Караць ШІЗА дазволілі ў паўтара раза даўжэй, суткамі на хіміі таксама. Новы закон пагоршыць умовы для беларускіх вязняў
Змены ў кодэксах датычаць тых, хто адбывае пакаранне ў калоніях і на так званай «хіміі», піша Радыё Свабода.
12 ліпеня пачнуць дзейнічаць зьмены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Беларусі, прадугледжаныя прынятым у сьнежні 2023 году законам «Аб зьменах Кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці».
Галоўнае новаўвядзеньне ў кодэксах, на думку беларускіх праваабаронцаў, — павялічэньне аднаразовага максымальнага тэрміну пакараньня асуджанага штрафным ізалятарам з 10 да 15 дзён максымальна.
«Вязьням, асабліва палітычным, сядзець будзе горш, а опэрам і кантралёрам калёній будзе лягчэй караць людзей», — так ацэньвае гэтае новаўвядзеньне праваабаронца «Вясны», былы палітвязень Леанід Судаленка.
Пакараньні за «парушэньне вызначаных парадкаў адбыцьця пакараньня» ў месцах зьняволеньня пералічаныя ў пункце 1 артыкула 112 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Сярод іх вымова, пазачарговае дзяжурства па прыбіраньні, пазбаўленьне перадачы альбо спатканьня. Пад нумарам 6 у гэтым пункце пазначана ШІЗА — «зьмяшчэньне асуджаных у штрафны ізалятар з вывядзеньнем альбо без вывядзеньня на працу альбо вучобу». У ранейшай рэдакцыі Кодэксу было напісана, што тэрмін гэтага пакараньня — да 10 дзён. Цяпер — да 15.
«Слова «дзесяць» замяніць словам «пятнаццаць»», — сказана ў новым законе, што азначае павелічэньне максымальнага аднаразовага тэрміну пакараньня ШІЗА ў паўтара раза — да 15 дзён.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які падчас зьняволеньня адбываў у ШЫЗА 10 дзён, камэнтуе новаўвядзеньне:
«Здаецца, усяго на 5 дзён больш, але гэта сур’ёзна. Будзе цяжка вытрымаць. Мне ўжо на 7—8-ы дзень стала псыхалягічна вельмі цяжка, бо сядзеў у адзіночцы і марыў, каб хутчэй закончыліся тыя 10 дзён.
І фізычна гэта складана. Але ёсьць і другі бок праблемы: калі хочуць пакараць больш жорстка, дык за адным тэрмінам даюць новы, і цяпер усяго адно такое падаўжэньне ператворыцца ў месяц ШІЗА. А месяц у тых умовах — гэта моцны ўдар як па здароўі, так і па псыхіцы вязьня. То бок адназначна гэтае павелічэньне дасьць турэмнікам новыя магчымасьці для захадаў, якія я лічу фактычна катаваньнем», — кажа Леанід Судаленка.
Праваабаронца мяркуе, што павелічэньне тэрміну адседкі ў ШІЗА з 10 да 15 дзён пралабіявалі прадстаўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў, бо менавіта гэтая структура кантралюе і карае больш за тысячу беларускіх палітвязьняў.
«Гэтак Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў аблягчае працу сваім супрацоўнікам. Неяк я назіраў, як ім складана прыдумляць парушэньні, каб на загад скласьці на палітвязьня пратакол. Мне такія рапарты складалі за незашпілены гузік, за выпадкова няўлічаную зубачыстку, за тое, што ня ўбачыў кантралёра, калі той падышоў за сьпінаю. Бачыў, як некаторыя ахоўнікі адводзілі вочы, калі складалі тыя рапарты, ім было сорамна. Дык цяпер рапартаў будзе менш, адпаведна, і менш маральных пакут. У паўтара раза! Яўна гэта Дэпартамэнт праціснуў той закон, каб мець яшчэ большую ўладу над палітвязьнямі. У маім атрадзе, калі вызваляўся, да траціны былі палітвязьні, над імі ахоўнікам быў патрэбен жорсткі кантроль. У тым ліку праз ШІЗА ці пагрозу ШІЗА. Цяпер ім будзе лягчэй», — кажа Леанід Судаленка.
Зьмены ў пакараньнях для асуджаных на «хімію»
Зьмена ў 55 артыкуле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу з 10 да 15 сутак павялічвае і пакараньне «дысцыплінарнай ізаляцыяй» гэтак званых «хімікаў» — асуджаных на абмежаваньне волі з накіраваньнем ва ўстановы адкрытага тыпу.
Былы палітвязень Лявон Халатран, які адбываў пакараньне «хіміяй» у Камянецкім раёне, згадаў пра ўмовы, у якіх апыналіся пакараныя «дысцыплінарнай ізаляцыяй».
«Падчас «хіміі» пры парушэньні ў нас адпраўлялі ў райцэнтар, пасядзець у мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня. Ці быў гэта асобны карцар, ня ведаю. Хлопцы, якія там пабывалі, расказвалі пра звычайную камэру».
Паводле былога «хіміка», ізаляцыяй каралі за парушэньні на працы, адсутнасьць у інтэрнаце ў належны час альбо за ўжываньне алькаголю. Лявон Халатран мяркуе, што павялічэньне для «хімікаў» тэрміну пакараньня ізаляцыяй зьвязана з тым, каб аблегчыць працу ахоўнікам.
«Гэта каб аблегчыць ім справаводзтва, бо падаўжэньне з аднаго тэрміну да двух — таксама праца. А тут адразу далі 15 сутак ізалятара, і галава не баліць!»
Пасылкі і спатканьні
Праўкі ў іншыя артыкулы Крымінальна-працэсуальнага Кодэксу зьменяць яшчэ некаторыя парадкі ў месцах зьняволеньня. Так, вязьні змогуць атрымліваць не адну, а дзьве рэчавыя пасылкі за год, альбо па ўласнай заяве замяніць кароткачасовае спатканьне на відэазванок працягласьцю 60 хвілін. Таксама даецца магчымасьць адмовіцца ад доўгатэрміновага спатканьня на карысьць кароткатэрміновага.
Праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што такія новаўвядзеньні ня зробяць парадкі ў калёніях і турмах больш лібэральнымі.
«Гэта не палёгка, а паказуха для правяраючых і гасьцей. Маўляў, глядзіце, у нас вязень сам вырашае, на які час яму лепш сустракацца са сваякамі. Але ў рэальнасьці адміністрацыя можа ўвогуле пазбавіць вязьня спатканьняў, гэты від пакараньня не адменены, адносна палітычных ён часта ўжываецца. Мяне дык усіх доўгатэрміновых спатканьняў пазбавілі, відэазванкоў зусім не было. Ведаю выпадкі, калі палітвязень падаваў заяву на спатканьне і неўзабаве адпраўляўся ў ШІЗА нібыта за парушэньне формы адзеньня», — згадаў праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка.
Каментары