў. Чакаецца, што ў 2025 годзе новая прадукцыя сыдзе з канвеера.
Іншым пунктам росту стане выпуск камбінаваных пральна-сушыльных і пасудамыйных машын, анансаваў Харытончык.
Адначасова служба маркетынгу будзе тэставаць новыя падыходы да продажах.
Каментары