«Пытанне не ў тым, каб цярпець, а ў тым, каб разумець, якія стаўкі».
У новым выпуску ток-шоу «Ноч з Чалым» сярод іншага абмяркоўвалі сітуацыю на мяжы. На погляд эканаміста, беларусам нічога не застаецца, як прымаць яе такой, якая яна ёсць.
«Кажуць: а давайце мы прыдумаем абсалютна высокадакладную зброю, якая будзе паражаць толькі дрэнных людзей. На жаль, гэта не працуе», — заўважае эканаміст.
На пытанне, ці не варта было б стварыць для беларусаў больш магчымасцяў для падарожжаў, атрымання адукацыі, абмену досведам з замежнікамі, Чалы адказаў:
«Гэта ўсё было б добра, калі мы за дужкі выносім вайну. Калі гаворка ідзе пра палітвязняў, катаванні, скрадзеныя выбары, гэта сапраўды добры аргумент. Але калі ідзе гаворка пра ўдзел у вайне, тут пачынаюць працаваць эканамічныя механізмы — трэба прыдумаць нешта, што ўскладніць магчымасць удзелу ў гэтай вайне».
Эканаміст заўважыў, што яму вельмі б не хацелася, каб беларусы пачыналі аказвацца ў сітуацыі рускіх, якія здзіўляюцца «а нас за што, што здарылася?».
«Трэба разумець, што ёсць досыць абуральная і беззваротная рэч — адбылася падзея, якая парушыла ўсе нормы ўладкавання свету пасля часу Ялты. І расказваць пра тое, што «можа, вы неяк з гэтым будзеце змагацца, але каб пры гэтым мы на сабе нічога не адчулі»?
Па словах Чалага, «пытанне не ў тым, каб цярпець, а ў тым, каб разумець, якія стаўкі». Спробы сысці ў быт, пытанні «за што ж мяне?» эканаміст лічыць натуральнай рэакцыяй. Але трэба разумець, што гэта посттраўматычная рэакцыя.
«Не трэба прымаць актуальную сітуацыю за нармальнасць. Мы ўсе з'яўляемся людзьмі, якія перажываюць і калектыўную, і персанальную, і розныя іншыя траўмы. У кожнага свае стратэгіі з гэтым спраўляцца. Калі пра гэта не думаць, то тады гэта вырастае ў агрэсіўную рэакцыю з серыі «а чаго гэта з-за вас мне нязручна стала праз мяжу ездзіць».
Каментары