У віленскім Беларускім доме зладзілі чарнобыльскую выставу з малюнкам Марыны Золатавай
У Беларускім доме ў Вільні праходзіць выстава, прысвечаная гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. На ёй выстаўленыя малюнкі, зробленыя ў канцы 1980-х дзецьмі, якія пацярпелі ад Чарнобыля. Сярод іх — малюнак тады 11-гадовай Марыны Золатавай, былой галоўнай рэдактаркі Tut.by, а цяпер палітзняволенай.
Малюнкі, прадстаўленыя на цяперашняй выставе, рыхтаваліся да іншай выставы, якую ў 1990 годзе зладзілі ў Германіі актывісты, што дапамагалі дзецям Чарнобыля. Гэтыя людзі рабілі сваю працу да 2021 года, калі традыцыйныя паездкі дзяцей у Германію мусілі спыніцца па палітычных абставінах.
Акрамя дзіцячых малюнкаў, на выставе прадстаўленыя таксама здымкі легендарнага беларускага фатографа Уладзіміра Сапагова (1952-2012), на якіх зафіксаваныя Чарнобыльскія шляхі 1990-х гадоў.
«Ні ў працах, ні ў здымках няма ніякага аптымістычнага аспекту. Няма надзеі, няма веры. Ёсць крыўда, боль, злосць, патрабаванне справядлівасці. Нам сёння гэтыя пачуцці вельмі знаёмыя — такія знаёмыя, што мы навучыліся іх больш не адчуваць. Мяне гэтая выстава вучыць злавацца з усёй сілы, бесперапынна, са звярыным адчаем. Калі чалавек перапоўнены такой злосцю, ён не мае іншага выйсця як дзейнічаць», — піша ў анатацыі да выставы яе куратарка Паўліна Вітушчанка.
Каментары