Помнік барока ў вёсцы Губіна бурылі танкам, разбіралі на цэглу і нават узарвалі, але так і не змаглі знішчыць. Сёння ж шукаюць магчымасці, каб зберагчы тое, што ад яго засталося.
Пра будучыя работы ў храме стала вядома з сайта дзяржаўных закупак, дзе мясцовыя ўлады шукаюць спецыяліста, які складзе праграму работ па кансервацыі.
Сёння ад касцёла засталіся толькі фрагменты: частка апсіды і адна з вежаў на фасадзе. Ад кляштара не засталося анічога.
Мураваны касцёл Святога Антонія ў Губіне быў пабудаваны ў 1714 годзе па фундацыі полацкага стольніка Яна Пакаша, чый род у той час валодаў вёскай.
Барочны храм быў класічнай трохнефавай базілікай з дзвюма высокімі тэлескапічнымі вежамі на фасадзе і фігурным шчытом паміж імі. Унутры касцёла, перакрытага цыліндрычнымі скляпеннямі, меліся тры алтары.
У 1759 годзе фундатар касцёла Ян Пакаш запрасіў у Губіна ордэн францысканцаў, для патрэбаў якіх пабудаваў двухпавярховы мураваны кляштар, злучаны з касцёлам праз сакрысцію.
Сюды ладзілася вялікая колькасць пілігрымак. Айцы-францысканцы сабралі ў кляштары вялікую бібліятэку са старажытнымі выданнямі ды архіў.
Пасля паўстання 1831 года большасць каталіцкіх кляштароў на Беларусі была зачынена, бо яны актыўна дапамагалі інсургентам, апекаваліся параненым і хавалі зброю. Пасля закрыцця францысканскага кляштара ў Губіне ягоны касцёл стаў парафіяльным.
Касцёл працягвалі ўтрымліваць на свае сродкі Сялявы і Шырыны, тагачасныя ўладальнікі Губіна. У пачатку XX стагоддзя губінская парафія налічвала каля двух тысячаў вернікаў. У кляштары працягвала захоўвацца старажытная бібліятэка францысканцаў, сабраная яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя.
Пасля рэвалюцыі ў канцы 1919 года пробашчам адразу трох мясцовых касцёлаў, у тым ліку Губінскага, быў прызначаны Язэп Барадзюля. За ім таксама былі замацаваныя касцёлы ў Бешанковічах і Ушачах.
Аднымі з першых савецкія рэпрэсіі закранулі яшчэ ў 1920-я гады святароў. Ксёндз Барадзюля быў арыштаваны ў Губінскім касцёле ў 1926 годзе і перавезены ў сумна вядомую ўнутраную турму АДПУ ў Мінску.
«Каб запалохаць і прымусіць абвінаваціць самога сябе — на пачатку сакавіка выклікалі мяне сярод ночы з адзіночкі з рэчамі. Рэчы загадалі пакінуць у калідоры, а мяне пасадзілі ў двары на грузавік. Чатыры ахоўнікі з вінтоўкамі і адзін камісар павезлі мяне за горад, прыблізна кіламетраў за дзесяць ад Мінска, і ў маладым сасновым лесе загадалі капаць магілу…
Я пачаў капаць, але недзе праз паўгадзіны прыехаў чэкіст на матацыкле і загадаў: «Адставіць!» Мяне прывезлі назад, але пасадзілі ўжо ў новую камеру, дзе было сем чалавек. Усе ляжалі на падлозе — ні палкоў, ні тапчанаў там не было», — з успамінаў Язэпа Барадзюлі.
Нягледзячы на 25 гадоў зняволення ў савецкіх лагерах і ссылках на Поўначы, якія Барадзюля адбываў за сваю душапастарскую дзейнасць, ды падарванае здароўе, ён усё ж здолеў выжыць і нават дажыць да 90 гадоў. Барадзюля памёр у 1983 годзе ў Рызе, дзе яму забаранялі служыць.
Пасля затрымання і высылкі Барадзюлі касцёл у Губіне ў 1929 годзе зачынілі, а з вежаў знялі крыжы. Памяшканні касцёла і кляштара перадалі мясцоваму калгасу, храм прыстасавалі пад клуб.
У часы вайны касцёл таксама не пацярпеў, у ім з 1942 года зрабілі свіран. Знішчыць храм паспрабавалі толькі ў час хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі 1960-х гадоў.
«У пачатку 1960-х гадоў мясцовы калгас вырашыў выкарыстаць добрую цэглу касцёла для будаўніцтва новай стайні. Спачатку прыгналі танк з бліжэйшай воінскай часці, але атрымалася збіць толькі частку вежы з крыжом. Пасля пачалі разбіраць рукамі, але так справа працягвалася яшчэ марудней.
Прыйшлося па дапамогу зваць зноўку салдат, якія паспрабавалі ўзарваць касцёл, але і тады адкалолася толькі частка нішы», — успамінаў мясцовы жыхар Анатоль Собаль.
Кляштар і гаспадарчыя пабудовы былі знішчаны цалкам, а касцёл у знявечаным выглядзе дайшоў да нашага часу. За савецкім часам руіны храма не прызнавалі помнікам культуры і гісторыі, але ўжо ў незалежнай Беларусі іх прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.
Але гэты статус да сёння ніяк не ўплываў на ягоны стан. Цяпер касцёл бяруцца кансерваваць сціплымі сродкамі мясцовага сельсавета, якіх на практыцы можа хапіць толькі на ўласна праграму работ.
Вельмі верагодна, што пры адсутнасці нармальнага фінансавання работы адкладуцца яшчэ на дзясятак гадоў, пакуль не здарыцца якая-небудзь бяда, як з касцёламі ў Селішчы і Зембіне, што прыцягне ўвагу абуранай грамадскасці і прымусіць улады дзейнічаць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Добра што у сельсавеце знайшліся неабыякавыя людзі. Хай бы можа рэквізіты далі каб ахвяру паслаць